19.12.2018
Алена Літвінава, Радыё Свабода

Чаму зь мірнай Беларусі едуць жыць ва Ўкраіну, якая ваюе?

Колькі беларусаў маюць від на жыхарства ва Ўкраіне? Каму даюць, а каму — не? Свабода сабрала зьвесткі.

Паміж Беларусьсю і Ўкраінай гістарычна існуюць моцныя сувязі — эканамічныя, культурныя і людзкія. Гэтым абумоўленыя і традыцыйныя плыні міграцыі — украінцаў у Беларусь і беларусаў ва Ўкраіну.

Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што ў Беларусь ад «канфлікту на Данбасе» ўцяклі каля 160 тысяч украінцаў. Хоць, паводле афіцыйных зьвестак, у пэрыяд найбольш актыўных баявых дзеяньняў на ўсходзе Ўкраіны — у 2014–2015 гадах — па статус уцекача ў Беларусі зьвярнуліся 1642 грамадзяніны Ўкраіны, і толькі 1 чалавек атрымаў такі статус, а 1089 — дадатковую абарону.

Беларусы — у «дзясятцы» па відах на жыхарства ва Ўкраіне

Ва Ўкраіне на сталай аснове пражываюць 275 030 замежных грамадзян, яшчэ 92 608 — маюць права на часовае пражываньне.

Паводле зьвестак Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны, від на сталае жыхарства маюць 9029 грамадзян Беларусі. Згодна з украінскім заканадаўствам на такі дакумэнт маюць права замежнікі і асобы без грамадзянства, якія стала пражывалі на тэрыторыі Ўкраіны ў савецкія часы або імігравалі ва Ўкраіну.

Яшчэ 2314 беларусаў пражываюць ва Ўкраіне часова. Згодна з заканадаўствам від на часовае жыхарства выдаецца толькі на адзін год пры наяўнасьці адпаведных падстаў — запрашэньне на працу, стварэньне сям’і, удзел у статутным капітале камэрцыйнай арганізацыі (ня менш як 100 тысяч эўра), навучаньне, удзел у міжнародных і рэгіянальных валянтэрскіх праграмах, а таксама кантракт з Узброенымі сіламі Ўкраіны. Па такі дакумэнт мусяць зьвяртацца і журналісты, каго накіроўваюць ва Ўкраіну працаваць уласным карэспандэнтам замежнага сродку масавай інфармацыі.

Паводле колькасьці выдадзеных ва Ўкраіне пасьведчаньняў на права жыхарства — і сталага, і часовага — беларусы ня лідэры, але ў «дзясятку» ўваходзяць упэўнена.

Па колькасьці замежнікаў, што стала пражываюць ва Ўкраіне, на першым месцы — грамадзяне Расеі (152 162 асобы). Наступныя месцы, зь вялікім адрывам ад расейцаў, займаюць Малдова (больш за 18 тысяч), Армэнія і Грузія (па 12 тысяч).

Сярод тых замежнікаў, хто часова пражывае ва Ўкраіне, наперадзе — Індыя (10 938), Расея (9084), Марока (5605), Турэччына (5497), Азэрбайджан (5148) і Эгіпет (3015).

Статус уцекача беларусам атрымаць складана

Замежныя грамадзяне маюць права стала пражываць на тэрыторыі Ўкраіны яшчэ ў двух выпадках — калі атрымаюць статус уцекача (пасьля трох гадоў пражываньня ў такім статусе замежнік можа зьвярнуцца па атрыманьне грамадзянства Ўкраіны) і дадатковую абарону Ўкраіны (гэты статус не дазваляе зьвяртацца па ўкраінскае грамадзянства).

Аднак, як сьведчыць практыка, такі спосаб легалізацыі беларусаў ва Ўкраіне надзвычай складаны. На гэты момант статус уцекача маюць 18 грамадзян Беларусі, яшчэ 6 атрымалі дадатковую абарону Ўкраіны. Прозьвішчаў гэтых грамадзян не называюць, спасылаючыся на канфідэнцыйнасьць інфармацыі, бо яе распаўсюджаньне можа «стварыць небясьпеку для іх уладальнікаў».

