Эксперт: Сельскагаспадарчы сектар мог бы працаваць у 10 разоў круцей за IT
26.03.2019
Наталля Калеснічэнка, Заўтра тваёй краіны

Эксперт: Сельскагаспадарчы сектар мог бы працаваць у 10 разоў круцей за IT

Але пакуль ён загруз у 19 стагоддзі.

Фота мае ілюстрацыйны характар

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў змяніць падыход да працы калгасаў.

«Па-старому працаваць немагчыма – гэта бяда», — канстатаваў кіраўнік дязржавы.

Ці магчыма зрабіць сельскую гаспадарку больш эфектыўнай – аб гэтым старэйшы даследчык CASE Belarus Зміцер Бабіцкі.

– У Беларусі ў свой час спрабавалі адміністрацыйнымі метадамі палепшыць эфектыўнасць сельскагаспадарчага сектару. Нешта атрымалася. Але на такім шляху ёсць абмежаванне, таму што стымулы, якія ствараюцца гэтымі метадамі, больш не працуюць, — адзначае эксперт. — Рэцэпты ажыўлення сельскай гаспадаркі ўжо ўсім вядомыя. Перш-наперш трэба людзям аддаць зямлю. Без прыватнай уласнасці ў сельскай гаспадарцы не будзе капітала. Нехта лічыць, што прыватызацыя не працуе. Я сказаў бы апанентам, што не зусім так. Але каб спрацавала, трэба яшчэ шмат чаго зрабіць у сектары, а некаторыя змены не атрымаюцца, не аддай дзяжава зямлю людзям.

Зміцер Бабіцкі. Фота: TUT.by

Сектар адчувае недаінвестванне. Нягледзячы на тое, што сельская гаспадарка пастаянна накачваецца грашыма, на адзін гектар укладваецца намнога менш рэсурсаў, чым у некаторых іншых краінах. Даследаванні паказваюць, што больш грошай атрымліваюць больш эфектыўныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Але ж калі пераразмеркаваць фінансаванне цэнтралізавана, то ўсё роўна вынікі будуць губляцца – сіла трэння ў сектары такая, што адбудзецца марнатраўства рэсурсаў.

Трэба спачатку вывучыць, як працуе ўвесь ланцуг вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. Зараз жа калгас не можа самастойна набыць тэхніку ці паліва, як не можа і прадаць сваю прадукцыю, куды хоча, бо з аднаго боку рынак манапалізаваны, а з другога – праводзіцца палітыка рэсурсных зонаў, калі кожны калгас замацаваны за нейкім пераапрацоўчым прадпрыемствам. А калі прыходзіць у пераапрацоўку той жа заходні інвестар, ён на палітычным узроўні павінен дамовіцца, каб яму далі доступ да сыравіны, ён не можа проста адчыніць завод па пераапрацоўцы і прапанаваць калгасам прадаваць яму малако.

Як  прыцягнуць у селькую гаспадарку інвестыцыі?

– Аграсектар у Беларусі зарэгуляваны і кіруецца ён адміністрацыйнымі метадамі, напрыклад, у ім існуюць планы па вытворчасці. На ўзроўні цэнтральнай улады ёсць мэта сабраць 10 мільёнаў тон зерня. Навошта яно нам трэба? Якой яно будзе якасці? Што з ім рабіць? Невядома. Але паказчык выдаць трэба, таму кожнай вобласці, а потым кожнаму раёну, спускаецца свой паказчык. І нават да нямецкіх фермераў, якія купілі фермы ў Беларусі, прыязджалі чыноўнікі і казалі, колькі на іх тэрыторыі павінна быць засеена зерня, таму што раён хоча выканаць план.

Калі я ўкладваю інвестыцыі, я павінен сам сваімі грашыма распараджацца. Ці гэта так, калі мне даводзяць план па вытворчасці? Гэта не можа працаваць у рынкавай эканоміцы. І гэты падыход забівае сельскую гаспадарку і адпужвае інвестараў.

