03.04.2019
Уладзь Грыдзін, Радыё Свабода

«10 тысяч гадзін — і вы экспэрт у любой сфэры». Мэнэджэр па пэрсанале тлумачыць, як беларусам выжыць у лічбавай эканоміцы

Працаваць па восем гадзін ужо неактуальна, а сучасная кар’ера ўключае ў сябе як прафэсійны рост, так і падзеньні. Адна з самых дасьведчаных у Беларусі HR-кансультантаў (мэнэджэраў па пэрсанале), у актыве якой праца ў буйных ІТ-кампаніях, Аміна Ідыгава зь Менску тлумачыць, што адбываецца з ІТ-сфэрай у Беларусі і якое месца краіны на ўсясьветным рынку.

Аміна Ідыгава. Фото: Uladz Hrydzin (RFE/RL)

Зналася на кампутары, але ўзялі праз прыгожы голас

Спэцыялісты з аддзелу кадраў пачалі зьнікаць. На зьмену ім прыходзяць мэнэджэры human resources — так у сучасным сьвеце называюць чалавека, які працуе зь людзьмі ў кампаніі. Тым больш у сфэры IT, дзе кожны павінен быць знаёмы зь лічбавымі тэхналёгіямі.

«Мода на HR прыйшла да нас параўнальна нядаўна, гадоў 20 таму. У гэты панятак уваходзіць цэлы набор сэрвісаў па абслугоўваньні жыцьцёвага цыклю супрацоўніка ў кампаніі. І яны пачынаюцца нашмат раней, чым найманьне», — тлумачыць незалежная кансультантка па кіраваньні пэрсаналам Аміна Ідыгава.

Яна працуе ў гэтай сфэры зь дзевяностых, а ў IT трапіла амаль выпадкова — у 1998-м. Пазьней даведалася, што працу атрымала дзякуючы прыгожаму голасу, а не прафэсійным здольнасьцям. Але наймальнік не памыліўся.

Маладая спэцыялістка добра ведала замежную мову і ўжо тады ўмела абыходзіцца з кампутарам. За апошнія два дзясяткі гадоў яна пасьпела папрацаваць у Беларусі, Украіне, Расеі ды ЗША як HR-мэнэджэр і бізнэс-партнэр па працы з пэрсаналам. Яна супрацоўнічала з буйнымі міжнароднымі IT-кампаніямі, сярод якіх EPAM, Wargaming, Flextronix, Exigen ды іншыя.

«Цяпер у якасьці незалежнага кансультанта я дапамагаю кампаніям зрабіць аўдыт HR-працэсаў, збудаваць жыцьцёвы цыкль супрацоўнікаў і запусьціць сэрвісы вакол яго», — тлумачыць суразмоўца.

Папрацаваўшы ў вялікіх кампаніях, Аміна вырашыла будаваць сольную кар’еру: асвойвае аналітычныя інструмэнты, а таксама тэхналёгіі працы зь вялікімі дадзенымі і блокчэйнам, «з зайздрасьцю» пазірае на сфэру штучнага інтэлекту.

Дагэтуль ня маючы дыплёма аб вышэйшай адукацыі, чытае курсы па трэндах у найманьні і кіраваньні пэрсаналам для студэнтаў ЭГУ і БДУ.

«Дзяўчаткі з балёнікамі» і гендэрная перавага зьнікаюць

Што цяпер адбываецца з прафэсіяй мэнэджэраў па пэрсанале ў ІТ-сфэры? Паводле суразмоўніцы, цяпер недастаткова проста прыемнага голасу. Да яго трэба дадаць веданьне спэцыфічных трэндаў, моваў праграмаваньня.

Часта беларускіх спэцыялістаў па кадрах вінавацяць у непрафэсіяналізьме: маўляў, сярод іх мала адмыслова падрыхтаваных людзей, а агульны ўзровень моцна саступае ўзроўню тэхнічных спэцыялістаў.

