Керчанскі канфлікт: якімі будуць наступствы для Беларусі
28.11.2018
Валер Карбалевіч, Радыё Свабода

Керчанскі канфлікт: якімі будуць наступствы для Беларусі

Любое абвастрэньне адносін паміж Расеяй і Ўкраінай непазьбежна будзе мець наступствы для Беларусі. Ня толькі таму, што ў супрацьстаяньні ўдзельнічаюць двое суседзяў, адзін зь якіх — вайскова-палітычны саюзьнік, і абодва — галоўныя гандлёвыя партнэры Менску.

Але і з той прычыны, што афіцыйны Менск вельмі моцна ўклаўся ва ўрэгуляваньне крызісу вакол Украіны, атрымаўшы вялікія дывідэнды. А яшчэ таму, што гэты ваенны канфлікт вельмі траўматычны для беларускай сьвядомасьці.

Магчыма, якраз з прычыны надзвычайнай важнасьці керчанскага канфлікту афіцыйны Менск пакуль (на момант напісаньня блога) захоўвае маўчаньне, ніяк не камэнтуе гэтыя падзеі. Можа, гэта якраз той выпадак, калі маўчаньне — дыпляматычнае золата. Бо нават нейкая нэўтральная заява з заклікам да абодвух бакоў мірна вырашыць крызіс можа раздражніць Маскву.

Некаторыя экспэрты выказваюць меркаваньне, што цяпер Расея запатрабуе ад саюзьніка больш выразнай падтрымкі, каб Менск адрынуў свой нэўтралітэт. Аднак, на мой погляд, гэта зусім не абавязкова. Былі вастрэйшыя сытуацыі, напрыклад, падчас рэальнай вайны на Данбасе ў 2014, 2015 гадах, але тады беларускаму боку ўдалося ўхіліцца ад дакладнай пазыцыі па гэтым пытаньні. Ня думаю, што цяпер нешта моцна памяняецца. Мяркую, што Расеі і цяпер будзе дастаткова, каб прадстаўнікі Беларусі «правільна» галасавалі ў міжнародных арганізацыях, а беларускія дзяржаўныя мэдыі выказвалі сымпатыі расейскаму боку.

Пакуль менавіта так і адбываецца. Апошнія дні ўсе тэлеканалы БТ збольшага трансьлююць расейскі пункт гледжаньня на керчанскі канфлікт. На гэтым тле, здаецца, пэрспэктыва зьяўленьня ў кабэльных сетках Беларусі ўкраінскага тэлеканалу выглядае сумнеўнай.

Ня думаю, што гэты канфлікт будзе мець моцныя эканамічныя наступствы для Беларусі. Хіба толькі, можа, узрасьце роля Беларусі як транзытнай тэрыторыі для ўзаемнага перамяшчэньня тавараў і грамадзян Расеі і Ўкраіны.

А вось палітычныя наступствы для Беларусі, калі сытуацыя будзе разьвівацца па шляху эскаляцыі, могуць быць значныя. Для краіны яны будуць хутчэй са знакам мінус.

Беларускае кіраўніцтва вельмі эфэктна, на 200% скарыстала тое, што Менск стаў цэнтрам урэгуляваньня ўкраінскага крызісу. Гэта дапамагло размарозіць адносіны з Захадам, адсунула ўбок праблему дэмакратыі і правоў чалавека, якая да таго перашкаджала палепшыць дачыненьні з ЭЗ і ЗША. Больш за тое, беларуская дыпляматыя змагла зьляпіць з гэтага статусу новы вобраз краіны. Беларусь пачала пазыцыянаваць сябе як міратворцу, донара бясьпекі, цэнтар перазапуску Хэльсынскага працэсу.

Аднак гэты вобраз трохі псавала тое, што Менскія пагадненьні так і ня сталі рэальным мэханізмам урэгуляваньня ўкраінскага крызісу. Лукашэнка, выступаючы на паседжаньні ў Менску Асноўнай групы Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы, адзначыў, што ніводзін пункт Менскіх пагадненьняў ня выкананы. Дасюль галоўным аргумэнтам на іх карысьць было тое, што яны спынілі гарачую вайну на Данбасе, і ў гэтым іх значэньне.

Але апошнім часам падзеі пачалі разьвівацца па нэгатыўным сцэнары. Спачатку ў марыянэтачных ДНР і ЛНР былі праведзеныя выбары, што яўна і груба парушае Менскія пагадненьні. І вось цяпер ваеннае сутыкненьне паміж караблямі ў Керчанскім праліве, увядзеньне ваеннага становішча ў шэрагу рэгіёнаў Украіны. То бок фактычна канфлікт пераходзіць у гарачую фазу. Што значна зьніжае ролю Менскіх пагадненьняў — і, значыць, міратворчую ролю Беларусі.

І гэта адбываецца ў той час, калі ў афіцыйнага Менску разгуляліся моцныя амбіцыі, жаданьні падвысіць свой статус ва ўрэгуляваньні ўкраінскага крызісу. Лукашэнка падчас Форуму рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны ў Гомлі і на паседжаньні згаданай вышэй Мюнхэнскай канфэрэнцыі прапанаваў Беларусь на ролю пасярэдніка, вылучыў плян дасягненьня міру на Данбасе, нават прапанаваў паслаць туды беларускіх міратворцаў. На мой погляд, апошнія падзеі ў Керчанскім праліве дэвальвуюць гэтыя, і без таго маларэалістычныя, ініцыятывы.

Але, зь іншага боку, рэальны ваенны канфлікт паміж Расеяй і Ўкраінай можа моцна дапамагчы Лукашэнку ўмацаваць свой рэжым. У такім выпадку магчымае паўтарэньне сытуацыі 2014–2016 гадоў, калі кіраўнік Беларусі скарыстаўся тым шокам, які выклікала ў беларускім грамадзтве вайна на Данбасе, каб перапраграмаваць масавую сьвядомасьць, перанесьці акцэнт з сацыяльна-эканамічных пытаньняў на пытаньні бясьпекі. Маўляў, ня важна, што нізкія заробкі і пэнсіі, затое ў нас няма вайны, я вам гарантую мір у абмен на ляяльнасьць. Калі справы на поўдні пойдуць па ваенным сцэнары, то гэта будзе добрым падарункам Лукашэнку якраз напярэдадні дзьвюх выбарчых кампаній.

Последнее в рубрике