Эра кіберспорту наступіла. Ці зможа Беларусь на ім зарабіць?
10.04.2019
Глеб Ляпейка, Цэнтр новых ідэй

Эра кіберспорту наступіла. Ці зможа Беларусь на ім зарабіць?

Беларуская дзяржава пакуль асабліва не цікавіцца кіберспортам – а дарэмна, бо гэта магло б прыносіць вялікія грошы.

Праз два гады ў ЗША кіберспорт будзе больш папулярны за ўсе віды спорту, за выключэннем амерыканскага футбола. Ужо цяпер у свеце кіберспорт глядзяць прынамсі раз у месяц каля 200 млн чалавек. У сферы таксама хапае буйнога бізнесу, напрыклад, Mercedes з 2017 года раздае па аўтамабілі найлепшым гульцам кожнага турніру ESL па DOTA 2.

У беларускіх кіберспартоўцаў “мэрсаў” пакуль няма, але ў нас ёсць сапраўды таленавітыя гульцы. Сама ж краіна, калі адчыніць дзверы для гэтай сферы, можа шмат зарабляць на кіберспартыўных турыстах і стаць больш прэстыжнай і прывабнай для моладзі − асноўнай аўдыторыі такіх спаборніцтваў.

1. Кіберспорт – гэта не проста камп’ютарныя гульні

У 2019-ым годзе памер рынку кіберспорту перакрочыць 1 млрд долараў і кожны год ён расце больш чым на 20%. Калі ў сферу прыйшлі грошы, зарабляць пачалі ўсе: буйныя брэнды, кампаніі па продажы гульнявых прылад і электронікі, з’явіліся нават кіберспартыўныя СМІ.

Кіберспартоўцы – гэта не звычайныя аматары, якія бавяць час перад камп’ютарам. Яны шмат працуюць: трэніруюцца па 10-12 гадзін у дзень перад важнымі турнірамі, даюць інтэрв’ю і здымаюцца ў рэкламе. Нават на постсавецкай прасторы прафесійныя гульцы добра зарабляюць − у сярэднім каля трох тысяч еўра. Але галоўны даход − гэта турніры. Найбуйнейшы чэмпіянат па DOTA 2 – The International – у мінулым годзе меў прызавы фонд у 25,5 млн долараў. Каманда-пераможца з пяці гульцоў атрымала 11,1 млн долараў.

На кіберспорце могуць зарабіць нават гарады, дзе пра кіберспорт дзесяцігоддзе таму ніхто і не чуў. З 2013-га года ў польскім Катавіцэ праходзяць вялікія турніры па CS:GO. У 2019-ым годзе на буйны кіберспартыўны івент, які працягваўся каля дзесяці дзён, прыехалі 173 тыс. чалавек, яшчэ некалькі мільёнаў глядзелі трансляцыі ў інтэрнэце. На рэкламе горад зарабляе каля 27 млн долараў, а кожны госць, які спаў не ў машыне або ў сяброў, выдаткаваў у горадзе сярэдне 163 долараў. Пра тое, колькі людзей шукае ў Google інфармацыю пра горад падчас турніраў, можна і не казаць.

2. У Беларусі ёсць федэрацыя кіберспорту, 250-300 тысяч аўдыторыі і нават некаторыя дасягненні

Але Беларуская федэрацыя кіберспорту (БФК) − гэта проста грамадскае аб’яднанне, у офісе якога працуе 7 чалавек. Яно не атрымлівае грошай з бюджэту і ўвогуле не мае сувязяў з урадам. Па ацэнцы БФК, у Беларусі прыкладна 250 тыс. чалавек прынамсі раз у месяц «дакранаюцца» да кіберспорту. А вось хаця б раз на тыдзень — значна менш: каля 30 тысяч чалавек.

Большасць беларускіх турніраў маюць прызавы фонд у некалькі тысячаў долараў. Але ў 2016-ым на «Мінск-Арэне» прайшоў турнір па DOTA 2 і CS:GO ад украінскай кампаніі Starladder і кітайскай i-League з прызавым фондам у 500 тысяч долараў. Але гэта адзіны такі поспех.

Pavaga Gaming, адна з трох топавых беларускіх кіберкамандаў, у студзені выйграла турнір па DOTA 2 і атрымала 40 тысяч долараў — гэта найлепшы вынік беларускіх кібергульцоў у апошні час. Праўда, на мінулым тыдні пяцёрка «доцераў» разышлася.

Бізнес усё часцей укладваецца ў кіберспорт. «5 элемент» спансуе турнір «Битва городов», а «Альфа-Банк» запусціў сумесны праект з БФК − можна замовіць карту з гульнявым дызайнам і сваім нікнэймам, а банк аддасць частку грошай на прызавы фонд турніраў МЭТА. Бізнесу гэта цікава, таму што кіберспартыўныя заўзятары − адна з самых недаступных, закрытых аўдыторый.

3. Улады не перашкаджаюць развіццю кіберспорту, але і не дапамагаюць яму

Галоўнае і амаль што адзінае, што ўлады могуць зрабіць для кіберспорту, − афіцыйна прызнаць яго відам спорту. Спартыўная федэрацыя зможа хутчэй і танней атрымліваць пляцоўкі для турніраў. Для чыноўнікаў кіберспорт будзе ўжо не проста чымсьці незразумелым, а гульнёй, якая мае ты ж правы, што і футбол ці, напрыклад, шахматы (па якіх мы, дарэчы, праводзім Алімпіяду). Афіцыйна прызнаны спорт зможа прэтэндаваць хоць на нейкія грошы з бюджэту − іншае пытанне, што кіберспорту гэта не так ужо і трэба. БФК ужо колькі год дамагаецца прызнання кіберспорту. Але Мінспорту чакае, пакуль кіберспорт падтрымае Нацыянальны алімпійскі камітэт, а той − пакуль падтрымае Міністэрства спорту.

Але нельга сказаць, што дзяржава наагул ігнаруе кіберспорт. Запусціць турнір «Битва городов» атрымалася шмат у чым дзякуючы БРСМу, які дапамог дамовіцца з мясцовымі ўладамі. Будзе кіберспорт і на Еўрапейскіх гульнях, дзе пройдуць паказальныя выступленні па FIFA. Насустрач кіберспорту нечакана ідзе Мінадукацыі. Універсітэты згаджаюцца падтрымаць турніры, а БФК сумесна з міністэрствам у верасні запусціць «гурток» па кібергульнях. Мінадукацыі нават падпісала пастанову № 123, дзе кіберспорт уваходзіць у праграму дадатковай адукацыі.

Беларусь у цэлым магла б зарабляць на кіберспорце, хоць, канешне, немагчыма сказаць колькі. Усё працуе як у звычайным спорце − на турніры прыязджаюць турысты, брэнды плацяць за рэкламу, можна браць падатак з прызавых. Але ёсць важнае адрозненне: дзяржаве не трэба будаваць арэны за мільёны долараў.

Последнее в рубрике