31.10.2018
Алесь Дашчынскі, Радыё Свабода

Чаму менавіта ў Беларусі пройдзе важная сустрэча Мюнхэнскай канфэрэнцыі?

Тлумачыць нямецкі палітоляг, кіраўнік навуковых праектаў Нямецка-Расейскага форуму Аляксандар Рар.

«Беларусь гэта важны індыкатар для Захаду»

— Мюнхэнская канфэрэнцыя па бясьпецы — гэта вялікая арганізацыя. У іх ёсьць выязныя лякальныя канфэрэнцыі ў іншых краінах. Іх мэта прыцягнуць да сябе ўвагу і паглядзець, каго яшчэ з розных рэгіёнаў запрасіць на галоўную Мюнхэнскую канфэрэнцыю. То бок гэта дзейная канфэрэнцыя, яна хоча працаваць увесь год. Беларусь абрана як вельмі цікавая краіна, якая апошнія два гады пачынае недзе арыентавацца ў бок Эўрапейскага зьвязу.

Зь іншага боку, Беларусь гэта вельмі важны індыкатар для Захаду як краіна, якая знаходзіцца ў эўразійскай эканамічнай прасторы. Калі адчуваеш пульс Беларусі, можна зразумець як працуе эўразійскі эканамічны саюз. Гэта, натуральна, цікавіць Захад.

У нас ёсьць розныя падыходы да ЭАЭС. Мы бачым, што ёсьць краіны, якія хочуць аднавіць Усходняе партнэрства і нягледзячы на тое, што заходнія рэспублікі былога Савецкага саюза знаходзяцца ў эўразійскім саюзе, перацягваць іх неяк праз асацыяцыю ў Эўрапейскі зьвяз.

Але ёсьць і іншая канцэпцыя, якую ўсё часьцей можна пачуць у Германіі, адносна таго, што трэба паспрабаваць пачаць працэс нейкага збліжэньня паміж ЭЗ і ЭАЭС.

І гэтыя дзьве розныя канцэпцыі ўнутры Эўропы абмеркаваць на менскім полі — гэта лепш не прыдумаць.

«Мюнхэнская канфэрэнцыя — гэта паўзакрыты, нефармальны інструмэнт нямецкага ўраду»

— У праграме сустрэчы ў Менску тры асноўныя дыскусіі, прысьвечаныя менскаму працэсу, адносінам Усход-Захад, кантролю за ўзбраеньнямі і ўмацаваньню даверу, а таксама рэгіянальным канфліктам. Сярод удзельнікаў ёсьць прэзыдэнт Косава Хашым Тачы і першы віцэ-прэм’ер Косава Бэхджэт Пацолі. З чым можа быць зьвязаны іх прыезд у Менск?

— Мюнхэнская канфэрэнцыя — гэта паўзакрыты, нефармальны інструмэнт, рычаг нямецкага ўраду. Не сакрэт, што Мюнхэнская канфэрэнцыя па бясьпецы праходзіць пад эгідай нямецкага ўраду і таму ўрад хоча, калі не наўпрост, то праз вось такую паўурадавую арганізацыю намацаць магчымасьці ўсходняй палітыкі.

У той жа час Эўразьвязу дагэтуль абсалютна незразумела, што будзе з заходнімі Балканамі. НАТО пашыраецца на гэты рэгіён. І пытаньне наколькі гэтыя краіны змогуць увайсьці ў эўрапейскі кантэкст, у эўрапейскую сыстэму бясьпекі, застаецца абсалютна адкрытым. Таму трэба весьці кансультацыі, канфэрэнцыі, каб гэтыя пытаньні абмяркоўваць на акадэмічным і палітычным узроўні.

Таму нямецкі ўрад з задавальненьнем карыстаецца вось гэтым рычагом Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы, каб нейкія цяжкія пытаньні, якія наўпрост дыпляматы не абмяркоўваюць, закрануць у такім фармаце.

«Праблемы тыя ж самыя, якія былі апошнія 20 гадоў»

— А ці ёсьць цяжкія пытаньні адносна Беларусі, якія таксама хоча закрануць нямецкі бок?

— Праблемы тыя ж самыя, якія былі апошнія 20 гадоў. Зразумець, што будзе з гэтай краінай. Ці зможа Беларусь стаць мостам паміж Эўрапейскім зьвязам і эўразійскім саюзам альбо яна ўсё ж некалі захоча сысьці ў Эўразьвяз?Як там сытуацыя з правамі чалавека і грамадзянскай супольнасьцю? Як там глядзяць на пытаньні бясьпекі?

Вядома, што Лукашэнка заўсёды будзе праводзіць двухвэктарную палітыку і ён сам зацікаўлены, каб яна была на 60-70% з Расеяй, а на 25-30% з ЭЗ. Гэта яго крэда. Ён спрабуе выбудаваць такую палітыку і ў гэтым сэнсе Захад да яго прыглядаецца.

«У Мэркель няма часу»

— Сярод удзельнікаў канфэрэнцыі ў Менску няма кіраўнікоў краін Эўразьвязу, з чым гэта можа быць зьвязана?

— Бо Мюнхэнская рэгіянальная канфэрэнцыя па бясьпецы не мае такой вагі. Яны ўсе будуць на канфэрэнцыі ў Мюнхэне ў лютым наступнага года. У Менску яна хутчэй акадэмічная і меней палітычная.

Натуральна, у Мэркель няма часу пастаянна прыяжджаць на ўсход, яна зараз будзе ва Ўкраіне, была ў Турэччыне. Міністар таксама заняты іншымі праблемамі. Гэта хутчэй пабочная пляцоўка ўсходняй Эўропы, але цікавая, захапляльная і дастойная ўвагі эўрапейцаў.

Последнее в рубрике