12.04.2019
Іна Студзінская, Радыё Свабода

Параўнаньне, спагада, зайздрасьць? Чаму беларусаў цікавяць прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне

Свабода апытала розных людзей у Беларусі , чаму яны сочаць за прэзыдэнцкімі выбарамі ва Ўкраіне, дзе ў другі тур выйшлі дзейны кіраўнік дзяржавы Пятро Парашэнка і актор Уладзімір Зяленскі. Галасаваньне мае адбыцца 21 красавіка.

«Гэта як працяг сэрыялу «Слуга народу», толькі ў рэальным жыцьці»

Павал Белавус, кіраўнік крамы Symbal.by, арганізатар канцэртаў #БНР100 і #БНР101

Павал Белавус

​«Выбары ва Ўкраіне цікавыя ў першую чаргу тым, што там ёсьць рэальная канкурэнцыя. Гэта як футбол: ты ня ведаеш да канца, хто пераможа. Ёсьць цікавая палітычная барацьба, ёсьць гульня. За адсутнасьцю такой інтрыгі ў нас даводзіцца сачыць за выбарамі ў суседзяў.

Па-другое, сам па сабе кейс цікавы: мінулыя выбары прайшлі прадказальна, усе ведалі, што пераможа Парашэнка. А тут перамагае чалавек, якога і ў Беларусі шмат хто ведае па фільмах і перадачах. Гэта як працяг таго вядомага сэрыялу «Слуга народу», толькі ў рэальным жыцьці.

Па-трэцяе, цікава паглядзець, як абодва прэтэндэнты выкарыстоўваюць новыя мэдыі для таго, каб дагрукацца да сваіх патэнцыйных выбарцаў.

Да прыкладу, Зяленскі актыўна карыстаецца супэрпапулярнай моладзевай сацыяльнай сеткай tik-tok, у якой сядзяць школьнікі і студэнты. А Парашэнка таксама не адстае і стварыў Telegram-канал, у якім мабілізуе людзей на актыўнасьць. Абодва ствараюць відэакантэнт, ажыятаж, батлы».

«Флюіды, уплывы з Украіны, вольныя і нявольныя, дойдуць і да Беларусі»

Алесь Бяляцкі, старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна»

Алесь Бяляцкі

«Украіна — наш найбліжэйшы сусед, і для нас вельмі важна, каб там ішла дэмакратычная трансфармацыя, каб там працягваліся дэмакратычныя зьмены, каб Украіна была праэўрапейскай краінай. Таму што вось гэтыя флюіды, уплывы з Украіны, вольныя і нявольныя, дойдуць да Беларусі. І чаго б ні хацелі беларускія ўлады, гэта ў пэрспэктыве павядзе да станоўчых зьменаў і ў нас.

І важна таксама, каб зьмены ва Ўкраіне адбываліся мірным шляхам, каб вакол Беларусі не было ваенных канфліктаў, каб не пагаршалася сытуацыя вакол Беларусі.

Сёлетняя агітацыйная кампанія значна лепшая, чым папярэдняя, рэйтынгі кандыдатаў — рэальныя, і гэта заслуга цяперашнаяй улады Ўкраіны».

«Мы можам трапіць у такую ж складаную сытуацыю, як і Ўкраіна»

Радзім Гарэцкі, акадэмік і грамадзкі дзеяч

Радзім Гарэцкі

«Канечне, беларусам цікавыя выбары ў суседзяў. Асабіста я за ўкраінцаў вельмі перажываю. Гэта ж нашы браты, мы заўсёды сябруем. Мовы нашы такія зразумелыя для абодвух народаў!

Да таго ж мы можам трапіць у такую ж складаную сытуацыю, як і Ўкраіна. Я вельмі шкадую ўкраінцаў, ім зараз вельмі цяжка. Сэрца за іх баліць, хачу, каб у іх было ўсё добра.

А вось за каго галасаваць, гэта ўжо мне незразумела, у іх такая блытаніна і такія нечаканыя для мяне вынікі. Але, мне здаецца, Уладзімер Зяленскі — даволі цікавы хлопец, я раней яго амаль ня ведаў».

«Гэта і нашы надзеі на вольную краіну»

Сьвятлана Калінкіна, журналістка

Сьвятлана Калінкіна

«Я думаю, ня толькі беларусаў цікавяць украінскія выбары, а многіх цікавяць яны на постсавецкай прасторы.

Што тычыцца беларусаў, то для нас, па-першае, гэта блізкія суседзі; па-другое, гэта краіна, якая здолела зьдзейсьніць тое, пра што мы толькі марым; па-трэцяе, пагроза, зь якой сутыкнулася Ўкраіна, — гэта таксама прамая пагроза і для нас. І таму мы асабліва пільна сочым за тым, што адбываецца ва Ўкраіне. Я думаю, што беларусы і параўноўваюць, і назіраюць, і шукаюць нейкія пэрспэктывы для сябе ва ўсім, што тычыцца і прэзыдэнцкіх выбараў, і парлямэнцкіх, і рэформаў, і Майдану, і запрашэньня замежнікаў на пасады міністраў. Карацей, для нас гэта ў пэўным сэнсе такі экспэрымэнтальны палігон.

