Самыя закрытыя: ААЦ, МУС, КДБ і ГУУС Мінгарвыканкама. Вынікі апытання журналістаў

Самыя закрытыя: ААЦ, МУС, КДБ і ГУУС Мінгарвыканкама. Вынікі апытання журналістаў

Беларуская асацыяцыя журналістаў правяла чарговае апытанне калег адносна адкрытасці асноўных дзяржаўных ведамстваў і арганізацый.

Як і раней, ў апытанні ўдзельнічалі 50 журналістаў вядучых дзяржаўных і недзяржаўных медыя: «СБ. Беларусь сегодня», «Звязда», «Рэспубліка», «Наша Ніва», «Радыё Свабода», «Еўрарадыё», «Комсомольская правда» в Белоруссии”, TUT.BY, БелаПАН, «Новы Час» і шэрагу іншых. Журналістаў прасілі ацаніць адкрытасць ведамства — наколькі лёгка атрымаць інфармацыю ад чыноўнікаў.

Найлепшыя адзнакі журналістаў атрымалі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Міністэрства замежных спраў і Дзяржаўны памежны камітэт.

Самымі закрытымі журналісты называюць ААЦ, МУС, КДБ і ГУУС Мінгарвыканкама. Сярод ведамстваў з нізкімі баламі таксама Адміністрацыя прэзідэнта і Міністэрства аховы здароў’я.

 

Агульныя нараканні журналістаў на ведамствы, дзе кепска арганізаваная праца са СМІ, традыцыйныя. Гэта немагчымасць аператыўна атрымаць інфармацыю, складанасці з доступам журналістаў на мерапрыемствы, прыярытэтнае прадастаўленне інфармацыі дзяржаўнаму агенцтву БелТА.

— БАЖ ужо чацверты раз праводзіць такое апытанне. На жаль, самыя горшыя адзнакі калег атрымліваюць адны з самых важных у дзяржаве структур. Некаторыя структуры калегі называць проста закрытымі. Даволі сумны вынік, бо аператыўная і дакладная інфармацыя ў медыя — гэта гарантыя інфармацыйнай бяспекі краіны.

Разам з тым хочацца падзякаваць ведамствам, якія працуюць са СМІ на высокім узроўні — кажа аўтар даследавання, намеснік старшыні ГА “БАЖ” Барыс Гарэцкі.

Журналістаў прасілі ацэньваць толькі тыя структуры, з якімі яны непасрэдна працуюць. Таму ў выніковую табліцу ўвайшлі толькі органы, працу якіх ацанілі як найменш 10 прадстаўнікоў медыя.

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” разашле вынікі апытання ў самі дзяржорганы.

Абарона правоў на атрыманне інфармацыі з’яўляецца адным з галоўных накірункаў працы ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў». Летась у межах кампаніі «За права на інфармацыю» арганізацыя правяла даследванне таго, у якой колькасці дзяржаўных органаў існуюць палажэнні аб акрэдытацыі журналістаў.

Последнее в рубрике