Што будзе з нашымі сацыяльнымі профілямі пасля смерці?
30.05.2019

Што будзе з нашымі сацыяльнымі профілямі пасля смерці?

Як смерці змяняюць сацсеткі ды інтэрнэт-права, тлумачыць даследчыца Цэнтра інтэрнэт-права Лёвенскага каталіцкага ўніверсітэта Юлія Мядзвецкая.

Колькасць мёртвых профіляў на Facebook да 2070-га года перавысіць колькасць жывых карыстальнікаў – такія звесткі падае нядаўняе даследаванне Оксфардскага ўніверсітэта. Заканамерна паўстае пытанне: што станецца з усёй гэтай лічбавай спадчынай? Юлія Мядзвецкая на сайце Цэнтра новых ідэй шукае адказы

Пачнем з Facebook: як ён вырашае пытанне мёртвых профіляў?

Кожны карыстальнік Facebook можа вызначыць яшчэ пры жыцці лёс свайго акаўнта post mortem. Гэтак можна надаць яму памятны статус альбо ўвогуле выдаліць. Для акаўнтаў у памятным статусе можна прызначыць захавальніка, акрэсліўшы, да якой менавіта інфармацыі ў профілі ён будзе мець доступ.

Ні пры якіх умовах захавальнік не зможа чытаць асабістыя паведамленні.

Таксама некалькі тыдняў таму Facebook паабяцаў выкарыстоўваць штучны інтэлект для выяўлення акаўнтаў памерлых карыстальнікаў, каб пазбегнуць напамінак аб днях нараджэння нябожчыкаў і адлюстравання іх профіляў у раздзеле “Вы можаце іх ведаць”.

З Facebook зразумела, а што наконт Google?

Google таксама прапануе сваім карыстальнікам вызначыць лёс іх акаўнта, калі з імі нешта здарыцца. Так кожны можа ўсталяваць перыяд бяздзейнасці акаўнта, напрыклад, тры месяцы, і прызначыць давераную асобу, якой Google паведаміць пра працяглую адсутнасць вашай актыўнасці. Таксама для карыстальнікаў Gmail ёсць магчымасць наладзіць аўтаадказчык, каб усе, ад каго будуць прыходзіць лісты, атрымалі паведамленне пра неактыўнасць акаўнта.

Ці існуе права на абарону нашых персанальных звестак пасля смерці?

У большасці краін гэтае пытанне застаецца нявырашаным. У авангардзе Францыя, дзе ў 2016-ым быў прыняты закон, які дазваляе кожнаму вырашыць, што будзе з яго персанальнымі звесткамі пасля смерці і прызначыць прадстаўніка, які зоймецца выкананнем пакінутых інструкцый.

Калі разумець пад персанальнымі дадзенымі любую інфармацыю, якая дазваляе ідэнтыфікаваць фізічную асобу, іншымі словамі, жывога чалавека, то высокі стандарт абароны персанальнай інфармацыі не распаўсюджваецца на памерлых. У той жа час не ўсё так проста, бо памерлыя не існавалі ў вакууме і перапісваліся з другімі асобамі, якія, у сваю чаргу, маюць права на абарону прыватнасці жыцця.

А калі права мёртвых акажацца ў калізіі з правам жывых?

Афіцыйная пазіцыя Facebook і шэрагу іншых анлайн-платформ – не даваць доступ да акаўнтаў сваіх карыстальнікаў нават самым блізкім сваякам на падставе прыярытэту абароны прыватнасці асабістага жыцця. Што калі карыстальнік хаваў ад усіх сваю сексуальную арыентацыю, рэлігійныя ці філасофскія погляды, адзюльтэры, і не хацеў, каб гэтая інфармацыя ўсплыла на паверхню нават пасля смерці?

Права на абарону персанальных дадзеных пасля смерці можа аказацца ў калізіі з жаданнем нашых блізкіх зразумець нас лепш.

Гэта асабліва актуальна ў выпадку суіцыду або невытлумачальнай смерці, калі ключ да разгадкі таямніц душы можа быць знойдзены ў тым ліку ў нашым профілі на Facebook. Так, да прыкладу, у Германіі бацькі звярнуліся ў суд, каб атрымаць доступ да акаўнта Facebook сваёй трагічна загінулай 15-гадовай дачкі. А ў ЗША дзяржаўныя органы запыталі Yahoo пра доступ да акаўнта аднаго з карыстальнікаў, каб зразумець, як ён ставіўся да сваіх сваякоў і на гэтай аснове распарадзіцца яго ўласнасцю пры адсутнасці завяшчання.

У абодвух выпадках суд, прызнаўшы фундаментальнае права на абарону асабістага жыцця, стаў на бок жывых і падтрымаў абарону іх легітымных інтарэсаў.