
Навошта Лукашэнку Рыбка. Тэзісы палітоляга
Загад Аляксандра Лукашэнкі заняцца вызваленьнем Насьці Рыбкі пераводзіць крымінальна-сэксуальную гісторыю ў палітычную сфэру.
Насьця Рыбка
Сэксуальнае пытаньне стала палітычным
Скандал зь вядомай сваімі сэксуальнымі прыгодамі Насьцяй Рыбкай (Вашукевіч), яе затрыманьнем, потым вызваленьнем у Маскве мог бы застацца сюжэтам сьвецкай хронікі (які сьвет, такая і хроніка) ці прадметам цікавасьці жоўтай просы, калі б не дзьве абставіны.
Па-першае, расейскі апазыцыйны палітык Аляксей Навальны сьцьвярджае, што мільярдэр Алег Дзерыпаска асабіста замовіў арышт і пасадку Анастасіі Вашукевіч.
Па-другое, гэтым скандальным сюжэтам зацікавіўся сам Аляксандр Лукашэнка. Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант заявіла kp.by, што кіраўнік дзяржавы «тэрмінова загадаў» заняцца вызваленьнем затрыманай у Расеі Анастасіі Вашукевіч. Міністар замежных спраў Беларусі Уладзімер Макей, адклаўшы ўсе справы, кінуўся вызваляць Насьцю Рыбку, і у рэшце рэштаў, беларуская дыпляматыя атрымала выдатную перамогу. Кіраўнік МЗС апавядаў парталу Tut. by, як лоўка і хутка ён выканаў даручэньне прэзыдэнта, дамогшыся вызваленьня гэтай скандальнай пэрсоны.
Усё гэта адразу пераводзіць згаданую крымінальна-сэксуальную гісторыю ў палітычную сфэру.
Абарона Насьці Рыбкі выглядае нечаканай
Цікаўнасьць да гэтага сюжэту вышэйшага дзяржаўнага кіраўніцтва Беларусі выглядае вельмі дзіўнай. Беларусь рэдка публічна абараняе сваіх грамадзян, якія падвяргаюцца крымінальнаму перасьледу ў іншых краінах. А тут раптам.
Да таго ж Насьці Рыбка — асоба, як цяпер прынята далікатна казаць, з «паніжанай сацыяльнай адказнасьцю». Беларусь здаўна прэтэндуе на тое, каб ісьці ў авангардзе сусьветнай барацьбы супраць прастытуцыі і гандлю людзьмі. Па беларускай ініцыятыве прымаліся нават рэзалюцыі ААН на гэтую тэму. У Беларусі перасадзілі ў турму гаспадароў мадэльных агенцтваў па крымінальным артыкуле аб гандлі людзьмі. Беларускі афіцыйны канструкт прапаведую вельмі кансэрватыўны погляд на пытаньні сэксуальных адносін. Лібэральнае стаўленьне да правоў чалавека — гэта не пра Беларусь І на гэтым тле выступ у абарону правоў жанчыны з маральна сумнеўнымі паводзінамі выглядае нечакана. І патрабуе нейкага тлумачэньня.
Лукашэнка ў вобразе змагара з алігархамі
Думаю, гэты жэст Лукашэнкі трэба разглядаць на тле цяперашняга беларуска-расейскага канфлікту. І тут варта ўзгадаць тую гісторыю, дзякуючы якой Насьця Рыбка стала скандальна знакамітай. У пачатку 2018 году расейскі апазыцыянэр Аляксей Навальны абнародаваў расьсьледаваньня пра магчымыя карупцыйныя сувязі мільярдэра Алега Дзерыпаскі і намесьніка кіраўніка ўраду Расеі Сяргея Прыходзькі. Улетку 2016 году алігарх і чыноўнік, плаваючы разам на яхце, нібыта абмяркоўвалі ўмяшаньне ў амэрыканскія выбары. На гэтай яхце ў ліку іншых дзяўчат з эскорт-агенцтваў была і Вашукевіч. Пазьней пра тое, што адбывалася на яхце Дзерыпаскі, яна расказала ў сваёй кнізе і ў сацыяльных сетках. Скандал меў значны рэзананс у расейскім грамадзтве. Фільма Навальнага на YouTube праглядзела звыш 7 млн чалавек, 29% расейцаў чулі пра гэтую гісторыю.
З Сяргеям Прыходзькам у Аляксандра Лукашэнкі даўнія непрыемныя рахункі. У 2003 годзе кіраўнік Беларусі абвінаваціў расейскага чыноўніка, які тады займаў пасаду намесьніка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Расеі, у супрацьдзеяньні беларуска-расейскай інтэграцыі. У 2010 годзе Сяргей Прыходзька ў статусе памочніка прэзыдэнта Расеі, абвінаваціў кіраўніка Беларусі ў тым, што той абяцаў прызнаць незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі і не прызнаў.
Лукашэнка шмат гадоў выступае ў вобразе непрымірымага змагара з расейскімі алігархамі. Неаднаразова ён даводзіў, што усе праблемы Расеі, у прыватнасьці маштабная карупцыя, беларуска-расейскія канфлікты зьяўляюцца вынікам уплыву сквапных і каварных багацеяў. Арышт у Менску ў 2013 годзе гендырэктара расейскай кампаніі «Уралкалій» Уладзіслава Баўмгертнэра выклікаў авацыі ў значнай часткі расейскага грамадзтва. Маўляў, нарэшце знайшоўся палітык, яка дасьць рады алігархам. Лукашэнка даўно супрацьпастаўляе расейскаму алігархічнаму капіталізму беларускую сацыяльную мадэль, пабудаваную, як ён даказвае, на аснове справядлівасьці.
Кіраўнік Беларусі пераносіць канфлікт на тэрыторыю праціўніка
Цяпер у Расеі адбываецца абвастрэньне сацыяльных праблем, рэйтынг Пуціна ўпаў да рэкордна нізкіх 33%. На гэтым тле, як лічыць Лукашэнка, вельмі своечасова паказаць расейцам, хто вінаваты. А заадно патлумачыць і прычыны ціску Крамля на Беларусь.
І калі, паводле інфармацыі Навальнага, арышт Рыбкі замовіў Дзерыпаска, то выглядае, што Лукашэнка выступіў у абарону ахвяры расейскіх алігархаў. То бок, кіраўнік Беларусі пераносіць канфлікт на тэрыторыю праціўніка, спрабуе апэляваць да расейскага грамадзтва, абараніць жанчыну, якая перасьледуюць алігархі і карумпаваныя чыноўнікі за тое, што яна расказала праўду пра іх брудныя справункі. Такім чынам Насьця Рыбка нечакана выступае ў якасьці лёгкай фігура ў шахматнай партыі Масквы і Менску.
Схема прыгожая, але ёсьць вялікі сумнеў, што яна спрацуе. Дасьціпныя беларусы могуць узгадаць, што сам Лукашэнка рэгулярна зьяўляецца на публіцы ў атачэньні прыгожых дзяўчат.