Зяленскі ці Парашэнка? Які прэзыдэнт Украіны больш выгадны Беларусі
02.04.2019
Ігар Карней, Іна Студзінская, Радыё Свабода

Зяленскі ці Парашэнка? Які прэзыдэнт Украіны больш выгадны Беларусі

Беларускія палітолягі, экспэрты ў міжнародных адносінах і алімпійскі чэмпіён — пра ўрокі і наступствы прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне для Беларусі.

Уладзімір Зяленскі (зьлева) і Пятро Парашэнка. Фота: Радыё Свабода

Сівіцкі: Для Беларусі найлепшы варыянт — Парашэнка

Дырэктар Цэнтру стратэгічных і замежнапалітычных дасьледаваньняў Арсень Сівіцкі перакананы: самая гарачая барацьба разгорнецца ў другім туры.

—І я ўсё ж такі рызыкну сказаць, што яшчэ ёсьць вялікі шанец, што Пятро Парашэнка здолее перамагчы і стаць яшчэ на 5 гадоў прэзыдэнтам Украіны. Разьвіцьцё падзеяў паводле такога сцэнару будзе добрым для Беларусі, тады захаваецца своеасаблівы статус-кво, то бок істотных зьменаў у замежнай палітыцы Ўкраіны не адбудзецца.

Пры Парашэнку Ўкраіна мае зь Беларусьсю, з аднаго боку, прагматычныя, а з другога — сяброўскія стасункі. Мне здаецца, што пры Парашэнку гэты трэнд захаваецца. І Беларусь была б зацікаўленая ў захаваньні гэтага статус-кво (пра гэта Лукашэнка ўскосна казаў падчас «Вялікай размовы»), — мяркуе Сівіцкі.

Што тычыцца імавернасьці перамогі Ўладзімера Зяленскага, для Беларусі гэта зусім непрадказальны варыянт. Бо гэта кандыдат, які мае агульную праграму, у тым ліку і ў замежнапалітычных прыярытэтах. Але, з улікам таго, што за Зяленскім стаіць алігарх Ігар Каламойскі, перамога Зяленскага непазьбежна прывядзе да перагляду стасункаў зь Беларусьсю, асабліва ў гандлёва-эканамічнай сфэры, мяркуе экспэрт.

— Пры Парашэнку эканамічныя інтарэсы Беларусі цалкам забясьпечаныя, асабліва ў такіх сфэрах, як пастаўкі нафтапрадуктаў. Пры Зяленскім, за якім стаіць Каламойскі, сытуацыя можа зьмяніцца і Беларусь будуць спрабаваць выціснуць з украінскага рынку нафтапрадуктаў, але і ня толькі.

Для Беларусі найлепшы варыянт — Парашэнка. Ён мае цалкам зразумелую замежнапалітычную праграму, не зьбіраецца ісьці на саступкі ў тым ліку і Расеі пры вырашэньні канфлікту на ўсходзе Ўкраіны і ў пытаньні Крыму. Калі прааналізаваць рыторыку Зяленскага, па сутнасьці, ён гатовы сесьці за стол перамоваў з Крамлём і шукаць кампрамісныя варыянты. Гэта азначае — ісьці на саступкі, — выказаўся Арсень Сівіцкі.

Оргіш: Гэта паспрыяе дэмакратычным працэсам у Беларусі

Палітоляг Вячаслаў Оргіш называе выбары ва Ўкраіне яскравым прыкладам адстойваньня дзяржаўнай незалежнасьці — што ў цяперашніх умовах надзвычай важна і для Беларусі.

— Пры ўсіх акалічнасьцях, складанасьцях, якія сёньня існуюць ва Ўкраіне, відавочна адно: трэнд на ўмацаваньне, захаваньне незалежнасьці застаецца прыярытэтным для ўкраінскага народу. Гэта ў пазытыўным сэнсе ўплывае і на грамадзкую думку ў Беларусі, паколькі для нас таксама актуальныя пэўныя праблемы, зьвязаныя з захаваньнем сувэрэнітэту. Таму станоўчы прыклад выбараў ва Ўкраіне здольны паспрыяць дэмакратычным працэсам у частцы адстойваньня незалежнасьці нашай краіны, — кажа экспэрт.

Фэномэн палітычнага ўзьлёту Ўладзіміра Зяленскага палітоляг зьвязвае найперш з надзеямі грамадзтва на вырашэньне праблемных бакоў у палітыцы і эканоміцы. Аднак не бярэцца рабіць нейкія прагнозы вынікаў другога туру.

