31.12.2018
Юры Дракахруст, Радыё Свабода

Вынікі сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна і пэрспэктыва беларуска-расейскіх адносінаў

Каму была патрэбная сустрэча двух лідэраў і чым яна скончылася? Якія варыянты ёсьць у афіцыйнага Менску? Пры якіх умовах Лукашэнка можа прыняць расейскія патрабаваньні?

Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць аглядальнікі Свабоды Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

«Лукашэнку ўпершыню давядзецца зразумець, што ранейшых адносінаў ня будзе»

Дракахруст: Каму і навошта спатрэбілася сёньняшняя сустрэча? Хто і на што спадзяваўся – праз чатыры дні пасьля мінулай сустрэчы? Што магло зьмяніцца за гэтыя чатыры дні?

Цыганкоў: Сустрэча была патрэбная найперш Аляксандру Лукашэнку. Ён усё ня можа паверыць, што расейская пазыцыя такая, якая яна зараз ёсьць, што ў яго не атрымаецца ўлагодзіць гэтую пазыцыю і вырашыць усё пытаньні праз асабістыя стасункі.

Магчыма, упершыню Лукашэнку давядзецца зразумець, што ранейшых адносінаў ня будзе.

Дракахруст: Расейцы зараз увесь час настойваюць на выкананьні пунктаў саюзнай дамовы. Лукашэнка спадзяваўся, што расейцы пра яе забудуць?

Карбалевіч: Зьвярну ўвагу, што ў адрозьненьні ад 25 сьнежня гэтая сустрэча была сам-насам, не было чальцоў урадаў. Лукашэнка спадзяваўся ўгаварыць Пуціна. Пазыцыю — спачатку саюзная дзяржава, а потым грошы — фармулявалі прэм'ер Мядзьведзеў, першы віцэ-прэмʼер Сілуанаў. Пуцін неяк ухіліста выказваўся, публічна, прынамсі. Лукашэнка паспрабаваў сам-насам дамовіцца з Пуціным «па паняцьцях».

Раней у яго атрымлівалася адбіцца — у 2006 годзе, у 2010 годзе. Спадзяваўся і зараз пераканаць.

Дракахруст: А можа Пуцін на нешта спадзяваўся? У Беларусі і ў Расеі многія былі ўпэўненыя, што Пуцін прымусіць Лукашэнку саступіць.

Карбалевіч: Я думаю, што пэўная саступка зь беларускага боку ёсьць — тое, што беларускі бок выказаў гатоўнасьць абмяркоўваць далейшае будаўніцтва саюзнай дзяржавы. Менавіта да гэтага штурхаў расейскі бок. Што атрымаецца з гэтых перамоваў — гэта ўжо іншая справа.

Мова целаў Лукашэнкі і Пуціна

Дракахруст: На што вы зьвярнулі ўвагу падчас гэтай сустрэчы?

Карбалевіч: Пуцін адназначна ў сваім прывітальным слове сказаў, што галоўнае пытаньне перамоваў — пляны будаўніцтва саюзнай дзяржавы. Лукашэнка пагадзіўся абмяркоўваць гэтую тэму, але зь ягоных словаў не вынікала, што гэта адзіны ці нават галоўны пункт парадку дня перамоваў.

Цыганкоў: На сёньняшняй сустрэчы прыцягнулі ўвагу словы пра «братоў-расейцаў». Перад сустрэчай 25 сьнежня, калі ён казаў, што Расея — ужо ня брат, а партнэр, ён тлумачыў, што некаторым у Маскве не падабаецца, калі ён называе расейцаў «братамі». А цяперашняя заява — маўляў, мы настойваем на братэрстве. Ён у 90-я гады казаў, што ворагі заселі ў кіраўніцтве Расеі.

Цяпер сытуацыя паўтараецца. Крэмль кажа — вы гаварылі, што гатовыя ісьці ў інтэграцыі як заўгодна далёка. Дык Расея гатовая, гатовая выконваць пагадненьні, якія з вамі падпісаныя і па вашай ініцыятыве былі заключаныя тыя пагадненьні.

Гэтая пазыцыя даволі лягічная. Але Лукашэнка тут можа, як пісаў Валер Карбалевіч, зацягнуць у дрыгву гэтыя перамовы пра саюзную дзяржаву.

Куды вядуць ростані расейскага ўльтыматуму?

Дракахруст: Што будзе далей рабіць афіцыйны Менск? Заклікаць народ цярпець, зацягваць паясы, прасіць грошы ў МВФ, у Захаду, праводзіць рэформы?