«Мушу пагадзіцца, — кажа Аміна Ідыгава. — Я нават сабрала калекцыю традыцыйных „грахоў“ калегаў па індустрыі. Самы актуальны зь іх у тым, што большасьць HR не задумваюцца, за кошт чаго разьвіваецца бізнэс і як вынікі нашай працы ўплываюць на паказчыкі кампаніі. Акрамя таго, многія часта размаўляюць зь бізнэсам мовай праблемаў, а не рашэньняў. Граюць ролю „адваката пэрсаналу“, а не партнэра бізнэсу».

Аднак, кажа суразмоўца, сытуацыя зьмяняецца.

«Зьяўляюцца прафэсійныя супольнасьці, трэнінгі і навучальныя праграмы, пачынае разьвівацца экспэртыза. Прыемна назіраць, як калегі па HR зь „дзяўчатак з балёнікамі“ паступова ператвараюцца ў прафэсійных партнэраў для бізнэсу», — кажа Аміна Ідыгава.

Так, гаворка менавіта пра жанчын, бо мужчыну вельмі рэдка можна сустрэць у гэтай прафэсіі. На думку Аміны Ідыгавай, якасьць камунікацыі ды вышэйшы ўзровень эмпатыі дапамагаюць ім мякчэй вырашаць шматлікія складаныя пытаньні.

«Самае складанае для HR — пачынаць сур’ёзныя зьмены ў сталых працэсах і ўкараняць непапулярныя рашэньні. Напрыклад, сур’ёзныя скарачэньні ці рэструктурызацыю штату, перагляд мадэлі ўзнагароджваньня ды шмат што іншае. Але працэсы дыгіталізацыі і ўкараненьня тэхналёгіяў стварылі ў HR вялікую нішу для мужчын, і гендэрная перавага паступова зьнікае», — кажа незалежная кансультантка.

«У 90% выпадкаў адмаўляюць не праз пол і палітыку»

Адна зь легендаў, якія існуюць вакол прафэсіі HR, — нібыта яны выбіраюць супрацоўнікаў паводле полу, узросту і нават таго, якія выявы чалавек разьмяшчае на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках.

«Вонкава можа здацца, што мы адмовілі некаму з прычыны ягонага полу, зьнешнасьці, палітычных поглядаў ці кантэнту ў сацсетках. Але варта разумець, што ў 90% выпадкаў гэта пустыя казкі, — камэнтуе Ідыгава. — Па вялікім рахунку, HR цікавяць асабістыя і прафэсійныя якасьці кандыдата. Пры найманьні рэкрутэры маюць вельмі практычную задачу — ацаніць чатыры зоны кандыдата: чаго ён хоча, што можа, наколькі ім можна кіраваць, а таксама якія ў яго патэнцыял і прадуктыўнасьць. Дзеля гэтага мы складаем профіль вакансіі і фармуем матрыцу чаканых навыкаў. Звычайна мы даволі дакладна разумеем, каго і навошта шукаем».

Уменьні, на думку экспэрткі, можна атрымаць на курсах ці ва ўнівэрсытэце — гэта ня так істотна. Нехта мусіць прыкласьці больш намаганьняў, нехта — менш.

«Добра атрымліваецца ў тых, хто робіць больш і часьцей, а калі не атрымліваецца, ня кідае. Іншых сакрэтаў уваходу ў IT няма. Узрост і пол не крытычныя, а вось з сувязямі давядзецца грунтоўна папрацаваць, каб займець прафэсійныя знаёмствы і ўвайсьці ў прафэсійныя супольнасьці», — кажа яна.

Бессэнсоўна ацэньваць працу па колькасьці гадзін

Праца ў ІТ не прадугледжвае занятасьці па восем гадзін на дзень. Супрацоўнік можа, напрыклад, прыйсьці а дзясятай гадзіне і сысьці а пятай. Чаму?

«Васьмігадзінны працоўны дзень прымушае блытаць паняткі „занятасьць“ і „прадукцыйнасьць“. Неабходнасьць у нармаваным працоўным рэжыме была пабочным прадуктам індустрыяльнай рэвалюцыі. Яго сэнс быў у тым, каб забясьпечыць максымальную загрузку вытворчых ліній. Праца, якая не патрабуе вялікіх разумовых або творчых высілкаў.