Прыцягненне капітала важна, хаця б каб проста павялічыць вытворчасць. Але не зразумела, якім чынам на свабодным рынку калгасы змогуць яго прыцягнуць. У іх цяперашнім стане ім проста ніхто не дасць гэтыя грошы.

Мы памылкова ўспрымаем сельскую гаспадарку ў стылі 19 стагоддзя, калі конь рые зямлю, мы нешта сеем. Але ж сёння яна зусім не такая – гэта высока капіталаінтэнсіўны сектар. Там больш вырабляе той, хто мае больш грошай. І калі яны будуць доўгімі, таннымі, тады сельскагаспадарчыя арганізацыі будуць працаваць.

А што калі улады вырашаць «адпусціць сектар»?

—Калі зрабіць гэта фрагментарна, то можа і не спрацаваць. Таму рэцэпт такі: калі брацца за рэфармаванне нейкага сектара, трэба абавязкова разглядаць увесь ланцуг вытворчасці. Многія міжнародныя арганізацыі, якія праводзяць кансультацыі ў межах праектаў тэхнічнай дапамогі, менавіта так і робяць. Можа атрымацца, што праца ляжыць у прасторы не калгасаў, а пераапрацоўчых прадпрыемстваў.

Але на практыцы цяжка сказаць, як яно можа атрымацца ў беларускіх рэаліях.

Вось напрыклад, чаму ў Беларусі добра працуе IT-сектар? Сярод іншага, таму што, па-першае, там няма дзяржаўнага рэгулявання – яму ніхто не кажа пісаць прыкладанне не для IOS, а толькі для Android. Па-другое, у яго ёсць свабодны доступ на глабальны рынак і няма ніякіх мытаў. Калі б тое самае было ў сельскай гаспадарцы, яна была б разоў у 10 круцей за IT, бо гульцы рынка выраблялі б тое, што хочуць, і прадавалі на замежных рынках.

Але ж і тут ёсць некалькі важных момантаў. Прадаць сельскагаспадарчую прадукцыю ў свеце не так проста. Ты не можаш проста выйсці на сусветны рынак. Патрэбна некая сістэма. А у нас яна адсутнічае. У дадатак якасць далёка не ўсёй беларускай прадукцыі вытрымлівае канкурэнцыі на сусветным рынку.

У той жа час па экспарту некаторых сельскагаспадарчых прадуктаў Беларусь уваходзіць у пяцёрку на планеце. То бок мы ёсць сур’ёзны гулец у сферы сельскай гаспадаркі ў планетарным маштабе. Але ж Нямецкая эканамічная група шэраг гадоў таму даследавала, у колькіх рэцэнзаваных замежных часопісах ёсць артыкулы з Беларусі па эканоміке сельскай гаспадаркі. Ніводнага. Атрымоўваецца, што мы щумеем вырабляць, але нічога не ведаем пра эканоміку гэтага працэса. Гэта капітальная праблема.

Каб у сектары расла эфектыўнасць, эканамічныя агенты павінны прымаць свабодныя рашэнні наконт свайго бізнэса. У адным з даследаванняў CASE Belarus вывучаў, чым адрозніваецца праца беларускіх сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і польскіх. У Польшчы яны вырошчваюць тое, што хочуць. І дробныя фермеры прызвычаіліся працаваць у такім рэжыме, таму яны вельмі хутка рэагуюць на сігналы рынка. За кошт гэтага ў іх высокая эфектыўнасць. Беларускія вытворцы не могуць так рэагаваць, бо вымушаны выконваць навязаныя зверху планы.

Змены ў сельскай гаспадарцы ляжаць перш за ўсё ў палітычнай сферы і толькі потым у эканамічнай. І рашэнні, каб нешта змяніць, павінны прымацца на самым вышэйшым узроўні.

Топ-5 сфер, где больше всего убыточных предприятий в Беларуси

Хотите знать больше? Читайте нас в Telegram и на Яндекс.Дзен

Последнее в рубрике