15 спасылак, якія варта мець у закладках, калі пішаш па-беларуску
21.02.2019

15 спасылак, якія варта мець у закладках, калі пішаш па-беларуску

Беларускія інтэрнэт-сэрвісы, карысныя ня толькі ў Дзень роднай мовы 21 лютага: слоўнікі, каталёгі, даведнікі...

Трымайце пад рукой гэты карысны спіс, які склала Радыё Свабода

Каб праверыць правапіс па-беларуску

«Добрапіс» — праверка артаграфіі як паводле афіцыйнага правапісу («наркамаўкі»), так і паводле клясычнага («тарашкевіцы») ад вядомага мовазнаўцы Зьмітра Саўкі (1965–2016) і тэлеканалу «Белсат».

Каб перакласьці слова

Slounik.org — набор з амаль сотні аблічбаваных беларускіх слоўнікаў з пошукам. Ёсьць ня толькі беларуская і расейская мовы, але і ангельская, польская, ідыш, вугорская.

«Скарнік» — яшчэ адзін інтэрнэт-слоўнік з пошукам. За аснову ўзяты тлумачальны пяцітамовік 1977–1984 гг. і акадэмічны расейска-беларускі слоўнік пад агульнай рэдакцыяй Кандрата Крапівы. Стваральнікі інтэрнэт-вэрсіі іх памалу рэдагуюць і дапаўняюць. Мовы — толькі расейская і беларуская. Ёсьць мабільная праграма для Android.

Каб перакласьці цэлы тэкст

«Белазар» — інтэрнэт-сэрвіс, які перакладае з расейскай на беларускую і наадварот, і нярэдка робіць гэта лепей за славуты Google Translate. Вядомы старэйшым карыстальнікам як бясплатная «офлайнавая» праграма для Windows.

Каб спампаваць кнігі

«Беларуская палічка» — збор бясплатных электронных кніг (і мастацкіх, і навуковых), а таксама газэтаў, часопісаў, слоўнікаў, аўдыёкніг і іншага. Працуе ад 1996 году. Ёсьць праграма для Android і спэцыяльны дзіцячы разьдзел «Краіна казак».

«Камунікат» — яшчэ адна бясплатная інтэрнэт-бібліятэка, усяго на чатыры гады маладзейшая за «Палічку». Ёсьць вялікі архіў гістарычных пэрыёдыкаў.

Каб здабыць матэрыялы для маленькіх дзяцей і школьнікаў

«Нашыя дзеткі» — сайт пра гадаваньне дзяцей па-беларуску з карыснай інфармацыяй пра адукацыю і здароўе, дзіцячай літаратурай і гульнямі, а таксама бацькоўскім форумам.

«Настаўнік» — сайт з матэрыяламі для настаўнікаў і школьнікаў. Ёсьць сьпіс школаў і дзіцячых садкоў зь беларускай мовай навучаньня.

Каб усталяваць унівэрсальную раскладку клявіятуры

«Драўляны зэдлік» — прыватны сайт аднаго праграміста, на якім можна спампаваць пашыраныя тыпаграфскія раскладкі для Windows зь беларускай кірыліцай і лацінкай. З такой раскладкай можна не пераключацца паміж расейскай і беларускай мовамі — і можна зрабіць гэтаксама на Android.

Наогул жа, на Android шырокі выбар беларускіх раскладак клявіятуры. На iOS выбар альтэрнатыўных раскладак вузейшы, затое з 11-й вэрсіі гарантавана ёсьць стандартная беларуская.

Каб даведацца, дзе абслугоўваюць па-беларуску

Say.by, Svaje.by і Nabyvaj.by — інтэрнэт-каталёгі кампаніяў і бізнэсаў, якія карыстаюцца беларускай мовай і могуць абслужыць па-беларуску, выкарыстоўваюць беларускую мову ў рэкляме і аздабленьні або падтрымліваюць прабеларускія культурныя праекты.

Каб паглядзець матэрыялы з моўных курсаў

«Мова нанова» — бясплатныя «офлайнавыя» курсы беларускай мовы, якія ладзяцца ў больш як дзясятку гарадоў Беларусі ад 2014 году. Гэта ня школьныя заняткі, а тэматычныя лекцыі, нярэдка з удзелам вядомых беларусаў. На сайце ёсьць архіў прэзэнтацыяў з заняткаў і розныя матэрыялы, зьвязаныя зь беларускай мовай — тэсты, дзіцячыя казкі, зьвесткі пра абарону моўных правоў і падборка мастацкай літаратуры.

Каб паглядзець кіно і паслухаць музыку па-беларуску

«Тузін гітоў» — музычны праект, які ўжо больш за 15 гадоў ладзіць гіт-парад беларускамоўнай музыкі, публікуе бясплатныя песьні і кліпы беларускіх выканаўцаў, ладзіць нават конкурсы і прэміі, засноўвае супольныя музычныя праекты. Кіраўнік «Тузіна» вядзе музычнае шоў на тэлеканале «Белсат».

«Кінаконг» — праект перакладу і агучваньня замежных фільмаў на беларускую мову. На сайце публікуецца афіша беларускамоўных кінасэансаў. Фільмы па-беларуску ёсьць таксама ў інтэрнэт-кінатэатрах Voka і Megogo.