Палітыкі і палітолягі назвалі 10 адметнасьцяў будучай прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі
24.01.2019

Уладзімер Глод, Радыё Свабода

Палітыкі і палітолягі назвалі 10 адметнасьцяў будучай прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі

10 адметнасьцяў налічылі 23 студзеня палітолягі і палітыкі, сабраўшыся ў Менску на паседжаньне экспэртнага клюбу, зладжанае арганізацыяй «Эўрапейскі дыялёг». Гэтую арганізацыю заснаваў былы кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Фото: Радыё Свабода

У абмеркаваньні ўдзельнічалі экспэрты Валер Карбалевіч, Аляксандар Класкоўскі, Паўлюк Быкоўскі, а таксама палітыкі Ігар Барысаў, Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька, Аляксандар Ярашук ды іншыя. Прыводзім факты і ацэнкі, якія прагучалі ў абмеркаваньні.

1. Няпэўнасьць з тэрмінам выбараў. Невядома дагэтуль, калі пройдуць прэзыдэнцкія, калі парлямэнцкія выбары і якія зь іх будуць першымі.

2. У адрозьненьне ад ранейшых выбараў, Захад будзе рабіць стаўку на палітычную стабільнасьць. Будзе маўклівая падтрымка Лукашэнкі.

3. Выбары адбудуцца на тле вострага крызісу ў дачыненьнях з Расеяй.

4. Зьнік «украінскі сындром» — страх беларусаў перад крывёю Майдана.

5. Крызіс даверу грамадзтва да ўлады і асабіста да Лукашэнкі. Людзі ня вераць, што ўлады могуць падняць узровень жыцьця.

6. Фактар інтэрнэту. Каля 70% беларусаў карыстаюцца інтэрнэтам. Роля дзяржаўных каналаў тэлебачаньня моцна ўпала.

7. Палітызацыя грамадзтва ў зьвязку зь беларуска-расейскім канфліктам — як мяркуюць экспэрты, яна будзе ўзмацняцца.

8. Канчатковая дэвальвацыя інстытуту выбараў як сродку ўплыву на ўладу.

9. У пэрыяд самага моцнага крызісу даверу да Лукашэнкі апазыцыя аказалася найгорш за ўвесь час падрыхтаванай да выбараў. Хутчэй для апазыцыі будуць вырашацца не глябальныя пытаньні, а карпаратыўныя, асабістыя, партыйныя.

10. Лукашэнка можа лёгка пазычыць для выбараў лёзунгі апанэнтаў — у тым ліку галоўны зь іх, пра захаваньне сувэрэнітэту і незалежнасьці. Гэта значыць, зноў перахопіць ініцыятыву.

Последнее в рубрике