— Зразумела, людзі заўсёды чакаюць нейкай навізны, і Зяленскі ўсёй сваёй нечаканай палітычнай постацьцю дэманструе: у выпадку яго выбраньня ўсё будзе інакш. І гэта натхняе насельніцтва, электарат. Чакаюць, што здарыцца нешта незвычайнае, таму і аддаюць свае галасы. Тым ня менш паглядзім, чым завершыцца другі тур, бо далёка ня ўсё яшчэ сказана тым жа Пятром Парашэнкам, — мяркуе Вячаслаў Оргіш.

Чавусаў: Істотнага значэньня для Беларусі вынікі мець ня будуць

Палітоляг Юры Чавусаў адзначае, што залішнюю ўвагу беларускіх масмэдыя, у першую чаргу незалежных, і экспэртаў-палітолягаў да выбараў ва Ўкраіне можна лічыць фэномэнам.

—Традыцыйна выбары — што ва Ўкраіне, што ў Злучаных Штатах, ды і ў Расеі — з прычыны прадвызначанага характару палітычнай сыстэмы беларусаў цікавяць ня менш, а часам значна больш за нацыянальныя выбарчыя кампаніі, дзе, апроч таго, што вынік прадказальны, яшчэ і шоў няма, — кажа Чавусаў.

Што да вынікаў выбараў для палітычнага жыцьця Беларусі, то яны, напэўна, ня самыя значныя. На думку палітоляга, падзеі ва Ўкраіне 2013–2014 гадоў, не зьвязаныя з выбарамі, паўплывалі на беларускае палітычнае жыцьцё значна больш, і ў большай ступені прадвызначылі тую замежнапалітычную сытуацыю, у якой цяпер Беларусь знаходзіцца.

— Істотнага значэньня вынікі прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне для Беларусі мець ня будуць. У стратэгічным сэнсе той курс, які праводзіўся Кіевам пры мінулым прэзыдэнце, ня зьменіцца. Так, будзе яшчэ другі тур, перавага новага кандыдата больш значная і прагнозы за тое, што будзе новы прэзыдэнт. Дык вось новаму лідэру наканавана праводзіць тую ж палітыку, якая праводзілася Парашэнкам. Могуць быць пэрсанальныя нюансы, зьвязаныя з аўтарытарным рэжымам у Беларусі, шмат вырашае асабістае стаўленьне беларускага кіраўніка да суразмоўцаў, да ягоных партнэраў у міжнародных стасунках. Але ў дадзеным выпадку, думаю, гэта другаснае.

Ёсьць рэальныя геапалітычныя інтарэсы Беларусі, ёсьць геапалітычная пагроза, агульная для абедзьвюх краінаў, ёсьць імкненьне заняць пазыцыю, якая найбольш адпавядае нацыянальным інтарэсам. Але, мяркую, гэты расклад захаваецца незалежна ад таго, хто будзе засядаць у прэзыдэнцкім офісе ва Ўкраіне.

Мядзьведзь: Зяленскі здаўся мне чалавекам аб’ектыўным

Трохразовы алімпійскі чэмпіён, неаднаразовы чэмпіён сьвету і Эўропы ў вольнай барацьбе Аляксандар Мядзьведзь — ураджэнец Белай Царквы Кіеўскай вобласьці.

Ён даўно жыве ў Беларусі, але ва Ўкраіне засталіся шматлікія сваякі. У інтэрвію Свабодзе кажа, што за выбарчай кампаніяй назірае з «трывогай і спадзяваньнямі».

— Пакуль яшчэ нічога ня вырашана, будзе другі тур. А тое, што на найвышэйшую пасаду прэтэндуе актор, нічога страшнага, мне Зяленскі здаўся чалавекам аб’ектыўным, так што цалкам здольным дапамагчы Ўкраіне. Прынамсі такое склалася першае ўражаньне. Якраз той выпадак, калі новая кроў ва ўладзе не зашкодзіць, — лічыць беларускі спартовец.

Паводле Мядзьведзя, людзі стаміліся ад нявызначанасьці ва ўсходняй Украіне і цяпер гатовыя рызыкнуць: раптам пры новым кіраўніку ўдасца знайсьці іншыя спосабы вырашэньня замарожанай канфліктнай сытуацыі?

— Рэгулярна кантактую са сваякамі, і практычна ўсе наракаюць, што цяперашняе кіраўніцтва зайшло ў тупік. Тое, што адбываецца на Данбасе, ня можа цягнуцца вечна, патрэбны варыянты перамоваў, сілай нічога ня вырашыш. Я разумею, што Парашэнка хоча паказаць, наколькі ён сапраўдны патрыёт, адданы сваёй краіне. Аднак патрэбна крыху больш гнуткасьці, дыпляматычнасьці. Ну і тое, што эканамічны стан людзей ня лепшае, а бізнэс прэзыдэнта квітнее, таксама многіх чапляе за жывое.

Последнее в рубрике