Ці парушылі закон дэпутаты, калі «вычленілі» з Крымінальнага кодэксу «наркатычны» артыкул?

Ці парушылі закон дэпутаты, калі «вычленілі» з Крымінальнага кодэксу «наркатычны» артыкул?

У перадапошні дзень восеньскай сэсіі Палата прадстаўнікоў прыняла шэраг паправак да Крымінальнага кодэксу, выключыўшы, аднак, зь іх 328-ы «наркатычны» артыкул. Ці законна гэта?

Радыё Свабода спыталася ў судзьдзі першага складу Канстытуцыйнага суду і ў старшыні цяперашняй парлямэнцкай камісіі па заканадаўстве.

Судзьдзя першага складу Канстытуцыйнага суду Рэспублікі Беларусь, доктар юрыдычных навук, прафэсар Міхаіл Пастухоў выказаў Свабодзе думку, што дэпутаты «парушылі асноўныя прынцыпы нарматворчага працэсу».

— Гэтыя прынцыпы вызначаюцца ў законе «Аб нарматыўна-прававых актах Рэспублікі Беларусь» ад 10 студзеня 2000 году з наступнымі папраўкамі. А там вызначаныя стадыі працэсу. І калі нешта абмеркавалі ў першым чытаньні (а менавіта так адбылося з 328 артыкулам), то дэпутаты абавязаныя працягнуць працэс і разглядаць гэта ў другім і апошнім чытаньні, — лічыць прафэсар Пастухоў.

Ён кажа, што фармальная падстава для вычляненьня артыкула з другога чытаньня — адсутнасьць узгадненьня законапраекту ўсімі зацікаўленымі.

— Калі б гэта здарылася пры абмеркаваньні дакумэнту ў першым чытаньні, то тут, з майго пункту гледжаньня, парушэньняў не было б. Але ж гэта другое чытаньне, дакумэнт ужо даўно ў Палаце прадстаўнікоў. Таму я лічу, што гэтая падстава штучная і надуманая. Мне падаецца, што дэпутаты тут злоўжылі сваім становішчам, — падсумоўвае сытуацыю прафэсар-юрыст.

Ён кажа, што дэпутаты парушылі правы і тых, хто цяпер у турме паводле 328 артыкула, бо магчымая папраўка павінна была б распаўсюджвацца і на іх. А таксама правы тых, каго яшчэ будуць судзіць па «наркатычным» артыкуле.

Старшыня парлямэнцкай камісіі: такія выпадкі бываюць скрозь

Патлумачыць сваё бачаньне сытуацыі мы папрасілі і старшыню камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве Натальлю Гуйвік.

Яна кажа, што працуе ў Палаце прадстаўнікоў ужо сёмы год, і выпадкі, падобныя да таго, што цяпер з 328 артыкулам, здараліся «скрозь».

— Вось апошні прыклад. Артыкул 243 Крымінальнага кодэксу пра нясплату падаткаў ад самага пачатку вяла наша камісія. Гэты артыкул тармазіў прыняцьце ўсяго законапраекту. Мы яго «вычленілі» і перанесьлі. І ніякага парушэньня тут няма», — кажа Гуйвік.

Старшыня камісіі згадвае і сытуацыю з «наркатычным» артыкулам.

— Прымаліся папраўкі да Крымінальнага кодэксу. Яны вельмі актуальныя, бо тычыліся лібэралізацыі, дэкрыміналізацыі ажно 15 складаў злачынстваў у эканамічнай сфэры. І таму нельга было толькі з-за 328 артыкула тармазіць вельмі добры ў цэлым законапраект, — кажа Натальля Гуйвік.

Яна дадае, што ня бачыць ніякай прынцыповай розьніцы, калі адбываюцца пераносы і выключэньні з законапраекту — падчас першага ці другога чытаньня.

— Тое, што 328 артыкул разгледзелі ў першым чытаньні, гэта якраз добра. Бо калі б не было першага чытаньня, то сытуацыя магла б стаць яшчэ больш складанай. Зьмены да Крымінальнага кодэксу ў парлямэнт уносіў як суб’ект заканадаўчай ініцыятывы Саўмін. А цяпер уявіце, што першага чытаньня не было. Тады ўрад мог бы артыкул 328 проста адклікаць. А цяпер ва ўраду такога права ўжо няма — норма прынятая ў першым чытаньні, — канстатуе старшыня камісіі.

Яна мяркуе, што 328 артыкул будзе прыняты, але «ў іншым законапраекце».

Последнее в рубрике