Віктар Марціновіч: Навучыце асноўнаму — пасвіць свінню, асвятляць жыллё лучынай, калоць дровы. І паноў паважаць
05.02.2019

Віктар Марціновіч: Навучыце асноўнаму — пасвіць свінню, асвятляць жыллё лучынай, калоць дровы. І паноў паважаць

Пісьменнік тлумачыць, чаму школа павінна быць чатырохгадовай.

Я вам больш скажу. Пісаць малады беларус вучыцца, стасуючыся са сваімі гаджэтамі, лічыць — спрабуючы накапіць на гаджэт.

Не ведаючы літар і арыфметыкі, не вызначышся, што табе больш пасуе — прылада на Android за 400 даляраў ці на IOS за 600 даляраў. Не знаючы літар, ты нават у Facebook не залагінішся, не кажучы ўжо пра ВКантакцік ці Аднакласнікі.

Якія функцыі адыгрывае ў жыцці беларусаў школа на сучасным этапе?

Ранняя сацыяльная стратыфікацыя. Папярэдняе вызначэнне, хто з падлеткаў ідзе ў армію яшчэ да адкосу праз універсітэт, а каго забіраюць пазней, на мяжы вайсковых збораў афіцэраў запасу.

Нагляд за настроямі ў бацькоўскім асяродку. І калі бацькі нейкія нестабільныя ці проста чаканутыя на ўсю галаву — беларускамоўныя, напрыклад, — школа дае першы сігнал у органы апекі. Каб далёка не адыходзілі.

Як месца правядзення выбараў і рэспубліканскіх рэферэндумаў, у якім непасрэдна ўсталёўваюцца скрыні для галасавання. Самая галоўная роля ў жыцці нашага грамадства.

Відавочна, што для задавальнення гэтых трох простых патрэбаў школа ў тым выглядзе, у якім цяпер на яе марнуюцца мульёны народных сродкаў, не падыходзіць. Відавочна, трэба нешта радыкальна мяняць.

Па-першае, ці трэба нам забіраць хлопца ў школу на ўвесь год? Бо ў перыяд вясновых і восеньскіх палявых работ на глебе патрэбныя рукі. А краіна ў нас — і гэта ведае любы біёлаг, які не адбіў сабе галаву кольчатымі чарвямі — аграрная. То, можа, варта было б забіраць у школу як на зборы? На самыя паскудныя тыдні года, калі і ў паход не сходзіш і бацькам на разорах не дапаможаш? Снежань, студзень, люты. Можа, крыху лістапада. Можа, палову сакавіка. Вось тут вам — школа. Увесь астатні час падлетак займаецца жыццём, а не школай. Як было раней. За нашымі прадзедамі.

Што тычыцца пераліку дысцыплін, то абсалютна відавочна, што сённяшнія маладзёны не гатовыя да жыцця. І ладна б толькі лямпачку не ведалі як закруціць. Яны ж нават кола на аўтамабілі не заменяць. А дзеўка галубца не злепіць, фарш на каклету не перакруціць. Вось чаму трэба вучыць, а не чарвям. Каб у дарослы ўзрост прыходзілі ўжо цалкам падрыхтаванымі для сямейнага жыцця. Каб забацалі каклет, укруцілі лямпачку — і прэч нахвіг з бацькоўскай шыі. Давайце! Размнажайцеся! Рабіце яшчэ беларусаў!

І, канечне, столькі матэматыкі нармальнаму чалавеку ў жыцці не трэба. Матэматыкай наогул толькі выбраных трэба запарваць — у спецыяльных айці-калоніях для непаўналетніх. Так, каб ужо пазней, пасталеўшы, яны адразу ішлі па этапе: нехта — майніць, нехта — чаліцца ў ПВТ, некага прадаваць за мяжу.

Заўважым: акрамя пажаданых і непажаданых дысцыплін у школах мусяць быць вызначаныя яшчэ й дысцыпліны шкодныя. Такія, якія трэба выкараняць і замяшчаць працай і фізкультурай. Прадметы, якія проста незразумела як трапілі ў нашу школу. Напрыклад — англійская мова. Вось навошта грамадзяніну такой краіны, як Беларусь сёння, англійская мова? З іншаземцамі кантачыць? Дзяржаўныя таямніцы прадаваць? Шпіёнскія сувязі выбудоўваць? Куды глядзяць тыя, каму трэба глядзець?

Ці возьмем хімію. Навошта школьніку — чалавеку маладому і яшчэ няпэўнаму ў жыццёвых арыенцірах — такая небяспечная рэч, як хімія? Ці, можа, нехта з укладальнікаў праграм пераглядзеў замежны кінасерыял Breaking Bad?

Самае галоўнае: школа — гэта абсалютна відавочна гады, выкінутыя ў чалавека з жыцця. Любы, хто сядзеў на іспыце з удзелам свежых беларускіх абітурыентаў, чуў іх адказы на прасцюткія пытанні, з гэтым лёгка пагодзіцца.

Дык калі мы проста бяром і выкідваем з жыцця падлетка некалькі гадоў — ці не лепей зрабіць, каб тых гадоў было як найменей? Ці не наспеў час ад дзесяцігадовай бесперапыннай адукацыі вяртацца да чатырохгадовак па некалькі месяцаў у годзе? Так, паўтаруся, ужо было літаральна якіх 150 гадоў назад. І што, дрэнна жылі? Добра жылі! Хіба цара не любілі? Дык любілі, натуральна!

То кідайце вы ўсіх гэтых чарвякоў і навучыце чалавека асноўнаму: пасвіць свінню, асвятляць жыллё лучынай, калоць дровы, нараджаць дзяцей. І паноў паважаць. Без гэтага нічога добрага не атрымаецца.

Последнее в рубрике