У міграцыйнай службе няма адзінага падыходу да ацэнкі пагрозаў беларусам у краіне паходжаньня. Часьцей у такіх статусах ім адмаўляюць, але грамадзяне Беларусі не адступаюць і спрабуюць праз суд давесьці факты перасьледу на радзіме.

Беларусь — прававая ці аўтарытарная? Дзьве гісторыі беларускіх уцекачоў

Украінскія суды таксама па-рознаму падыходзяць да выпадкаў, калі беларусы скардзяцца на адмову міграцыйнай службы надаць статус уцекача ці дадатковую абарону Ўкраіны.

Сёлета ў траўні жыхар Гомельскай вобласьці разам са сваёй жонкай і непаўналетнім сынам зьвярнуўся па дадатковую абарону Ўкраіны. Як вынікае зь ягонай заявы, сям’я зьехала ў Чарнігаўскую вобласьць пасьля таго, як яго пазбавілі ў Беларусі ліцэнзіі на ажыцьцяўленьне перавозак. Беларус сьцьвярджае, што такім чынам улады адпомсьцілі яму за тое, што ён у 2015 годзе, выкарыстоўваючы свой транспарт, нібыта дапамагаў сваім суграмадзянам дабрацца ў Менск на акцыю з нагоды Дня Волі (тады ўлады дазволілі шэсьце — РС).

Што праўда, гэты гамяльчук зьвярнуўся ў міграцыйную службу толькі пасьля таго, як яго аштрафавалі за парушэньне тэрмінаў знаходжаньня замежнікаў ва Ўкраіне. Але гэта было толькі дадатковым аргумэнтам, які выкарыстаў суд у вэрдыкце аб законнасьці адмовы міграцыйнай службы ў наданьні дадатковай абароны Ўкраіны.

Сваё рашэньне Чарнігаўскі акруговы адміністратыўны суд абгрунтаваў так:

«Беларусь зьяўляецца прававой дзяржавай, у якой працуе дзейсная сыстэма праваахоўных і судовых органаў. Абарона правоў чалавека гарантуецца разьдзелам II Канстытуцыі рэспублікі. Нягледзячы на інфармацыю аб парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, кожны мае права зьвяртацца ў Вярхоўны суд, Эўрапейскі суд у правах чалавека і камітэт Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у правах чалавека, калі лічыць, што ягоныя правы былі парушаныя. Таксама кожны ў Беларусі мае права на правядзеньне мітынгаў, акцый і дэманстрацый, калі яны не ўяўляюць пагрозы іншым людзям і ўзгодненыя зь мясцовымі ўладамі.

Лічыцца, што пытаньне праблематыкі правоў чалавека ў Беларусі выкарыстоўваецца палітыкамі некаторых заходніх краін з мэтай аказаньня ціску на ўладу і адстойваньне ўласных інтарэсаў, а сама рэспубліка прытрымліваецца базавых дэмакратычных прынцыпаў. Акрамя таго, на тэрыторыі гэтай краіны не адбываецца ніякіх ваенных, палітычных канфліктаў, а таксама канфліктаў на рэлігійнай, нацыянальнай або моўнай глебе, палітычная і эканамічная сытуацыя стабільная. Такім чынам, аналізуючы вышэйпададзеную інфармацыю па краіне паходжаньня заяўніка, можна зрабіць выснову, што перасьледы за палітычныя ці іншыя перакананьні ў гэтай краіне не адбываюцца».

Супрацьлеглую ацэнку сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі даў Акруговы адміністратыўны суд Кіева, калі разглядаў скаргу Вячаслава Кушнера на адмову ў наданьні статусу ўцекача — беларускія ўлады патрабуюць яго экстрадыцыі ў межах крымінальнай справы беларускага бізнэсоўца, заснавальніка групы кампаній «Сармат-СТІ» Аляксандра Кныровіча і шасьці іншых супрацоўнікаў гэтага прадпрыемства.

Абавязаўшы Дзяржаўную міграцыйную службу Ўкраіны перагледзець рашэньне аб адмове, суд патрабаваў пераправерыць факты, выкладзеныя ў матэрыялах беларускіх СМІ, якія пацьвярджаюць «жорсткае і нават тыранічнае стаўленьне дзейнай улады да бізнэсоўца Аляксандра Кныровіча і ягоных аднадумцаў», а таксама факты фальсыфікацыі справы.

