Ці можа шантаж Крамля прывесьці да 50-працэнтнай дэвальвацыі беларускага рубля
21.12.2018
Алесь Дашчынскі, Радыё Свабода

Ці можа шантаж Крамля прывесьці да 50-працэнтнай дэвальвацыі беларускага рубля

Кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса эканаміст Яраслаў Раманчук агучыў «чорны» сцэнар для Беларусі на 2019 год. Згодна зь ім дэвальвацыя (зьніжэньне курсу) беларускага рубля можа дасягнуць 50%.

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Чым гэта патлумачыў эканаміст і што прагназуюць іншыя?

У фэйсбуку Яраслаў Раманчук напісаў, што ў 2019–2020 гадах Беларусь «можа атрымаць удар сілай да 10% свайго ВУП».

Падставай для гэтага стаў шантаж Расеі адносна Беларусі, зьвязаны з тым, што расейскі бок адмовіўся кампэнсаваць Менску страты ад падатковага манэўру і даць зьніжку на газ на 2019 год.

Саступкі ў гэтым пытаньні расейскі прэм’ер Дзьмітры Мядзьведзеў зьвязаў з «больш паглыбленай інтэграцыяй» Беларусі і Расеі.

Аляксандар Лукашэнка адрынуў гэтую прапанову, маўляў, «шантажаваць марна».

Скандал з Расеяй істотна паўплываў на фармат і працэдуру прыняцьця беларускага бюджэту на наступны год.

Яраслаў Раманчук патлумачыў Свабодзе, што дэвальвацыя ў 50% — гэта магчымы «чорны» сцэнар пры шэрагу ўмоваў:

— калі расейскі рубель абваліцца да 90–100 рублёў за даляр;

— калі Расея Беларусі ня будзе пастаўляць нафтапрадукты;

— калі ня будзе палёгкі па нафце і газу;

— калі Расея ня дасьць крэдытаў;

— калі ўрад выб'е сабе новыя рублёвыя крэдыты для дзяржпрадпрыемстваў.

«У такім выпадку будзе дысбалянс, і сёньня Павал Калаўр пацьвердзіў, што ў Беларусі існуюць вялікія рызыкі зьнешняга ціску на рубель і на цэны. Ён кажа, што будзе імпарт інфляцыйна-дэвальвацыйных працэсаў з Расеі. Калі перакладаць на іншую мову, то гэта менавіта тое, што я казаў», — адзначае Раманчук.

Што сказаў старшыня Нацбанку

Старшыня Нацбанку Беларусі Павал Калаўр сказаў журналістам, што курс рубля ў 2019 годзе будзе плаваючы і «справядлівы».

«Рызыка таго, што мы сутыкнёмся зь імпартам інфляцыйна-дэвальвацыйных працэсаў з Расеі, вялікая».

Каб мінімізаваць наступствы, патрэбна адказная грашова-крэдытная палітыка. «Калі гэтых мер будзе недастаткова, задзейнічаем больш шырокі спэктар інструмэнтаў», — сказаў старшыня Нацбанку.

Паводле Калаўра, інфляцыя складзе ня больш за 5%.

Раманчук: «Дэвальвацыя можа быць 50% і больш»

Паводле Раманчука, удар з Расеі будзе меншы, «калі ўрад радыкальна зьменіць бюджэтную палітыку».

«Выкананьне прапісанага ў бюджэце (што пэнсія павысіцца на 14% альбо будзе захоўвацца шкодная палітыка, калі пры росьце прадукцыйнасьці працы менш за 4% намінальны заробак расьце на 17–18%) руйнуе нашу эканоміку і вядзе краіну да той мяжы, якая нагадвае 2011 год.

То бок дэвальвацыя можа быць 50% і больш, у залежнасьці ад таго, як будзе выкарыстоўвацца бюджэт і рублёвыя рэсурсы, каб выканаць палітычныя праекты ў 2019–2020 гадах, калі будуць выбарчыя кампаніі».

Паводле Раманчука, рызыкі горшага сцэнару яшчэ існуюць.

«Я не магу выключыць таго, што ў 2019 годзе курс беларускага рубля да даляра будзе большы за 2,7 рубля і наблізіцца да 3 рублёў».

Іосуб: «Даляр, найхутчэй, застанецца ў межах 2,25 рубля»

Старшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб у камэнтары Свабодзе сказаў, што, паводле разьлікаў Міністэрства фінансаў, Беларусь недаатрымае ў наступным годзе з прычыны падатковага манэўру каля 300 мільёнаў даляраў.

«Гэтай сумы наш валютны рынак практычна не заўважыць. Калі ўлады ўсё будуць рабіць правільна, то дэвальвацыя беларускага рубля ў 2019 годзе наўрад ці перавысіць 1–2%, даляр застанецца на ўзроўні 2,25 рубля.

Быць дэвальвацыі ці не, насамрэч залежыць ня столькі ад цэнаў на газ і нафту, падатковага манэўру, колькі ад грашова-крэдытнай палітыкі, ад таго, ці будуць друкаваць грошы і разганяць заробкі».

Паводле Вадзіма Іосуба, пляны па росьце даходаў у наступным годзе ёсьць, але ў тлумачальнай запісцы да бюджэту агаворваецца, што даходы павінны расьці з аглядкай на рост прадукцыйнасьці працы.

«У гэтым годзе рост рэальных даходаў абагнаў прадукцыйнасьць працы. Але ў наступным годзе павінна вярнуцца гэтая ўзгодненасьць», — лічыць фінансавы аналітык.

«Беларусь мае ўсе козыры, каб атрымаць кампэнсацыю ўсіх стратаў»

Эканаміст Сяргей Чалы мяркуе, што цяпер беларускі рубель не пераацэнены, у адрозьненьне ад усіх папярэдніх гадоў. Адпаведна, няма і патэнцыялу некуды падаць. Хоць гэтаму можа паспрыяць расейскі рубель.

«Але расейскі рубель сам па сабе залежыць ад цэнаў на нафту і рэчаў, зьвязаных з санкцыямі. То бок страта бюджэтных даходаў ніяк не зьвязаная з дэвальвацыяй беларускага рубля. Яна будзе зьвязаная са скарачэньнем выдаткаў бюджэту. Але гэта іншая гісторыя, і пра дэвальвацыю тут гаворкі няма».

Сяргей Чалы не бярэцца прагназаваць, які можа быць курс беларускага рубля ў наступным годзе.

Што да спрэчкі з Расеяй, то, паводле эканаміста, Беларусь мае «ўсе козыры, каб атрымаць ад Расеі кампэнсацыю ўсіх стратаў».

«У Піцеры мы бачылі ня вельмі ўдалы рытарычны прыём Лукашэнкі, які прывёў да дэмаршу Козака і Мядзьведзева. Насамрэч гэта, хутчэй, нейкія асабістыя пытаньні. Але рана ці позна пытаньне будзе вырашана адносна станоўча», — мяркуе Чалы.

Последнее в рубрике