«Дарожны збор ідзе на дарогі для машын, а не для пешаходаў»
22.02.2019

«Дарожны збор ідзе на дарогі для машын, а не для пешаходаў»

Чаму на ходнікі ў малых гарадах не хапае грошай.

Жанчына, якая загінула разам з унучкай у Ружанах у ДТЗ, прасіла ўлады зрабіць ходнікі якраз на гэтым участку дарогі. Свабода падлічыла, колькі б гэта магло каштаваць, і высветліла, як у Беларусі ствараюць зручнае гарадское асяроддзе.

Трагічнае здарэньне ў Ружанах адбылося на тым кавалку вуліцы Косаўскай, дзе няма ходнікаў. У цэнтры ходнікі ёсць, а вось на кавалку прыкладна ў 1,3 кіламетра іх няма. Паводле экспэртаў, з якімі звязвалася Свабода, пешаходная зона магла і не ўратаваць загінулых. Пра гэтым зрабіць там ходнік, пра які прасілі месцічы, каштавала б каля 45,5 тысячы даляраў, падлічвае кансультант праектаў разьвіцьця ПРААН па ўстойлівым транспартаваньні Павал Астапеня. У гэтую суму ўваходзіць асьвятленьне і інфраструктура.

—Гэта систэмная праблема, якая ёсць у сярэдніх і буйных гарадах, не толькі ў малых. Дарожнае і пешаходнае пакрыццё далёкае ад пешаходных нормаў. Узімку асабліва відаць, што ў такіх гарадах няма фінансавання. У абласных гарадах сітуацыя лепшая, але сярэднія і драбнейшыя — там праблема з фінансаваннем», — кажа Павал Астапеня.

Транспартны падатак, які плацяць беларускія аўтааматары раз на год, вагаецца ад 83 да 237 даляраў, залежна ад магутнасці машыны, і ідзе на паляпшэнне дарог. За гэтыя сродкі ходнікі не робяць.

—Гэты збор ідзе на дарогі, а не на вуліцы. І ў асноўным за гэты кошт фінансуюцца дарогі рэспубліканскага значэння, — кажа Павал Астапеня.

На месцы трагедыі ў Ружанах, Фота: прэс-служба МУС

Хто і колькі траціць на добраўпарадкаванне гарадскога асяроддзя

Бюджэт Пружанскага раёну на 2018 год складае 28 мільёнаў даляраў. Гэта вынікае з рашэння пружанскага Савету дэпутатаў. На добраўпарадкаванне, у тым ліку на абсталяванне ходнікаў, ідзе 1/23 гэтай сумы (1,2 мільёна даляраў) — і гэта на ўсе 12 сельскіх саветаў, якія ўваходзяць у раён. Але нават гэтага б хапіла на 34 кіламетры ходнікаў.

Грошы на развіццё зручнага гарадскога асяроддзя ў Беларусі выдзяляе, у прыватнасці, Эўразьвяз. У 2015 годзе фонд «Інтэракцыя» зрабіў роварную дарожку ў 10,7 кіламетраў у Полацку. Гэты праект каштаваў 49 тысяч еўра. Агулам трэнд на стварэнне зручнага асяроддзя для пешаходаў і раварыстаў цяпер існуе ў гарадах з высокім узроўнем ВУП.

—Прамой залежнасці паміж уладкаваннем гарадскога асяроддзя і зніжэннем колькасці ДТЗ, хутчэй за ўсё, няма. Але развітыя гарады робяць ухіл на разьвіццё грамадзкай прасторы, а аўтамабілі выходзяць з ліку прыярытэтаў. Бо гэта і аварыйнасць, і дарагая інфраструктура, і выхлап шкодных газаў. У прыярытэце — грамадская інфраструктура, — кажа Павал Астапеня.

Последнее в рубрике