Пры гэтым суд спаслаўся на штогадовую справаздачу Рады міністраў замежных спраў Эўразьвязу аб правах чалавека і дэмакратыі ў сьвеце ў 2017 годзе — у ёй адзначаецца пагаршэньне становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі ў сувязі з павелічэньнем колькасьці палітычна матываваных арыштаў, затрыманьняў і штрафаў у дачыненьні да актывістаў апазыцыі, праваабаронцаў, журналістаў і прадстаўнікоў прафсаюзаў. А таксама — на справаздачу Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, у якой Беларусь вызначана аўтарытарнай дзяржавай, бо грамадзяне не маглі выбіраць свой урад на свабодных і справядлівых выбарах.

Судовыя працэсы па міграцыйных справах ідуць доўга, часам гадамі, увесь гэты час замежнікі маюць права заставацца ва Ўкраіне. Калі ж вышэйшая судовая інстанцыя — Вярхоўны суд — пацьвердзіць законнасьць адмовы ў наданьні статусу ўцекача або дадатковай абароны Ўкраіны, грамадзяне мусяць вяртацца ў краіну свайго грамадзянства, шукаць прытулку ў іншых краінах або заставацца на правах нелегала.

Актывіст беларускага гей-руху канца 90-х — 2000-х гадоў Эдвард Тарлецкі, які стаў ва Ўкраіне вядомай drаg-зоркай, зьехаў у Швэцыю пасьля адмовы ўкраінскіх уладаў даць яму статус уцекача. Ён амаль два гады судзіўся зь Дзяржаўнай міграцыйнай службай, але ўрэшце свой пазоў зь Вярхоўнага суду Ўкраіны адклікаў, бо ня бачыў магчымасьці адстаяць свае правы.

«Міграцыйная служба і суды Ўкраіны не пачулі маіх аргумэнтаў, якія тычыліся справы атрыманьня статусу ўцекача і дазволу на жыхарства. І я ўжо ня ў стане пераканаць гэтыя інстытуты, бо яны дастаюць нейкую фэйкавую аргумэнтацыю... Напрыклад, я ім даволі дакладна патлумачыў, чаму я зьехаў зь Беларусі — што супраць мяне там была сфабрыкаваная справа і некалькі разоў былі напады на мяне, а яны сфармулявалі, што я нібыта прыехаў ва Ўкраіну, каб палепшыць свой дабрабыт, працуючы травэсьці-дзівай, а яшчэ знайшлі ў інтэрнэце інфармацыю, што я зьяўляюся агентам КДБ», — казаў Свабодзе Эдвард Тарлецкі.

Дазвол на пражываньне і працу ў Швэцыі яму дапамаглі атрымаць міжнародныя арганізацыі. Камітэт у справах уцекачоў ААН прызнаў яго ўцекачом і прапанаваў удзельнічаць у праграме перасяленьня ў іншую краіну.

«Беларусы едуць ва Ўкраіну па свабоду»

«Чаму беларусы едуць ва Ўкраіну? Як гэта ні патасна гучыць — па свабоду», — кажа яшчэ адзін беларус. Ён адмовіўся ад публікацыі ягонага прозьвішча, бо ўжо доўгі час жыве ва Ўкраіне нелегальна — ня змог атрымаць пасьведчаньне на права жыхарства, бо ня меў падстаў. Але цяпер разважае над зьменай грамадзянства.

Яшчэ некалькі грамадзян Беларусі, якія пасьля ўдзелу ў Эўрамайдане ў 2013–2014 гадах марна спрабавалі атрымаць статус уцекача, атрымалі пасьведчаньне на права часовага пражываньня як удзельнікі валянтэрскага руху.

«Пакуль што ва Ўкраіне свабодаў больш, чым у Беларусі. Магчыма, таму і едуць. Верагодна, ва Ўкраіне і прасьцей зарэгістравацца ці атрымаць пасьведчаньне на права жыхарства, чым у іншых краінах. Але ж беларусы едуць і ў Польшчу, і ў Чэхію... Украіна прываблівае тым, што тут няма моўнага бар’еру, больш магчымасьцяў. І па духу беларусы і ўкраінцы блізкія. Мы падобныя, хоць і розныя», — кажа прадстаўніца Беларускага цэнтру ва Ўкраіне «Сябры» Галіна Сарочык.

Последнее в рубрике