13.02.2019
Зміцер Панкавец, Наша Ніва

Выклікаў дождж праз малітву. Пяць фактаў пра пяцярых чыноўнікаў, якіх прызначыў Лукашэнка

Новыя постаці ў кіраўніцтве.

Кіраўнік Беларусі 12 лютага правёў кадравы дзень. Пра некаторых з новых постацяў можна пачытаць у нашым матэрыяле.

Малады намеснік Шэймана

Андрэй Свірыдаў з жонкай. Фота ok.ru

Новым намеснікам кіраўніка справамі прэзідэнта Віктара Шэймана стаў 35-гадовы Андрэй Свірыдаў. Да апошняга часу Свірыдаў узначальваў камітэт эканомікі Гродзенскага аблвыканкама.

Бацька Андрэя Рыгор Свірыдаў з’яўляецца дырэктарам прадпрыемства «Гроднатэкстыль». Там жа працавала і мама Галіна. Бацька родам з Магілёва, прыехаў у Гродна па размеркаванні, мама — з Расіі.

Рыгор Свірыдаў у 2009 годзе праходзіў фігурантам буйнай крымінальнй справы. Дырэктар праходзіў як падазраваны па артыкуле «Злоўжыванне ўладай альбо службовымі паўнамоцтвамі». Маўляў, ягонымі дзеяннямі дзяржаве была нанесеная шкода ў памеры 500 тысяч даляраў. Урэшце, Свірыдава не асудзілі. І ён працягнуў займаць пасаду дырэктара завода.

Андрэй, пасля таго як скончыў школу ў Гродне, паступіў у наргас на факультэт эканомікі і кіравання гандлем. Пасля сканчэння вучобы вярнуўся ў родны горад.

«Бізнэс на месцах трэба берагчы і песціць», — казаў ён у інтэрв’ю газеце «Белорусы і рынок».

Андрэй жанаты з 28-гадовай гарадзенкай Вольгай.

З цесляроў у намеснікі міністра

Алег Швец. Фота minskstroy.by

Алег Швец стаў новым намеснікам міністра архітэктуры. Яму 47 гадоў, а родам з Пінска. Працоўную кар’еру пачынаў у якасці сталяра.

Мае дзве вышэйшыя адукацыі: БНТУ («Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва») і БДЭУ («Эканоміка і кіравання на прадпрыемствах»).

Ад 1994 працуе інжынерам. Ад 2004 — ва ўпраўленні капітальнага будаўніцтва Мінгарвыканкама. Ад 2010 — у «Мінскбудзе». З’яўляўся намеснікам дырэктара па прамысловасці і рэсурсах.

Летась у спадара Швяца памёр бацька.

Быў выкладчыкам у ПТВ

Уладзімір Чушаў. Фота facebook.com

Уладзіміру Чушаву, які стаў паслом Беларусі ў Польшчы, 55 гадоў. Нарадзіўся ён у Гомелі. Там жа і атрымаў адукацыю ў Інстытуце інжынераў чыгуначнага транспарта. Гэтую самую ВНУ, дарэчы, скончыў былы прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі.

Ужо ў першыя гады незалежнасці Чушаў скончыў яшчэ юрыдычны факультэт БДУ. Працаваў выкладчыкам у адным з мінскіх ПТВ, потым там жа быў завучам. Па развале СССР трапіў на працу вядучым спецыялістам у Міністэрства будаўніцтва архітэктуры.

Ад 1995 года — на службе ў МЗС. Ягоная дыпламатычная кар’ера ўвесь час круцілася вакол дзвюх краін — Сербіі і Польшчы. Ад 1998 да 2002 быў дарадцам у пасольстве Беларусі ў Югаславіі. Гэта значыць ён на ўласныя вочы бачыў крушэнне дыктатуры Слабадана Мілошавіча.

Ад 2006 да 2009 быў ужо дарадцам у пасольстве Беларусі ў Польшчы. І гэта не самы лёгкі час, пасля Плошчы-2006, канфлікту з Саюзам палякаў адносіны паміж Беларуссю і Польшчай былі зведзеныя амаль да мінімуму.

У 2011 годзе Чушаў атрымаў першае самастойнае прызначэнне — паслом Беларусі ў Сербіі. За гэты перыяд Лукашэнка наведваў Бялград. У праваслаўнай Сербіі на працоўным месцы пасла Чушава віселі абразы. Цікава, ці будзе тое самае ў Польшчы?

Прадаваў БелАЗы ў Індыі

Віталь Прыма. Фота twitter.com

«Вушамі і вачыма» прэзідэнта, то бок памочнікам па сталіцы стаў былы пасол Беларусі ў Індыі Віталь Прыма.

Зрэшты, не трэба падманвацца: Віталь Прыма — выхадзец не з дыпламатычнай сферы, а з машынабудаўніцтва. Яму 43 гады, а родам ён са Слоніма.

Вучыўся ў БНТУ па спецыяльнасці «эканоміка і кіраванне ў машынабудаванні» (1997). Па размеркаванні паехаў працаваць у Барысаў на завод «Аўтагідраўзмацняльнік». Працаваў там эканамістам да 2001 года. Потым шэсць гадоў аддаў заводу БелАЗ. У 2007 годзе Прыму забралі ў Мінск у Міністэрства прамысловасці. Ад 2009 — быў намеснікам міністра.

У 2012 годзе спадар Прыма быў прызначаны паслом Беларусі ў Індыю (Шры-Ланка, Непал і Бангладэш па сумяшчальніцтве). Індыя — адзін з галоўных купцоў беларускіх БелАЗаў, таму такі выбар невыпадковы.

«Вам давядзецца падымаць цэлы пласт», — так Лукашэнка настаўляў Прыму перад прызначэннем паслом. Маўляў, гэта перспектыўная краіна. І яна гатовая шмат чаго купляць у Беларусі.

Падчас працы ў Індыі захапіўся ёгай. Выстаўляў здымкі з заняткаў у твітары. Жанаты, мае траіх дзяцей.

Выклікаў дождж праз малітву

Анатоль Маркевіч. Фота газеты «Новае жыццё»

Памочнікам прэзідэнта па Брэсцкай вобласці стаў Анатоль Маркевіч, які да гэтага быў старшынёй Навагрудскага райвыканкама. Адметна, што старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс у свой час таксама ўзначальваў менавіта Навагрудскі райвыканкам.

Маркевічу 47 гадоў. Ён родам з вёскі Громкі Шчучынскага раёна. Вучыўся на настаўніка матэматыкі ў Брэсцкім педагагічным універсітэце. Пасля працаваў настаўнікам на радзіме ў Шчучыне. Ужо ў 28 гадоў стаў дырэктарам Карэліцкай СШ №1.

Ад 2002 года — на чыноўніцкай працы. Спачатку працаваў намеснікам старшыні Карэліцкага райвыканкама. У 2011-м — стаў старшынёй Навагрудскага райвынкама.

За час працы ў Навагрудку запомніўся тым, што ініцыяваў летась малебен з просьбай аб дажджы. Тады ў наваградскі сабор прыйшла ўся раённая вертыкаль. Яшчэ Маркевіч адмовіўся надаць адной з вуліц Навагрудку імя навукоўца Барыса Кіта. «Навагрудскі райвыканкам палічыў гэта немэтазгодным», — было ў адказе Маркевіча.

Маркевіч таксама мае траіх дзяцей.

Последнее в рубрике