28.09.2018
Іна Студзінская, Радыё Свабода

Галоўны рэдактар Tut.by Марына Золатава: «Асабіста мяне ніхто не вэрбаваў»

«Многія чамусьці лічаць, што «справа БелТА» ўжо завершаная. А яна толькі пачалася. І чым і калі скончыцца — абсалютна незразумела... Мы па чарзе ходзім на допыты. Ідзе сьледзтва», — напісала ў сваім фэйсбуку галоўны рэдактар Tut.by Марына Золатава.

Марына Золатава

Пасьля 7 жніўня, калі на некалькі дзён былі затрыманыя супрацоўнікі Tut.by, БелаПАН, іншыя журналісты, і ў іх зьявіўся статус «падазраваных», у іх жыцьці многае зьмянілася, піша Золатава. А пасьля 25 верасьня, калі журналіст Tut.by Дзьмітрый Бобрык прызнаўся ў сваім фэйсбуку, што падчас допыту ў Сьледчым камітэце па «справе БелТА» яго шантажом завэрбавалі, да «падазраваных» нечакана дадаецца статус «завэрбаваных».

«Таму што калі ты не прызнаўся, што завэрбаваны, значыць, ты завэрбаваны. Цалкам дакладна магу сказаць: асабіста мяне ніхто не вэрбаваў. І не спрабаваў, дарэчы. Тое ж самае кажуць і ўсе мае калегі ў рэдакцыі. А Дзіма выступіў. І правільна зрабіў», — лічыць Марына Золатава.

Пасьля прызнаньня рэдактара аддзелу сайту Tut.by Дзьмітрыя Бобрыка ў тым, што ён пад ціскам Сьледчага камітэту падпісаў дамову аб супрацоўніцтве, ніхто зь іншых фігурантаў «справы БелТА» не заявіў аб гэтым. Разам з тым апытаныя Свабодай фігуранты «справы БелТА» падтрымалі Бобрыка і выказалі абурэньне ціскам Сьледчага камітэту на журналіста.

«Справа БелТА». Што важна ведаць

Што адбылося. Раніцай 7 жніўня супрацоўнікі Сьледчага камітэту прыйшлі зь ператрусамі ў офісы інтэрнэт-парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.

Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Максымальнае пакараньне паводле ч. 2 арт. 349 — абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 2 гадоў.

Падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне БелТА пра збоі ў кліентаў пры доступе да платнай падпіскі на паслугі.

Ператрусы таксама прайшлі ў офісах Realt.by, газэты «Культура» і ТАА «Айціві». Таксама па справе праходзіць выдавецкі дом «Беларуская навука».

Вядома, што цягам 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту ў СК.

9 жніўня СК заявіў, што галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава прызнала віну, яна аспрэчыла гэтую інфармацыю.

Рэдактар Tut.by Дзьмітры Бобрык заявіў, што падпісаў дакумэнт «пра супрацоўніцтва» пасьля пагрозаў у Сьледчым камітэце.

У дадатак да прад'яўленага раней усім затрыманым абвінавачваньня Марыне Золатавай таксама інкрымінавалі бязьдзейнасьць адказнай асобы (артыкул ч.2 артыкула 425 КК — да 5 гадоў зьняволеньня і забарона займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасьцю).

Последнее в рубрике