Навошта спатрэбілася новая сустрэча Лукашэнкі і Пуціна ў Сочы
07.02.2019

Навошта спатрэбілася новая сустрэча Лукашэнкі і Пуціна ў Сочы

У беларуска-расейскім перамоўным працэсе склалася тупіковая сытуацыя.

У беларуска-расейскім перамоўным працэсе склалася тупіковая сытуацыя, рабочая група нават ня можа пачаць перамовы, піша палiтолаг Валер Карбалевіч на Радыё Свабода.

Валер Карбалевіч

Парадокс перамоўнага працэсу

Як паведаміў газэце «Известия» прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў, кіраўнікі Расеі і Беларусі Пуцін і Лукашэнка сустрэнуцца 13 лютага ў Сочы, каб чарговым разам абмеркаваць «паглыбленьне інтэграцыі».

Вонкава гэта выглядае дзіўна. Перад самым Новым годам два лідэры двойчы цягам тыдня сустракаліся ў Крамлі, правялі шматгадзінныя перамовы. Паводле афіцыйнай інфармацыі, іх вынікам стала стварэньне сумеснай беларуска-расейскай рабочай групы, закліканай падрыхтаваць рашэньне спрэчных праблем. Прапановы гэтай групы павінны быць прадстаўленыя прэзыдэнтам, пасьля чаго, як меркавалася, яны мусяць сустрэцца і прыняць канчатковае рашэньне.

Аднак адразу нешта пайшло ня так. З самага пачатку ўзьніклі сумневы наконт эфэктыўнасьці такога мэханізму вырашэньня супярэчнасьцяў. Справа ня толькі ў тым, што афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі і Расеі па-рознаму трактавалі задачы, якія стаяць перад гэтай рабочай групай. Бянтэжыць узровень чыноўнікаў, якія ўзначалілі гэтую структуру. Кіраваць працай групы прызначалі міністраў эканомікі — Дзьмітрыя Крутога і Максіма Арэшкіна.

Парадокс сытуацыі ў тым, што ў беларуска-расейскіх стасунках і больш простыя пытаньні (кшталту аб’ёмаў паставак нафтапрадуктаў або балянсу экспарту харчовых тавараў) вырашаюцца на ўзроўні віцэ-прэмʼераў. А тут гаворка ідзе пра стварэньне Саюзнай дзяржавы, закранаюцца канстытуцыйныя пытаньні, тэма дзяржаўнага сувэрэнітэту. І рыхтаваць гэтыя гістарычныя рашэньні даручана ўсяго толькі міністрам эканомікі!

Рабочая група не прыступіла да працы

У любым выпадку здавалася, цяпер уся ўвага павінна была б засяродзіцца на дзейнасьці гэтай рабочай групы. Міністар эканомікі Беларусі Дзьмітры Круты, які ўзначальвае структуру зь беларускага боку, казаў, што «чакаем, калі скончацца навагоднія вакацыі ў Расеі».

«Вакацыі» там даўно скончыліся, ужо пачаўся люты, але гэтая дзіўная рабочая група чамусьці так ні разу і не сабралася, не запрацавала.

Неўзабаве высьветлілася яшчэ больш цікавая рэч. Згодна з інфармацыяй пасла Расеі ў Беларусі Міхаіла Бабіча, «расейская частка групы прыступіла да працы» і пачала інвэнтарызацыяю ўсіх палажэньняў саюзнай дамовы. Амбасадар паведаміў, што, як толькі расейскія прапановы будуць гатовыя, іх перададуць «беларускім партнэрам».

«Разьлічваем, што і беларускі бок зробіць тое ж самае», — сказаў Бабіч. «Потым ужо мы правядзём сумеснае пасяджэньне рабочай групы, дзе прадметна разьмяркуем задачы... для дакладу прэзыдэнтам», — заявіў пасол.

Такім чынам, расейская частка групы пачала працу сэпаратна, асобна. Пра паседжаньні беларускай групы наогул нічога не чуваць. Чаму так адбываецца?

На мой погляд, адказ просты: прэзыдэнты падчас дзьвюх шматгадзінных сустрэч перад Новым годам так і не змаглі дамовіцца наконт парадку дня, тэмы перамоваў. Незразумела, што абмяркоўваць. Можна меркаваць, што беларускі бок, не атрымаўшы яснай устаноўкі зьверху, ня хоча чапаць пытаньняў саюзнага будаўніцтва. А расейскі бок, наадварот, мае намер абмяркоўваць якраз толькі гэтую тэму, адмаўляючыся пакуль весьці перамовы аб кампэнсацыі падатковага манэўру. У выніку ўзьнікла тупіковая сытуацыя.

Менавіта для таго, каб зрушыць гэты працэс зь мёртвага пункту, 31 студзеня адбылася тэлефонная размова Лукашэнкі з Пуціным, падчас якой яны дамовіліся неўзабаве правесьці новую сустрэчу. Якая і адбудзецца ў Сочы 13 лютага. Па вэрсіі БелТА, яны «абмяркуюць рэалізацыю дамоўленасьцяў, дасягнутых на папярэдніх перамовах у Крамлі ў канцы мінулага году». Што і пацьвярджае нашы здагадкі.

Беларусь выкарыстоўвае ЭАЭС для ціску на Расею

Яшчэ адзін цікавы сюжэт. Першага лютага адбылося пасяджэньне Эўразійскага міжурадавага савету ў Алматы. Міністар эканамічнага разьвіцьця Расеі Максім Арэшкін, які па сумяшчальніцтве зьяўляецца кіраўніком рабочай групы ва ўрэгуляваньні спрэчных пытаньняў з Беларусьсю, пракамэнтаваў яго вынікі так:

«У ЭАЭС ёсьць адна краіна, якая блякуе рашэньне пытаньняў, таму абмеркаваньне ішло так доўга, не па ўсіх пытаньнях знайшлі кансэнсус, адклалі іх рашэньне на пазьнейшыя тэрміны». Калі журналісты спыталі яго, што ж гэта за краіна, «якая блякуе рашэньне пытаньняў», расейскі міністар сказаў: «Я ня буду называць канкрэтна. Я думаю, што вы самі можаце здагадацца. Я думаю, што двухбаковы парадак дня цяпер накладае адбітак на шматбаковы».

Такім чынам, Беларусь выкарыстоўвае ЭАЭС для ціску на Расею. Блякуючы рашэньні ў рамках гэтага эканамічнага саюзу, Менск шантажуе Маскву, патрабуючы саступак па нафце. Тактыка ня новая. Ужо ня першы раз Беларусь пераносіць спрэчкі з РФ на ўзровень інтэграцыйных абʼяднаньняў (АДКБ, ЭАЭС). Разумеючы, што для Масквы вельмі важная пасьпяховая праца гэтых арганізацый, беларускае кіраўніцтва пэрыядычна ўжывае такі рычаг. Прычым, як паказаў мінулы досьвед, збольшага пасьпяхова. Кожны выкарыстоўвае той палітычны інструмэнт, які ў яго ёсьць.

Последнее в рубрике