Карбалевіч: Што дакладна ня будзе рабіць Лукашэнка — гэта бразгаць дзьвярыма, спальваць масты. Акрамя нафтавых субсыдыяў ёсьць шмат іншых прэфэрэнцый. Не атрымаўшы таго, што хочацца, трэба спрабаваць захаваць тое, што ёсьць.

У Лукашэнкі ёсьць час. У наступным годзе страты — каля 300 мільёнаў. Магчыма, і сапраўды можна наладзіць супрацу з МВФ, могуць быць спадзевы на Кітай. Наступны год — гэта лаг, які дае магчымасьць пашукаць варыянты.

Цыганкоў: Лукашэнка — не самагубца. 20 гадоў мы абмяркоўваем пытаньне, ці пойдзе ён на рынкавыя рэформы. Былі часы нашмат больш цяжкія. Гэта дэвальвацыя 2011 году, гэта спад 2015-2017 гадоў. Тады ён не праводзіў істотныя рэформы. Калі ў самыя цяжкія часы не праводзіў рэформаў, дык чаму пачне іх зараз?

2019 год ён можа пратрымацца на інэрцыі росту, які назіраўся ў 2018 годзе.

Рэформы пачнуцца не тады, калі скароцяцца расейскія субсыдыі, а калі будзе масавае выказваньне незадаволенасьці насельніцтва

Карбалевіч: Рэформы пачнуцца не тады, калі скароцяцца расейскія субсыдыі, а калі будзе масавае выказваньне незадаволенасьці насельніцтва. Калі будзе ўсё ціха, то пытаньне — што рабіць — проста адпадае. Ды нічога — цярпець, трываць.

Дракахруст: Ну а калі і сапраўды стане кепска? Ці можа так скласьціся, што сацыяльна-эканамічныя абставіны, страты, прымусяць Лукашэнку пайсьці насустрач прапановам Пуціна?

Карбалевіч: Цяжка ўявіць сабе, каб Лукашэнка пагадзіўся на страту нацыянальнай валюты. Ён упарта ня хоча, каб Беларусь уступала ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю. Таму што сяброўства ў СГА накладае пэўныя абмежаваньні на эканамічную палітыку. У аўтарытарнага лідэра ўлада павінна быць поўная.

А перайсьці на расейскі рубель — гэта большая страта фінансавай незалежнасьці, чым сяброўства ў СГА.

Цыганкоў: Ёсьць выслоўе, што калі нехта плавае, як качка, ходзіць, як качка, крэкая, як качка, то напэўна, гэта качка. Мы ведаем, як Лукашэнка паводзіў сябе раней у падабных сытуацыях. Мы можам прагназаваць, як ён будзе паводзіць сябе далей. Ён ня пойдзе на крокі, якія істотна абмяжуюць яго ўладу над Беларусьсю.

Ці можа пратэст прымусіць прыняць прапановы Крамля?

Дракахруст: А ці можа яго да гэтага падштурхнуць вуліца, пратэсты? Пратэсты не за Расею, а пратэсты супраць зьбядненьня.

Цыганкоў: Людзі аўтарытарнага мысьленьня ня надта схільныя да вулічных пратэстаў. Яны могуць выказаць незадавальненьне на кухні ці на выбарах.

На загад улады такія людзі могуць выйсьці. А насуперак уладзе, ведаючы, што цябе могуць затрымаць, арыштаваць – я ня думаю, што ў Беларусі так шмат прарасейскіх актывістаў, гатовых да такіх дзеяньняў.

Ну і практычнае меркаваньне — а з чаго вынікае, што, скажам, пераход на расейскі рубель прынясе беларусам вялікія даброты? Мне, напрыклад, відавочна, што калі эмісійны цэнтар будзе ў Маскве, то ніякага паляпшэньня эканамічнай сытуацыі ў Беларусі ад гэтага ня будзе.

Карбалевіч: Калі мы абмяркоўваем сытуацыю, што народ выйдзе на вуліцу, калі вуліца стане важным фактарам палітычнага жыцьця, то гэта будзе азначаць, што Лукашэнка стане слабым. У Беларусі тады зьявяцца іншыя чыньнікі ўплыву на палітыку.

Гэта можа суправаджацца і расколам эліты, абсалютна мёртвы парлямэнт можа заварушыцца, ня кажучы ўжо пра апазыцыю. Лукашэнку будзе тады цяжка прымаць рашэньні аднаасобна.

Последнее в рубрике