
Кангрэс даследчыкаў Беларусі вяртаецца – гэтым разам у Вільню
Акадэмічным партнёрам Кангрэсу выступае Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт. Заяўкі на ўдзел яшчэ прымаюцца – да 25 мая.
Падчас VII Кангрэса даследчыкаў Беларусі ў Варшаве. Фота: Белсат
Пасля перапынку – у мінулым годзе Кангрэс даследчыкаў Беларусі не ўдалося правесці дома, у Мінску – цэнтральнае акадэмічнае мерапрыемства году пройдзе ў літоўскай сталіцы. На прэс-сняданку ў Мінску нязменны кіраўнік Кангрэсу, дырэктар Інстытута «Палітычная сфера», доктар Андрэй Казакевіч падкрэсліў, што мерапрыемства страціла год, але не страціла ўдзельнікаў
— Нагадаю, што ідэя правядзення Кангрэсу ўзнікла на сустрэчы беларускіх і літоўскіх даследчыкаў у 2010 годзе. Планавалі, што гэта будзе рэгулярная канферэнцыя на 100 удзельнікаў, але ўжо першы конкурс на Кангрэс у 2011 годзе паказаў вялікую запатрабаванасць такой пляцоўкі – удзельнічала 250 даследчыкаў, вельмі хутка колькасць вырасла да 550 чалавек, зараз прыблізна ў гэтых межах колькасць удзельнікаў і ўсталявалася. Ужо пададзена 150 заявак, разлічваем, што будзе ізноў больш за 500. Удзельнічаюць навукоўцы і з дзяржаўных, іp недзяржаўных установаў, таксама будуць і замежныя цэнтры.
Што будзе?
Будзе працаваць 18-19 секцый, 60-65 тэматычных панэляў, 5-7 круглых сталоў па сучасных праблемах Беларусі, пройдзе цырымонія ўзнагароды Прэміяй за лепшую публікацыю па выніках 2018 года.
– Гэта яшчэ адна наша місія, адзначэнне найлепшых даследчыкаў незалежным журы.
Андрэй Казакевіч сфармуляваў папярэдняя кола тэмаў Кангрэсу.
1. Сусветная палітыка і бяспека з улікам уплыву на наш рэгіён зменаў у міжнародным асяроддзі – новай знешняй палітыкі Злучаных Штатаў Амерыкі, узмацнення Кітаю, расійскага фактару.
2. Еўразійская інтэграцыя, якая, як вядома, зараз у крызісе. Адказваючы на пытанне zautra.by, Андрэй Казакевіч сказаў, што накіраваныя запрашэнні расійскім даследчыкам і не толькі, «пакуль не хацелася б называць асобы, але, спадзяемся, расійскі бок будзе сур'ёзна прадстаўлены».
3. Урбаністыка і развіццё гарадоў.
4. Няроўнасць рэгіёнаў – разрыў паміж Мінскам і рэгіёнамі, які толькі павялічваецца апошнія гады.
5. Структурныя рэформы і эканамічны крызіс.
6. Медыйныя войны і крызіс СМІ.
7. Праблемы сучаснай адукацыі.
8. Даследаванні да юбілеяў – 450 гадоў Люблінскай уніі, 100 гадоў БССР, 1000 гадоў Берасця.
9. Лінгвістыка – праблема перакладаў, праблема старабеларускай мовы як феномена.
Андрэй Казакевіч падкрэсліў, што ўсяго будзе прадстаўлена 60-65 тэмаў.
ЕГУ і Кангрэс
Кіраўнік аддзелу камунікацыі і развіцця Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту Максімас Мілта зазначыў, што ЕГУ разлічвае на ўцягненне сваіх студэнтаў у сур'ёзную навуку, дзякуючы такому мерапрыемству.
— Гэта будзе цікава для тых, хто яшчэ не стаў навукоўцам, але ў пэўны момант можа стаць такім. Мерапрыемствы Кангрэсу будуць праходзіць у нашых вучэбных карпусах – былым кляштары Аўгустынаў васямнадцатага стагоддзя і касцёле Паны Марыі суцяшэння.
Беларускае люстэрка
Універсітэт Вітаўта Вялікага застаецца ў супрацы з беларускімі арганізатарамі Кангрэсу. Дацэнт Русціс Камунтавічус кажа: «мы адчуваем самі, што мала стасуемся з суседзямі, мала іх ведаем».
— І тут вось амаль уся гуманітарная эліта Беларусі прыязджае да нас – нам нават ехаць нікуды не трэба. Мы бачым, што тут можна абмяркоўваць увесь спектр беларускіх праблем. І заўважу, гэта добра не толькі для беларусаў, гэта патрэбна і нам, літоўцам, каб лепш спасцігнуць сябе і сваю праблематыку. Вось секцыя Вялікага Княства Літоўскага – шчыра кажучы, зараз у Літве зусім не абмяркоўваецца беларускі складнік гэтай дзяржавы і беларускае бачанне ВКЛ. Беларусы – гэта нацыя, з якой літоўцы жылі разам больш, чым з кімсьці яшчэ. Паміж намі мяжы не было з 13 стагоддзя! Беларусі найбольш падобныя да нас з-за гэтай векавой блізкасці, ментальна, культурна. Нашыя філосафы кажуць, што беларусы – гэта люстэрка для літоўцаў, хочаш спазнаць сябе – глядзі на беларуса. Тое, што мы ўцягнутыя ў гэты праект, вельмі важна для літоўскай культуры.
Хатняя перспектыва
Андрэй Казакевіч спадзяецца, што Кангрэс усё ж удасца правесці ў Беларусі.
— У мінулым годзе не атрымалася правесці кангрэс у Мінску, нягледзячы на нашы намаганні і досыць удалыя спачатку перамовы з беларускімі акадэмічнымі ўстановамі, перш за ўсё з БДУ. Гэтага не адбылося, хутчэй, з-за розных бюракратычных прычын. Мы ў гэтым не бачым нейкага палітычнага кантэксту. Паспрабуем правесці кангрэс у Беларусі ў 2020 годзе. Мы ўсё ж такі спадзяемся, што кангрэс пройдзе на тэрыторыі нашай краіны.
Нагадаем, заяўкі на ўдзел у Кангрэсе даследчыкаў Беларусі да 25 мая можна падаць на сайце icbs.palityka.org. Пра акрэдытацыю СМІ арганізатары паведамяць дадаткова.
Нужна свежая аналиткиа? Читайте нас в Telegram и на Яндекс.Дзен