Свой сеанс: калі беларусы змогуць глядзець сусветныя прэм’еры на роднай мове
24.09.2018
Наталья Калеснічэнка, Заўтра тваёй краіны

Свой сеанс: калі беларусы змогуць глядзець сусветныя прэм’еры на роднай мове

Заснавальнік праекту «Беларускія ўік-энды» Андрэй Кім расказаў пра ўмовы, пры якіх стане папулярным масавае кіно па-беларуску.

На спецпаказе фільма «Кніга Ілая» у беларускамоўным дубляжы з выступам Нобелеўскага лаўрэата, спецыяліста па бяспецы ядзерных установак Кенэта Брокмана ў мінулую суботу быў аншлаг. Арганізатараў гэта не здзіўляе.

— Глядзець фільмы па-беларуску прыходіць ад 1 тысячы да 10 тысяч чалавек. Менш, канешне, на класічныя фільмы, разлічаныя на дастаткова вузкую аўдыторыю. Але і тысяча чалавек на тры паказы — гэта вельмі някепска. А на фільмы шырокага пракату прыходзіць значна больш гледачоў. Напрыклад, «Мой сябра жыраф» на дадзены момант наведала больш за 5,5 тысяч гледачоў, хаця асноўны пракат у рэгіёнах толькі пачынаецца, таму можа і больш за 10 тысяч чалавек яго ўбачаць, — тлумачыць кіраўнік праекту «Беларускія ўік-энды» Андрэй Кім.

Андрэй Кім. Фота Радыё Свабода

Хто цікавіцца фільмамі па-беларуску?

Гэта зусім розныя людзі, прычым у асноўным не беларускамоўная суполка. Кожны новы сеанс прыцягвае новых гледачоў, прыкладна каля паловы з іх – гэта ўжо лаяльная аўдыторыя, другая ж палова – новыя зацікаўленыя людзі, нехта прыходзіць па рэкамендацыі сяброў, нехта, даведаўшыся праз рэкламу.

Мы неаднаразова бачылі сітуацыю, калі людзі прыходзілі на сеанс, не звярнуўшы ўвагу на тое, што фільм агучаны па-беларуску, было, што нехта непакоіўся, што дзіцё не зразумее фільм. А пасля сеансу, калі мы запытвалі пра уражанні, гэтыя людзі казалі, што ўсё прайшло цудоўна і лепш, чым яны чакалі. Разумееце, у беларусаў адсутнічае моўны бар’ер, таму праблемы з пашырэннем беларускамоўнага кантэнту няма.

Мы імкнемся менавіта да таго, каб больш людзей даведаліся пра магчымасць глядзець кіно на беларускай мове. Для гэтага мы робім нават рэкламу ў метро, што не вельмі выгадна з пункту гледжання кошту, бо атрымоўваецца дарагавата. Але такая рэклама дае эфектыўнасць у плане знаходжання новай аўдыторыі. Каля 20% гледачоў даведваюцца пра сеансы ў метро.

Падчас прагляду аднаго з беларускамоўных фільмаў у кінатэатры «Масква»

Увогуле каля 3,5 мільёнаў беларусаў падчас розных сацыялагічных апытанняў прызнавалі, што беларуская мова мае для іх асаблівую каштоўнасць. Яны і ёсць патэнцыйныя спажыўцы беларускамоўнага кантэнту, у тым ліку і фільмаў. Толькі ў Мінску такіх каля 700 тысяч чалавек. Нават калі з гэтай колькасці толькі 10% ходзяць у кіно, аўдыторыя беларускамоўных фільмаў можа быць пад 70 тысяч чалавек. То бок рынак беларускамоўнага кінематографа можа вырасці ў 10-14 разоў.

За два гады, што існуе праект, мы бачым, што цікавасць да агучаных па-беларуску фільмаў расце. Мы пачыналі з сеансаў на 500 чалавек і трох паказаў. А зараз дайшлі да шырокага пракату, калі нам дазваляюць умовы. Пакуль мы агучылі каля 20 фільмаў па-беларуску. Але ж задача – прывучыць рынак да беларускай мовы, каб яе гучанне ў кіно стала нормай. Таму колькасць такога кіно будзе павялічвацца.

Чаму прэм’еры фільмаў не паказваюць па-беларуску?