Але ў рэаліях лічбавай эканомікі цалкам бессэнсоўна ацэньваць працу па тым, колькі часу супрацоўнік правёў у офісе. Тым ня менш многія дагэтуль памылкова лічаць, што сувязь паміж колькасьцю гадзін і прадуктыўнасьцю існуе. На шчасьце, дзякуючы нэйрабіялёгіі мы ведаем, што складана захоўваць разумовую або творчую канцэнтрацыю больш за 2 гадзіны. У пэўны момант аддача ад нашых высілкаў пачынае якасна зьмяншацца», — кажа Аміна Ідыгава.

Яна прыводзіць яшчэ адзін аргумэнт супраць васьмігадзіннага працоўнага дня: усе людзі маюць розны біялягічны рытм. Прыслухоўваючыся да яго, яны могуць аддаць прыярытэт таму, што цэніцца ў інфармацыйным грамадзтве найбольш: інавацыям і крэатыўнасьці.

«А як мы ведаем, творчае азарэньне — капрызьлівая рэч, яго нельга выклікаць службовай інструкцыяй або кантролем наведвальнасьці. Таму рэжымы працы робяцца гнуткімі», — кажа яна.

Замест кар’ернай лесьвіцы — рашотка

Для пасьпяховага асабістага разьвіцьця варта ведаць таксама, што рух наперад ужо не азначае толькі ўверх, кажа экспэртка. Рост можа адбывацца па кар’ернай рашотцы — ідэя, якую папулярызуе HR-кіраўніца сеткі кампаній Deloitte, што займаецца кансалтынгам і аўдытам.

Кар’ерная лесьвіца як традыцыйная мадэль кар’ернага росту, дзе толькі адзін шлях — на вяршыню карпаратыўнай герархіі, страчвае сваю актуальнасьць, тлумачыць Аміна Ідыгава.

«Для кар’ернага росту можна перамяшчацца ўверх, убок ці нават уніз. Кар’ерныя лесьвіцы можна злучаць між сабой, як у канструктары Lego. У выніку атрымаецца новая мадэль кар’ернага росту — сетка з кар’ерных лесьвіц».

Паводле яе, істотна разумець, што ключы ад прафэсіі нікому не раздаюць, давядзецца шмат працаваць і ўвесь час вучыцца, падчас працы і па-за ёй.

«Экспэртаў ад неэкспэртаў аддзяляе ў 17 разоў больш практыкі, і ня ўсе да гэтага гатовыя. Людзі спрабуюць знайсьці сваё „пакліканьне“. Запэўніваю вас: тое, на што вы патраціце 10 тысяч гадзін, і зробіцца вашым „пакліканьнем“», — кажа кансультантка па кіраваньні пэрсаналам.

Здымаў пэйзажы для National Geographic, а стварыў аграстартап

Пры належным узроўні крэатыўнасьці, гнуткасьці і прадпрымальніцкіх здольнасьцяў чалавек цалкам можа знайсьці сябе на сутыку часам несумяшчальных сфэр, працягвае суразмоўца.

«Напрыклад, быў чалавек праграмістам, а вырашыў стаць фатографам. Здымаў прыгожыя пэйзажы для National Geographic. Захапленьне аэрафатаздымкай празь некаторы час трансфармавалася ў жаданьне рабіць зь яе дапамогай і „больш карысныя рэчы“ для сельскай гаспадаркі. Пачытайце гісторыю беларускага аграстартапу OneSoil (онлайн-плятформа маніторынгу стану пасяўных плошчаў і павелічэньня ўраджайнасьці з дапамогай дронавых здымак. — РС)».

Аміна Ідыгава кажа, што цяпер на рынку працы вельмі каштоўныя «людзі-гібрыды, альбо злучальнікі сусьветаў», здольныя працаваць на сутыку некалькіх індустрыяў. «За імі посьпех эканомікі будучыні».

Ва ўсясьветным IT Беларусь канкуруе за кошт вопыту

Кансультантка па пэрсанале перакананая, што Беларусь непазьбежна стане часткай эканомікі будучыні, бо буйныя ІТ-карпарацыі ўжо прыходзяць сюды па экспэртызу і рашэньне складаных праблемаў.

