Украінец бяднейшы за беларуса на 42 бігмакі

Украінец бяднейшы за беларуса на 42 бігмакі

Багацьце беларусаў і украінцаў журналісты Радыё Свабода параўналі з дапамогай афіцыйнай статыстыкі і «рэйтынгу бігмака».

Фото: Радыё Свабода

Афіцыйнай статыстыкі пра ўкраінскія заробкі меней, чым пра беларускія. Некаторыя лічбы даводзіцца браць зь неафіцыйных крыніц.​

* Сярэдні заробак і колькасьць бігмакаў на сярэдні заробак у Беларусі адрозьніваецца ад прыведзеных у артыкуле, дзе параўнаньне з Расеяй. У РФ адсутнічае сьвежая статыстыка пра сярэднія заробкі, таму параўноўваліся расейскія і беларускія заробкі за жнівень — апошні месяц, за які ёсьць расейская статыстыка. У параўнаньні Беларусі і Ўкраіны ўжываліся сярэднія заробкі за лістапад — ва Ўкраіне яшчэ няма статыстыкі за люты або студзень, а ў сьнежні і ў Беларусі, і ва Ўкраіне назіраецца сэзонны скачок афіцыйных заробкаў.

* Сярэдні заробак і колькасьць бігмакаў на сярэдні заробак у Беларусі адрозьніваецца ад прыведзеных у артыкуле, дзе параўнаньне з Расеяй. У РФ адсутнічае сьвежая статыстыка пра сярэднія заробкі, таму параўноўваліся расейскія і беларускія заробкі за жнівень — апошні месяц, за які ёсьць расейская статыстыка. У параўнаньні Беларусі і Ўкраіны ўжываліся сярэднія заробкі за лістапад — ва Ўкраіне яшчэ няма статыстыкі за люты або студзень, а ў сьнежні і ў Беларусі, і ва Ўкраіне назіраецца сэзонны скачок афіцыйных заробкаў.

Украінцы бяднейшыя на 120–150 даляраў

Афіцыйныя сярэднія налічаныя заробкі ўкраінцаў публікуе Укрстат. Апошнія лічбы — за сьнежань 2018 году. Але, як і ў Беларусі, ва Ўкраіне назіраецца скачок сярэдніх заробкаў у апошні месяц году — яго зьвязваюць з гадавымі прэміямі. Пасьля заробкі вяртаюцца прыблізна на ўзровень да скачка, а то і на ніжэйшы — у Беларусі цяпер зноў менш за «па пяцьсот».

«Сьнежаньскую анамалію» прапусьцім: параўнаем сярэднія налічаныя заробкі за лістапад 2018 году. У Беларусі, паводле Белстату, было 994 рублі. Паводле сярэднямесячнага курсу Нацбанку, гэта 486,29 даляра. Ва Ўкраіне ў лістападзе сярэдні заробак складаў 9161 грыўню, або 329,66 даляра — менш на 156,63 даляра за Беларусь.

Афіцыйныя зьвесткі пра заробак сярэднестатыстычнага ўкраінца (колькі атрымлівае чалавек, адносна якога палова людзей у краіне зарабляе менш, а палова — больш) пакуль толькі зьбіраюцца пачаць падлічваць.

Паводле неафіцыйных і нічым не пацьверджаных падлікаў, у кастрычніку 2018 году мэдыянны заробак ва Ўкраіне быў роўны 6452 грыўні, або 230,98 даляра. Белстат сьцьвярджаў у лістападзе, што мэдыянны заробак у Беларусі складаў 751,1 рубля, або 353,86 даляра — на 122,88 даляра больш за Ўкраіну.

Ва ўкраінцаў два пражытковыя мінімумы

Мінімальны заробак ва Ўкраіне прыблізна такі ж, як у Беларусі. Цяпер украінскі роўны 4173 грыўні, або 149,68 даляра, беларускі — 330 рублёў, або 152,96 даляра (пералікі ў даляры паводле сярэдняга курсу за студзень).

