Хто мае здольнасці стаць беларускім Зяленскім? 
22.04.2019
Андрэй Дынько, Наша ніва

Хто мае здольнасці стаць беларускім Зяленскім? 

Макс Корж, напрыклад, і папулярны, і мае абсалютны новы стыль камунікацыі, і шалёна таленавіты, і разумны, і «свой пацан».

Макс Корж. Фота: Наша ніва

Бо ж феномен Зяленскага мае два бакі. З аднаго боку, гэта было не галасаванне «за», а галасаванне «супраць» - і супраць Парашэнкі, і супраць усіх старых палітыкаў па прынцыпе «хай гірший, аби інший». З другога боку, менавіта Зяленскі «папаў у струмень», спадабаўся новаму пакаленню сваім абсалютна новым і нефармальным стылем паводзін і камунікацыі — жартаўлівым, без пафасу, сацсеткавым, антыпалітычным.

Але мець здольнасці — не значыць стаць. Феномен Зяленскага магчымы ў краіне, дзе ёсць свабодныя выбары і лічаць галасы. Нават калі Корж страціў бы сваю суперпрагматычную галаву і пайшоў у палітыку (што ўжо немагчыма), і яго зарэгістравалі б кандыдатам (што немагчыма ў квадраце), то хто палічыць яго галасы?

Украіна — самастойная дзяржава, тады як у Мінску пры цяперашняй сістэме адносін з Расіяй будзе кіраваць той, каму Масква згодная даваць 4 ярды баксаў, і так доўга, як яна гатовая яму іх даваць.

Больш за тое, на любую пагрозу гэтаму статус-кво Расія можа адказаць акупацыяй і заменай кіраўніка яшчэ больш прарасійскім. А з гэтым рызыкаваць нельга: не тая сітуацыя.

У адрозненне ад дэмакратыі, пры дыктатуры «надоел» — не нагода для перамен.

Хай гэта гучыць банальна і непапулярна, але тут толькі «будзённая і шэрая» праца тысяч людзей рыхтуе глебу для змены сістэмы ў момант, калі збягуцца спрыяльныя для таго геапалітычныя абставіны.

Последнее в рубрике