Многія беларускія кампаніі, якія раней зараблялі «аўтсорсінгам» (выкананьнем зьнешніх замоваў), ужо не гандлююць таннымі праграмістамі з пагадзіннай аплатай, а займаюцца прадуктавай інтэграцыяй або пастаўкай праграмных рашэньняў «пад ключ».

«Напрыклад, у „партфэлі“ таго ж ЕРАМ аўтсорсінгу цяпер менш за 5% ад агульнай колькасьці праектаў. Разьвіваецца экасыстэма стартапаў, робіцца больш моцных прадуктовых кампаній, — кажа Аміна Ідыгава. — У нашых распрацоўшчыкаў якасная інжынэрная база і высокі ўзровень крытычнасьці, адказнасьці і вынаходлівасьці. Пакуль недастаткова разьвітыя так званыя soft skills, такія як самастойнасьць, сыстэмнасьць, узровень ангельскай мовы... Але і гэта зьмяняецца».

Паводле суразмоўніцы, у сэгмэнце ўсясьветнага IT-сэрвісу Беларусь даўно і пасьпяхова канкуруе ўжо ня дзякуючы нізкім коштам, а праз вопыт, разуменьне спэцыфікі бізнэсу кліентаў і гатоўнасьці вырашаць складаныя праблемы.

«Мае калегі з IT жартуюць: „Пакуль яны думалі, што мы „не“, мы ўжо сталі „так“. Па маіх ацэнках, лякальны IT-рынак за апошнія 10 гадоў сур’ёзна пасталеў, стаў больш сьпелым і прафэсійным“», — мяркуе Аміна Ідыгава.

IT і рэальны сэктар маглі б інтэгравацца

Ці ўдасца пабудаваць у Беларусі Крэмніевую даліну, каля астатняя эканоміка ў заняпадзе? Ці, можа, менавіта ІТ уратуе яе?

«У наступныя 5-8 гадоў пытаньне „IT ці не IT?“ страціць сваю актуальнасьць, — перакананая Аміна Ідыгава. — Многія мясцовыя вытворчасьці ўжо выбудоўваюць IT-экспэртызу. Зазірніце, напрыклад, пад капот у заводаў „Савушкін прадукт“ і зьдзівіцеся ўзроўню рабатызацыі вытворчасьці. Сёньня кампанія актыўна ўводзіць 3D-мадэляваньне і сымуляцыю вытворчых і лягістычных працэсаў, масава аўтаматызуе абсталяваньне і выкарыстоўвае робатаў. У бліжэйшай будучыні там плянуюць стварыць поўны лічбавы двайнік прадпрыемства, каб здымаць вытворчыя паказьнікі онлайн у рэжыме рэальнага часу».

Па словах HR-экспэрткі, узровень банкаўскіх паслуг у нас нашмат больш прасунуты, чым у большасьці краін Эўропы. Каб атрымаць рахунак у большасьці мясцовых банкаў, дастаткова спампаваць мабільны дадатак і «скарміць» яму копію пашпарта — патрэбна менш за хвіліну. Каб заблякаваць рахунак ці перавесьці грошы з рахунку на рахунак, трэба націснуць некалькі кнопак.

«У Францыі, напрыклад, ты будзеш каля шасьці месяцаў стасавацца з банкам праз папяровыя лісты, толькі каб завесьці рахунак. Заблякаваць — яшчэ некалькі месяцаў. А тым часам у Беларусі ўжо легальна можна карыстацца крыптавалютай, а Мінфін публікуе курс біткойна.

Цяпер актыўна разьвіваюцца гарадзкая інфраструктура і будаўніцтва, мэдыцына і фармакалёгія, бія- і нанаінжынірынг, транспарт, фінансавы сэктар і права, экалёгія і аднаўляльная энэргія...»

Самы час распачаць актыўныя дзеяньні, «каб хаця б частка гэтага рынку стала нашай». Дзякуючы ўзроўню беларускай IT-сфэры сцэнар інтэграцыі з рэальным сэктарам можа быць аптымістычны, кажа Аміна Ідыгава.

Последнее в рубрике