Ветру мала, сонца шмат. Вучоныя пра аднаўляльныя крыніцы энэргіі для Беларусі
11.10.2018
Алесь Дашчынскі, Радыё Свабода

Ветру мала, сонца шмат. Вучоныя пра аднаўляльныя крыніцы энэргіі для Беларусі

Па стане на верасень 2018 году ў Беларусі дзейнічае 377 установак, якія вырабляюць электрычную і цеплавую энэргію на аснове аднаўляльных крыніц. Іхная сумарная магутнасьць складае 644,34 МВт.

Фото: Радыё Свабода

Пэрспэктывы разьвіцьця аднаўляльных крыніц энэргіі абмеркавалі ў Менску на канфэрэнцыі, арганізаванай нямецкім інфармацыйным бюро DAAD, Фэдэральным міністэрствам адукацыі і навуковых дасьледаваньняў і Міжнародным дзяржаўным экалягічным інстытутам імя Сахарава БДУ.

«Працаваць на адной сыравіне, не на сваёй, вельмі небясьпечна»

Практычна 95% усёй беларускай энэргетыкі працуе на расейскім прыродным газе. Гэта ставіць беларускую эканоміку ў залежнасьць ад Расеі. Паводле акадэміка Пятра Віцязя, Нацыянальная акадэмія навук займаецца энэргетычнай бясьпекай краіны.

«Беларусь як сувэрэнная дзяржава занепакоеная энэргетычнай бясьпекай. І працаваць на адной сыравіне, не на сваёй, гэта вельмі небясьпечна. Таму зь першых дзён разьвіцьця энэргетычнай сыстэмы Беларусі была пастаўлена задача зьмяніць гэту сытуацыю. І мы паступова разьвіваем гэту галіну».

Паводле Пятра Віцязя, Акадэмія навук падтрымлівае разьвіцьцё альтэрнатыўных крыніц энэргіі па ўсіх кірунках.

«Беларусь абмежаваная па рэсурсах аднаўляльнай энэргіі»

Па стане на верасень 2018 году ў Беларусі дзейнічае 377 установак, якія вырабляюць электрычную і цеплавую энэргію на аснове аднаўляльных крыніц. Яны раўнамерна разьмеркаваныя па ўсёй Беларусі. Іх сумарная магутнасьць складае 644,34 МВт.

«Гэтага для Беларусі вельмі мала. У суседняй Латвіі толькі магутнасьць крыніц з выкарыстаньнем гідраэнэргіі складае 800 МВт. На жаль, мы вельмі абмежаваныя ў рэсурсах аднаўляльнай энэргіі», — сказаў вядучы навуковы супрацоўнік Інстытуту энэргетыкі НАН Міхаіл Малько.

Прадпрыемствы Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі памяншаюць выкарыстаньне прыроднага газу, які пастаўляецца з Расеі, і павялічваюць аб’ём аднаўляльных крыніц. Гэта пераважна за кошт драўляных трэсак, дроваў, адходаў лесаперапрацоўкі.

Паводле Малько, Беларусь мае вельмі абмежаваныя запасы аднаўляльнай энэргіі.

«Энэргія вады вельмі слаба ў нас прадстаўлена, бо няма мнагаводных рэк. Па сонцу ў нас рэсурсы не абмежаваныя. Але выкарыстаньне сонечнай энэргіі знаходзіцца толькі на стадыі засваеньня. Геатэрмальнай энэргіі няма. У нас нібыта многа біямасы, але ў выніку аварыі на ЧАЭС практычна ўсе лясы ў Гомельскай, Магілёўскай, Берасьцейскай абласьцях і раёнах у Менскай вобласьці моцна забруджаныя радыянуклідамі. Лясы, нібы шчоткі, вычэсвалі радыянукліды з воблакаў. Выкарыстаньне забруджанай драўніннай біямасы экалягічна вельмі небясьпечнае», — сказаў Міхаіл Малько.

Паводле навукоўца, Беларусь мае праблемы зь ветрам.

«Мы настолькі далёкія ад мора, што сярэдняя хуткасьць ветру ў нас прыкладна 3 мэтры за сэкунду на вышыні 10 мэтраў над узроўнем мора. Хаця ёсьць пэўныя паветраныя калідоры, і там Беларусь імкнецца разьвіваць ветраэнэргетыку».

Адзін з такіх калідораў знаходзіцца ў Наваградзкім раёне. Каля Грабнікаў ужо вырас ветрапарк: 6 установак, кожная зь іх па 1,5 мВт. Гэта кітайскія ветракі, якія каштавалі каля 2 мільёнаў даляраў.

Паводле Міхаіла Малько, памяншэньне залежнасьці Беларусі ад расейскага газу вырашаецца праз будаўніцтва АЭС.

«Недзе каля 1% атрымліваем электраэнэргіі за кошт аднаўляльных крыніц энэргіі. Калі дабавяцца два блёкі АЭС, то ў нас будзе лішняя электраэнэргія. Беларусь не адмовіцца ад выкарыстаньня цеплавой энэргетыкі. І вось гэта практычна выключае ў Беларусі разьвіцьцё і выкарыстаньне аднаўляльнай энэргіі. Яе ўклад складзе ў лепшым выпадку некалькі адсоткаў».

Паводле вучонага, калі значна вырасьце цана прыроднага газу, тады ў Беларусі зьявіцца эканамічная мэтазгоднасьць для разьвіцьця аднаўляльных крыніц энэргіі.

«Будучыня нашай краіны за аднаўляльнай энэргетыкай»

Вядучы навуковы супрацоўнік тэхналягічнага ўнівэрсытэту Алег Белы назваў марнатраўствам выкарыстаньне ў Беларусі прыроднага газу для падагрэву ў машынабудаваньні.

«Цана на газ будзе расьці. І будучыня нашай краіны за аднаўляльнай энэргетыкай. У нас на квадратны мэтар прыпадае прыкладна столькі сонечнай энэргіі як і ў Нямеччыне. Пытаньне, як яе эфэктыўна выкарыстоўваць. У нас ёсьць каля 200 тэрыторый, дзе можна разьмяшчаць ветраўстаноўкі. Тэхніка дасягнула такіх маштабаў, што сёньня вецер для Беларусі актуальны.

З 2002/2003 году па сёньняшні дзень кошт сонечных элемэнтаў зьнізіўся ў 5 разоў. І гэты працэс будзе працягвацца. Улічваючы гэты фактар і разьмешчанасьць нашых тэрыторый, гэтыя пытаньні цалкам актуальныя.

Проста мы сёньня крыху ўведзены ў шок, і Белэнэрга ўведзена ў шок тым пытаньнем, а куды дзяваць атамную электраэнэргію», — сказаў Алег Белы.

Последнее в рубрике