На Расею мы раўняцца ня хочам, на Польшчу і больш заходнюю Эўропу яшчэ мэнтальна не гатовыя, а Ўкраіна — гэта той фасончык, які мы гатовыя на сябе прымяраць. Ну і прымяраем. І яшчэ шмат у чым зайздросьцім. Гэта і нашы надзеі на вольную краіну, у першую чаргу. На выбары, на палітычныя зьмены, на рух у заходнім кірунку, на многае — таму мы і сочым так пільна за ўсім, што там адбываецца, перажываем, спрачаемся, нібыта мы самі ўдзельнікі тых падзей. Ну, і па-другое, калі ў сваёй краіне няма палітыкі, то, канечне ж, пачынаеш цікавіцца палітыкай тых краінаў, дзе яна ёсьць».

«Беларусы — народ, які зайздросьціць усім, хто мае штосьці, чаго самі ня маюць»

Аляксандар Фядута, публіцыст, літаратар

Аляксандар Фядута

​«Цікавімся ўкраінскімі выбарамі таму, што ў нас няма сваіх выбараў. А беларусы — народ, які зайздросьціць усім, хто мае штосьці, чаго мы самі ня маем.

І зараз, калі пройдзеце па вуліцах і пачняце размаўляць зь людзьмі ці праедзеце ў таксоўцы і паразмаўляеце з таксістам пра тое, што адбываецца ва Ўкраіне, пачуеце: «А чаго ім яшчэ трэба? Навошта ім усе гэтыя перамены?“ І ў гэтым сэнсе наш прэзыдэнт цалкам адлюстроўвае той настрой, які ёсьць у грамадзтве. Сапраўды: а навошта нейкія перамены? Чаго гэтыя ўкраінцы яшчэ жадаюць? Непатрэбна ім гэта. Мы ня маем — і вы ня майце, сядзіце і маўчыце», — думае большасьць беларусаў».

Што трэба ведаць пра прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне

Выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбыліся 31 сакавіка 2019 году.

Па выніках падліку галасоў мусіць адбыцца другі тур выбараў. У другі тур выйшлі шоўмэн Уладзімір Зяленскі (за яго прагаласавалі 30,24% выбарнікаў) і дзейны кіраўнік краіны Пятро Парашэнка (15,95%). На трэцім месцы па выніках галасаваньня апынулася Юлія Цімашэнка — 13,40%, далей ідуць Юры Бойка (11,67%) і Анатоль Грыцэнка (6,91%).

Другі тур выбараў адбудзецца 21 красавіка.

Прэзыдэнт Украіны выбіраецца на ўсенародных выбарах на пяць гадоў. На гэтую пасаду, як і ў Беларусі, можа прэтэндаваць любы грамадзянін, якому споўнілася 35 гадоў. Заканадаўства абмяжоўвае магчымасьць балятавацца больш чым на два тэрміны.

Ва Ўкраіне парлямэнцка-прэзыдэнцкая форма праўленьня. Як вынік, прэзыдэнт мае абмежаваныя паўнамоцтвы: ён прызначае кіраўнікоў сілавых структураў (Службы бясьпекі, Міністэрства абароны, генэральнага пракурора), мясцовых дзяржаўных адміністрацый. Склад ураду і прэмʼер-міністра выбірае парлямэнт, але кандыдатуру на разгляд Вярхоўнай Рады ўносіць прэзыдэнт на падставе прапановы ўрадавай кааліцыі, сфармаванай у Вярхоўнай Радзе пасьля парлямэнцкіх выбараў.

Прэзыдэнт Украіны не адказвае за эканамічную палітыку, але практычна ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты ў часе выбарчай кампаніі маніпулююць выбарнікамі, абяцаючы зьніжэньне тарыфаў, цэнаў, а таксама павелічэньне заробкаў і пэнсій. У той жа час кіраўнік дзяржавы мае права накладваць вэта на законы, ухваленыя парлямэнтам, і пастановы ўраду ў выпадку іх неадпаведнасьці Канстытуцыі.

Прэзыдэнт Украіны вызначае замежную палітыку і, адпаведна, прызначае міністра замежных спраў.

Адначасова прэзыдэнт Украіны зьяўляецца галоўнакамандуючым Узброеных сілаў і старшынёй Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, склад якой таксама вызначае кіраўнік дзяржавы.

Сёлетнія выбары былі найбольш канкурэнтнымі за ўсю гісторыю незалежнасьці Ўкраіны — для рэгістрацыі кандыдатам у Цэнтральную выбарчую камісію зьвярнуліся амаль 90 грамадзян, былі зарэгістраваныя 44 кандыдаты. Гэта найбольшая колькасьць прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта за ўсе гады незалежнасьці краіны: у 1999 годзе ў выбарах прэзыдэнта Ўкраіны ўдзельнічалі 13 кандыдатаў, у 2004-м — 24, у 2010-м — 18, у 2014-м — 21.

Последнее в рубрике