Зь бюджэтам пражытковага мінімуму цяжэй. У Беларусі ён адназначны: 216,9 рубля або 100,54 даляра. Ва Ўкраіне ж ёсьць афіцыйны пражытковы мінімум у 1853 грыўні, або ўсяго 66,47 даляра. Але там на афіцыйным узроўні крытыкуюць састарэлую мэтодыку падліку бюджэту пражытковага мінімуму: кабінэт міністраў ацэньваў «рэальны пражытковы мінімум» — выйшла 3233,33 грыўні (120,89 даляра) за першае паўгодзьдзе 2018 году. Гэта на 20 зь лішкам даляраў больш, чым у Беларусі.

Адпаведна, і за мяжой беднасьці ва Ўкраіне ці то 2,1% насельніцтва (паводле афіцыйнага пражытковага мінімуму), ці то 30,5% (паводле «рэальнага»). У Беларусі за мяжой беднасьці 5,6% насельніцтва.

Шэрая эканоміка зьела ўкраінскія бігмакі?

Беларускую і расейскую пакупніцкую здольнасьць Свабода параўноўвала праз самастойна разьлічаны паводле актуальных зьвестак «рэйтынг бігмака». Часопіс The Economist у 1986 годзе прыдумаў параўноўваць парытэт пакупніцкай здольнасьці па знаёмым усім прадукце — бургеры Big Mac з рэстарацыяў McDonalds.

Ідэя такая: гэты бургер прадаюць амаль у кожнай краіне сьвету, інгрэдыенты паўсюль амаль аднолькавыя, а ў цану бігмака, аднолькавую ва ўсёй краіне, уваходзяць і кошт інгрэдыентаў, і заробкі работнікаў, і лягістыка, і шмат чаго яшчэ.

У Беларусі бігмак каштуе 4,7 рубля, ва Ўкраіне — 55 грывень. Паводле сярэднестудзеньскіх курсаў, гэта 2,18 даляра ў Беларусі і 1,97 даляра ва Ўкраіне. Гэта значыць, на сярэдні заробак у Беларусі і Ўкраіне можна купіць адпаведна 211 і 166 бігмакаў, на мэдыянны — 159 і 117 адпаведна.

Але на самой справе сытуацыя можа быць зусім іншай: ва Ўкраіне значная доля эканомікі прыпадае на ценявы сэктар, пра які ня ведае афіцыйная статыстыка. У цені знаходзіцца, паводле розных падлікаў, ад 32% да 45% валавога ўнутранага прадукту Ўкраіны.

У Беларусі таксама значныя, але меншыя аб’ёмы ценявой эканомікі: калі Міжнародны валютны фонд ацэньваў ценявую эканоміку Ўкраіны ў 42,9% ВУП, то па Беларусі выходзіла 32,4% ВУП. Адпаведна, рэальныя даходы з улікам утоеных ад дзяржавы ва ўкраінца большыя, чым у беларуса.

Ва Ўкраіне горш амаль усё, затое ёсьць свабода, моцнае войска і бязьвіз з Эўразьвязам

У абсалютнай большасьці рэйтынгаў, зьвязаных з эканомікай і дабрабытам, Беларусь значна апярэджвае Ўкраіну.

У Індэксе чалавечага разьвіцьця, які падлічвае Праграма разьвіцьця ААН, Беларусь займае 37-е месца ў сьвеце, калі Ўкраіна — толькі 88-е. Валавы нацыянальны даход на чалавека паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці ў Беларусі ацэньваецца роўна ўдвая большым, чым ва Ўкраіне.

У «Рэйтынгу якасьці жыцьця», дзе, акрамя здароўя, адукацыі і багацьця, улічваюцца таксама бясьпека, экалёгія, транспарт ды іншыя парамэтры, Беларусь і Ўкраіна маюць адпаведна 37-е і 62-е месцы ў сьвеце. Украіна адстае ад Беларусі ў кожным з паказьнікаў.

Але Ўкраіна абганяе Беларусь у шмат якіх неэканамічных рэйтынгах: у палітычных свабодах, у свабодзе СМІ і інтэрнэту, у магутнасьці войска і «сіле пашпарта» (апошняя вымяраецца магчымасьцю вандраваць па сьвеце бязь візаў).

Последнее в рубрике