Калегі са сферы кінематографа і канавідэапракату пачалі задумвацца аб тым, каб перекладаць фільмы на беларускую мову. Нехта ўжо спрабаваў гэта рабіць. Плюс некаторыя тэлекамунікацыйныя сервісы, як, напрыклад, кампанія Velcom, далучаюцца да папулярызацыі фільмаў, агучаных па-беларуску. Таму можна сказаць, што людзі і бізнесоўцы бачаць паспяховасць нашага праекту. Таксама гэта сведчыць пра тое, што рынак яшчэ далёка не сфармаваны.

Толькі агучыць фільм каштуе некалькі тысяч долараў. Паказваць іх па-руску значна танней. Бо амаль усе буйныя дыстрыб’ютэры – гэта прадстаўнікі сусветных кампаній, офісы якіх ёсць ў Расіі. Яны робяць дубляж для рускамоўнага рынку і арганізуюць пракат фільмаў на рускай мове на тэрыторыі рэгіёна, за выключэннем Украіны і краін Балтыі. Як і любы бізнес, акрамя сацыяльнага, гэты рухаецца па шляху найменшага супраціву — прадастаўляць фільмы на мове, на якой ужо зрабілі дубляж, а не выдаткоўваць на новую агучку дадатковыя грошы. Таму я цалкам разумею нашых расійскіх калег, якія не замарочваюцца на тым, каб рабіць беларускі дубляж, яны проста не разумеюць, навошта ім гэта рабіць, бо іх мэта ў тым, каб зарабляць грошы.

Як тады пашырыць колькасць агучаных па-беларуску фільмаў?

Як паказвае практыка суседніх дзяржаў, мы як кампанія са свайго боку можам рабіць нейкія прапановы, паказваць, што беларуская мова выгадная і гэтак далей. І я спадзяюся, што ўжо ў наступным годзе будуць у Беларусі сусветныя прэм’еры на беларуская і рускай мовах адначасова. Але масава гэтага не атрымаецца, пакуль не скажа сваё слова дзяржава.

Без умяшання дзяржавы, нават пры тым, што рэальна беларуская мова з кожным годам будзе ўсё больш запатрабаванай, пашырыць кінапрадукт па-беларуску немагчыма. Бізнес, расійскі ці заходні, не стане рабіць тое, што яму менш выгадна і траціць дадатковыя грошы і высілкі на тое, што не прынясе яму прыбыткаў.

У свой час Украіна зрабіла такі эксперымент: там паказалі адзін і той жа фільм па-ўкраінску і па-руску. Паглядзелі, што на фільм па-ўкраінску прыйшло больш чалавек. Таму вырашылі заканадаўча зацвердзіць, што ўсе фільмы, якія трапляюць ва ўкраінскія кінатэатры, павінны дублявацца на ўкраінскай мове. Толькі тады дыстрыб’ютэры, якія зарабляюць на украінскім рынку мільёны долараў, пачалі гэта рабіць. Тое самае было ў маленькіх краінах Літве і Латвіі – усе прэм’еры там праходзяць на нацыянальнай мове. Нават зараз моўнае пытанне ў кінематографе ў гэтых краінах рэгулюецца на заканадаўчым узроўні.

Мэта ж дзяржавы не толькі прыцягнуць як мага больш грошай у бюджэт, але і абараняць нацыянальную ідэнтычнасць і культуру. Таму выйсце я бачу ў тым, каб дзяржава ўвяла абавязковае патрабаванне, каб палова сеансаў усіх фільмаў у кінатэатрах ішла на беларускай мове.

Дзяржаве гэта не будзе каштаваць ні капейкі. Наадварот. Дыстрыб’ютар пачне замаўляць дубляж у таго ж Беларусьфільма (які скардзіцца на недахоп сродкаў), KinaKong ці іншых кампаній, якія з’явяцца на рынку, будзе плаціць грошы беларускім артыстам, перакладчыкам і кампаніям за паслугі. А ўжо гатовая фільмы змогуць не так дорага купляць беларускія тэлеканалы, якія таксама скардзяцца на тое, што ў іх няма магчымасцяў паказваць фільмы па-беларуску. І грошы будуць ісці ад замежных кампаній. Такое рашэнне дзяржавы не толькі пашырыць магчымасці для паказу фільмаў па-беларуску, але і аўтаматычна вырашыць яшчэ шэраг праблем.

У «Завтра твоей страны» появился канал в «Яндекс.Дзене». Подписывайтесь!

Последнее в рубрике