Людзі і ініцыятывы, якія значна паўплывалі на грамадства ў мінулым годзе
14.01.2019
Наталля Калеснічэнка, Заўтра тваёй краіны, фота: facebook.com/Asambleja

Людзі і ініцыятывы, якія значна паўплывалі на грамадства ў мінулым годзе

Асамблея НДА раздала вожыкаў, якія «натхняюць беларусаў на добрыя справы».

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый у дзесяты раз узнагародзіла лаўрэатаў прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці - 2018». За самы значны ўнёсак у жыццё грамадзянскай супольнасці 10 дзеячаў ды ініцыятываў атрымалі статуэтку вожыка-чэмпіёна аўтарства скульптара Геніка Лойкі.

«Грамадзянскім лідарам года» большасць са 112 членаў журы абралі арганізатара «Свята незалежнасці» (святкавання 100-годзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі) Паўла Белавуса.

— Гэта прэмія тым каля 2 тысячаў чалавек, якія ахвяравалі свае сродкі і ўдзельнічалі ў арганізацыі свята. А я – прадстаўнік вялікай супольнасці людзей, якая зрабіла ўсё гэта. Давайце будзем спадзявацца не на Расію і Еўропу, а ў першую чаргу на сябе, на тых людзей, якія тут жывуць, якія робяць сваю справу, дзякуючы якім Беларусь будзе лепшай і будзе жыць, – адзначыў у падзяке пераможца намінацыі заснавальнік «Арт Сядзібы» Павал Белавус.

Сама кампанія па адзначэнні 100-годдзя БНР стала «Кампаніяй году».

У намінацыі «Новая ініцыятыва» за важнасць ініцыятывы для мэтавай аўдыторыі перамог універсітэт імя Ніла Гілевіча.

– Толькі 4 краіны ў Еўропе маюць універсітэты не на сваёй мове. Сярод іх і Беларусь. Без вышэйшай адукацыі на роднай мове наша краіна ніколі не стане сапраўды незалежнай. Ідэя стварыць свой нацыянальны ўніверсітэт мае роўна 100 год – гэтую ідэю выказалі заснавальнікі БНР у 1918 годзе. Другі раз выказвалі такую ідэю пасля рэферэндума ў 1997 годзе. І за спіной гэтага вожыка стаяць 55 тысяч грамадзян, якія паставілі свае подпісы, каб гэты ўніверсітэт быў. Таму спадзяемся, што ў гэтым годзе мы абвесцім першы набор ва ўнівесітэт імя Ніла Гілевіча, – адзначыў, атрымаўшы ўзнагароду, старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.

Самай значнай рэгіянальнай падзеяй стала кампанія супраць акумулятарнага завода ў Берасці.

– Эта премия по праву заслужена брестчанами и жителями Брестского района. Простые люди разного финансового достатка и профессий объединились против чиновничьего безразличия. Основная наша задача – объединение ради чистой окружающей среды, − вызначыў сябра грамадскай ініцыятывы «Берасце супраць свінцу» Міхаіл Галуза.

Пераможцам намінацыі «Крэатыў году» як самая яскравая і крэатыўная грамадская кампанія стала бацькоўская ініцыятыва «Дзеткі-кветкі», якая правяла маніторынг моўнага статусу ў 106 дзіцячых садках Мінску.

– Мы хочам выхоўваць сваіх дзетак па-беларуску і каб яны размаўлялі па-беларуску ўжо с першых гадоў – пачынаючы з ясляў, – адзначыла сябра «Дзетак-кветак» Аляксандра Баярына.

У новай намінацыі «Талака году» – «за самае паспяховае далучэнне да грамадскай актыўнасці людзей праз краўдфандынг» лепшай стала Краўдфандынгавая платформа Talaka.

—Платформа дает возможность любому человеку делать себя лучше, —вызначыў дырэктар Talaka.by Глеб Анісімаў і падзякаваў усім яе ўдзельнікам, спонсарам і супрацоўнікам.

Серыя відэаролікаў «Мова пра мову» перамагла ў намінацыі «Мэдыяактыўнасць году».

– У 1980-я гады былі згуртаванні, якія вярталі свядомасць і ідэнтычнасць, шанавалі беларускую мову і пераходзілі на яе. Пакаленні змяніліся – цяпер ёсць такія шчаслівыя людзі, якія не могуць вытрымаць больш за 15 секундаў чытання тэкста альбо прагляду відэа. Прыходзіцца гэта ўлічваць. Таму апошняя серыя відэа за 15 секундаў тлумачыць, вучыць, натхняе, мяняе свядомасць да лепшага, – расказаў стваральнік праекта мовазнаўца Вінцук Вячорка.

Кааліцыйная праца праваабарончых НДА Беларусі пры падрыхтоўцы дакладу ў Камітэт па правах чалавека ААН была прызнана найлепшым партнёрствам году.

– Наша кааліцыя складаецца з 14 праваабарончых арганізацый. Аб’ядноўвае нас тое, што мы спрабуем зрабіць сітуацыю з правамі чалавека крыху лепшай. І спадзяемся, што з дапамогай беларускіх арганіацый і ААН сітуацыя палепшыцца, – выказаў надзею прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага камітэта Зміцер Чарных.

«Журналісткай году» абралі журналістку інфармагенцтва БелаПАН Таццяну Каравянкову за «прафесійнае асвятленне грамадска-палітычных тэм».

– В прошлом году журналисты, которые обычно находятся за новостями, сами стали героями новостей, «благодаря» «Делу БЕЛТА». Это дело еще не закончилось, и главред TUT.by Марина Золотова все еще остается обвиняемой. Нам важно проявить солидарность и поддержать ее в этот момент, – сказала ў славах падзякі Таццяна Каравянкова.

Антрыпрэмію «Гарбуз», якую ўручаюць за дзеянні ў дачыненні да арганізацый ці прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці атрымала інфармагенцтва БЕЛТА, па чыёй заяве 14 журналістаў недзяржаўных мэдыя абвінавачвалі ў несанкцыянаваным доступе да інфармацыі.

Последнее в рубрике