«Расейскую нафту нішто не заменіць», — экспэрт пра заявы Менску наконт пошукаў альтэрнатывы
24.04.2019
Алесь Дашчынскі, Радыё Свабода

«Расейскую нафту нішто не заменіць», — экспэрт пра заявы Менску наконт пошукаў альтэрнатывы

Партнэр кансалтынгавай кампаніі RusEnergy  Міхаіл Круціхін​ лічыць, што альтэрнатыўныя расейскім пастаўкі нафты ў Беларусь праз парты Балтыі ці Ўкраіны — гэта пакуль палітычныя заявы.

«Расейскія пастаўкі нішто ня ў стане замяніць», — сказаў ён у інтэрвію Свабодзе.

Пра арганізацыю такіх паставак да канца 2019 году заявіла Беларуская нафтавая кампанія: альбо праз марскія парты краінаў Балтыі, альбо праз Адэсу і нафтаправод «Адэса — Броды» на Мазырскі НПЗ. Пастаўшчык нафты пакуль ня вызначаны, «усё будзе залежаць ад цаны». Магчыма, гэта будуць пастаўкі з Азэрбайджану, Саудаўскай Арабіі, Нігерыі.

«Адэса-Броды» ў непрацоўным стане»

Міхаіл Круціхін адзначае, што калі гаворка вядзецца пра альтэрнатыўныя расейскім пастаўкі з поўдня, то гэта азначае нафтаправод «Адэса — Броды», які «плянавалі працягнуць да беларускай тэрыторыі, але так і не працягнулі».

«Па ім магла б паступаць нафта з Казахстану альбо з Азэрбайджану праз чарнаморскія парты. Але цяпер ён у непрацоўным стане, па ім практычна нічога не паступае, — кажа экспэрт. — Але нават калі працягнуць гэтую трасу ад Бродаў да Беларусі, аб’ёмы ўсё роўна будуць ня вельмі вялікія»​.

Па словах экспэрта, Беларусь можа атрымліваць нафту праз латвійскія і літоўскія парты, напрыклад, праз Буцінге.

«Ёсьць і трубаправодная траса, хаця яна таксама пакуль у непрацоўным стане, пасьля таго як «Транснефть» абвясьціла яе аварыйнай і адмовілася па ёй пампаваць. Але тут таксама невялікія абʼёмы».

Міхаіл Круціхін. Фота: Радыё Свабода

Паводле Круціхіна, расейскія пастаўкі нафты ў Беларусь нішто ня ў стане замяніць. Таму заявы пра адваротнае «маюць палітычны характар і не заснаваныя на рэальнай лягістыцы і тэхналягічных характарыстыках шляхоў імпарту сырой нафты».

Адкуль праблемы зь якасьцю расейскай нафты для Беларусі?

Паводле Міхаіла Круціхіна, праблема ўзьнікла з прычыны моцна павышанага, амаль у сто разоў, утрыманьня арганічных хлярыдаў у расейскай нафце, якая пастаўлялася на беларускія НПЗ.

«Гэта вельмі сурʼёзна. Гэтую памылку і непрыемнасьць прызналі ў кампаніі «Транснефть», якая пастаўляе расейскую сумесь на беларускія заводы. І абяцалі выправіць гэтую памылку. Але, мяркуючы па ўсім, яе выправяць цягам 8–10 дзён. І пасьля гэтага праблемы зь якасьцю расейскай нафты ў Беларусі ня будзе. Усё астатняе, апроч гэтай тэхнічнай непрыемнасьці, — гэта палітыка».

Партнэр кансалтынгавай кампаніі RusEnergy кажа, што памер кампэнсацыі будзе залежаць ад узроўню шкоды, нанесенай абсталяваньню на беларускім НПЗ.

«Пашкоджаньне абсталяваньня магчымае, бо ад гэтых хлёрарганічных злучэньняў найперш церпяць каталізатары, устаноўленыя на НПЗ. Гэта даволі дарагая рэч, але замена іх каштуе не такіх ужо вялікіх грошай у расейскіх маштабах.

Але гэта зноў жа спрэчка гаспадарчых субʼектаў з прычыны невыкананьня ўмоў складу нафты, якая пастаўляецца, а не палітыка. Вось палітыка пачынаецца, калі пойдуць заявы, што мы цяпер будзем атрымліваць нафту зь іншых крыніцаў. Там ужо ніякіх камэнтароў з боку тэхнічных экспэртаў даць немагчыма».

 «Беларусь ня будзе спыняць транзыт»

Ці можа Беларусь ажыцьцявіць свае ранейшыя абяцаньні і прыпыніць транзыт расейскай нафты ў Эўропу?

Паводле Міхаіла Круціхіна, у студзені 2007 году ўжо прымалася рашэньне закрыць нафтаправод «Дружба».

«Пакінуць для двух беларускіх заводаў 18 мільёнаў тон нафты ў год, а ўсё астатняе замест «Дружбы» накіраваць у расейскія парты на Балтыцы, каб не было ніякага транзыту і ніякіх спрэчак зь Беларусьсю. Ад таго часу трубу абмежаванай магчымасьці пабудавалі да Усьць-Лугі ад насоснай станцыі Ўнеча. Але яна не працуе як замена «Дружбы», — кажа экспэрт.

Ён перакананы, што Беларусь ня будзе спыняць транзыт, бо «гэта ж частка прыбыткаў беларускага бюджэту».

Последнее в рубрике