Пасьля трагедыі ў Стоўпцах па школах разаслалі інструкцыю для выяўленьня «экстрэмістаў» сярод вучняў

Пасьля трагедыі ў Стоўпцах па школах разаслалі інструкцыю для выяўленьня «экстрэмістаў» сярод вучняў

Чытачы пераслалі «Свабодзе» дакумэнт, які мае дапамагчы настаўнікам выяўляць «экстрэмістаў» сярод школьнікаў.

Пасьля трагедыі ў Стоўпцах школы і міліцыя зрабілі шэраг захадаў дзеля бясьпекі. У школах усталявалі турнікеты, абмежавалі для бацькоў доступ у навучальныя ўстановы, для школьнікаў — карыстаньне мабільнымі тэлефонамі.

Дакумэнт называецца «Альгарытм узаемадзеяньня супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і работнікаў устаноў адукацыі, спорту, турызму, культуры і аховы здароўя Гомельскай вобласьці для раньняй ідэнтыфікацыі ў моладзевым асяродзьдзі асобаў, якія ўваходзяць у нефармальныя моладзевыя групоўкі». Ён быў зацьверджаны на пасяджэньні камісіі ў справах непаўналетніх Гомельскага аблвыканкаму.

У «Альгарытме» пазначана, што «нефармальныя моладзевыя групоўкі — групоўкі, якія прапагандуюць ідэалёгію тэрарызму, экстрэмізму, нэафашызму, расісцкія, нацыяналістычныя і таму падобныя ідэі, у тым ліку групоўкі радыкальна настроеных футбольных фанатаў». Асобна ідзе гаворка пра экстрэмізм і тэрарызм са спасылкамі на адпаведныя законы.

Якія захады будзе рабіць міліцыя?

​Міліцыя будзе праводзіць навучальныя сэмінары для работнікаў устаноў адукацыі, спорту, турызму, культуры і аховы здароўя па тактыцы выяўленьня:

- самарадыкалізаваных асобаў;

- асобаў, якія ўваходзяць у нефармальныя моладзевыя групоўкі;

- асобаў, якія маюць дачыненьне да незаконнага абарачэньня зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і выбуховых прылад, у тым ліку так званых «чорных капальнікаў»;

- асобаў, якія праяўляюць цікавасьць да мэтодык вырабу выбуховых рэчываў і іншых сродкаў паражэньня;

- схільных да гвалту, канфліктаў і іншых супрацьпраўных учынкаў, у тым ліку дысцыплінарных правінаў;

- інфармацыйных рэсурсаў, якія зьмяшчаюць мэтодыкі вырабу выбуховых рэчываў ды іншых сродкаў паражэньня.

Што будуць рабіць работнікі сыстэмаў адукацыі, спорту, здароўя?

- з розных крыніц атрымліваць інфармацыю аб «падазроных» асобах і рэсурсах;

- неадкладна ў пісьмовай форме дакладваць пра гэта кіраўніку;

- рабіць захады для абмежаваньня доступу староньніх асобаў да атрыманай інфармацыі;

- у выпадку атрыманьня аб’ектыўнай інфармацыі пра правапарушэньне ці злачынства неадкладна паведамляць пра гэта на лінію «102».

Як вылічыць «экстрэмістаў» і «нефармалаў» сярод падлеткаў?

Пра гэта ідзе гаворка ў дадатку да «Альгарытму», які называецца «Атрыбутыка і сымболіка нефармальных моладзевых груповак». Настаўнікі мусяць зьвяртаць увагу на вонкавы выгляд падлеткаў, якія могуць належаць да груповак «нацы-скінгэдаў», «скінгэдаў-антыфашыстаў» і футбольных фанатаў.

Чым адрозьніваюцца «нацы-скінгэды» ад «скінгэдаў-антыфашыстаў»

Нашыўкамі. У «нацы-скінгэдаў» гэта можа быць свастыка, кельцкі крыж, 88, 14 ці «White Power». У «скінгэдаў-антыфашыстаў» — «камуністычныя, рэвалюцыйныя сымбалі: партрэты Леніна, Чэ Гэвары, Нэльсана Мандэлы, антыфашысцкія і нацысцкія эмблемы, эмблемы з назвамі сваіх арганізацый і групаў левага кірунку, на якія яны арыентуюцца».

Шлейкамі для штаноў, прычым спушчанымі. У «нацы-фашыстаў» шлейкі могуць быць любога колеру, апроч чырвонага, у іхных апанэнтаў чырвоныя.

Стрыжкай. Частка «нацы-скінгэдаў» ня голіцца нагала, каб не прыцягваць да сябе ўвагу. Валасы могуць быць проста коратка падстрыжаныя. Існуе меркаваньне, што даўжыня валасоў па ўсёй галаве павінна быць аднолькавай.

Адзеньнем. Для «нацы-скінгэдаў» характэрныя футболкі з выявамі свастыкі, рунаў Атар, арла, 88, 14 ці WP («White Power»). Могуць насіць футболкі колеру хакі. Часта сустракаюцца вайсковыя штаны. Альтэрнатывай такім штанам служаць вузкія падкасаныя джынсы. «Ідэальным колерам джынсаў лічыцца белы або бледна-блакітны, як сымбаль белай расы». «Бомбэр» — лётная (або вайсковая марская) куртка, традыцыйная вопратка скінгэдаў. Куртка можа быць чорнага, зялёнага ці колеру хакі. Асаблівасьць яе — адсутнасьць каўняра.

Абуткам. Гакінгі — цяжкія шнураваныя вайсковыя боты ці берцы. Папулярнымі зьяўляюцца боты фірмы Camelot ці Grinders з 11 парамі мэталічных адтулін.

Шнуркамі на абутку. Павінны быць такімі доўгімі, каб пасьля шнураваньня абутку іх можна было два ці тры разы абматаць вакол халяваў. Скінгэды часта носяць чаравікі ь белымі шнуркамі і белыя джынсы. «Белы — шырока вядомы, хоць і не агульнапрыняты сымбаль скінгэдаў, які пазначае правага радыкала або расіста».

Якія прыкметы футбольнага фаната?

Эмблемы. Розных футбольных клюбаў і ў рознай колеравай гаме. Ня выключана выкарыстаньне асобнымі групамі элемэнтаў нацысцкай сымболікі, напрыклад кельцкага крыжа, у складзе іншых знакаў.

Прычоскі. Любыя, часьцей кароткія.

Адзеньне. Шалік зьяўляецца галоўным атрыбутам. Шалікі аформленыя ў колеравай гаме пэўнай футбольнай каманды. Як і скінгэды, носяць джынсы бледна-блакітнага колеру, выкарыстоўваючы яго як асноўны колер джынсаў. У фанатаў не павінна быць падкасаных і запраўленых штаноў, характэрных для скінгэдаў. Курткі — цёмна-сіняга і чорнага колеру.

Абутак. Даволі часта сустракаюцца чаравікі «Грындэрс», радзей — красоўкі. Няма белых шнуркоў, бо яны ўспрымаюць такія як атрыбут скінгэдаў.

Последнее в рубрике