Колькі салдатаў загінула ў войску пасьля Аляксандра Коржыча
07.09.2018
Алесь Пілецкі, Радыё Свабода

Колькі салдатаў загінула ў войску пасьля Аляксандра Коржыча

Пра самагубства 20-гадовага салдата тэрміновай службы ў Слоніме стала вядома 6 верасьня, празь месяц пасьля пачатку гучнага працэсу ў справе аб сьмерці Аляксандра Коржыча.

Аб сьмерці Аляксандра Коржыча ў Печах стала вядома на пачатку кастрычніка мінулага году. Яго цела знайшлі павешаным у падвале мэдыцынскай роты ўвечары 3 кастрычніка (пазьней сьледзтва высьветліць, што Коржыч загінуў 26 верасьня).

Выпадак атрымаў шырокі розгалас у СМІ, ужо празь некалькі тыдняў у справе аб сьмерці Коржыча затрымалі больш за дзесяць сяржантаў і афіцэраў. Сьледчы камітэт паведаміў, што правядзе дадатковае расьсьледаваньне ўсіх трагічных выпадкаў у беларускім войску за апошнія шэсьць гадоў. Аднак сьмерці ў арміі не спыніліся.

Свабода падлічыла, што пасьля Аляксандра Коржыча ў беларускім войску загінулі як мінімум тры вайскоўцы.

Саслужывец Коржыча

Першы пасьля сьмерці Коржыча трагічны выпадак адбыўся ў менскім Уруччы 4 красавіка 2017 году. Падчас плянавых заняткаў па агнявой падрыхтоўцы 120-й мэханізаванай брыгады загінуў салдат тэрміновай службы Дзьмітры Удод.

«Вайскоўцамі тэрміновай вайсковай службы, якія ўваходзілі ў экіпаж БМП, былі парушаныя захады бясьпекі пры дзеяньнях па ўзбраеньні баявых машын», — паведамілі тады ў Мінабароны. Шэраг СМІ са спасылкай на саслужыўцаў загінулага салдата паведаміў, што шараговец трапіў пад стрэлы з буйнакалібэрнага кулямёту і загінуў на месцы.

Ужо празь некалькі дзён пасьля сьмерці салдата зьявілася інфармацыя пра тое, што загінулы быў былым саслужыўцам Коржыча і праходзіў у ягонай справе ў якасьці пацярпелага. Свабодзе гэта пацьвердзіла Сьвятлана Коржыч.

33-гадовы дэсантнік

Наступны трагічны выпадак, вынікам якога стала сьмерць маёра, адбыўся 11 ліпеня. Падчас скокаў з парашутам загінуў 33-гадовы дэсантнік Яўген Салавейка. Паводле афіцыйнага паведамленьня Мінабароны, парашут Салавейкі згарнуўся ад парыву ветру недалёка ад зямлі. Застацца жывым у такой сытуацыі было амаль немагчыма.

Шараговец са Слоніма

Пра трэці пасьля Коржыча выпадак сьмерці салдата ў беларускім войску стала вядома 6 верасьня, амаль празь месяц пасьля пачатку гучнага працэсу.

«5 верасьня ў адной з вайсковых частак Слонімскага гарнізону ўчыніў суіцыд шараговец Арлоў А.В., — гаварылася ў паведамленьні Мінабароны. — Вайскоўцу 20 гадоў, да заканчэньня службы яму заставалася крыху больш за паўгода. Папярэдне прычына суіцыду абумоўлена асабістымі абставінамі і не зьвязаная з праходжаньнем вайсковай службы. Па гэтым факце праводзіцца праверка Сьледчым камітэтам, у вайсковай частцы працуе камісія Міністэрства абароны».

Міністэрства абароны паабяцала аказаць родным загінулага салдата неабходную дапамогу.

Последнее в рубрике