Вялікі тэатар Беларусі перанёс прэм’еру опэры «Салямэя». Прычына — ліст праваслаўных вернікаў
07.09.2018
Алесь Дашчынскі, Радыё Свабода

Вялікі тэатар Беларусі перанёс прэм’еру опэры «Салямэя». Прычына — ліст праваслаўных вернікаў

Прэм’ера опэры Рыхарда Штраўса «Салямэя» у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры опэры і балета Беларусі, якая павінна была адбыцца 9-10 верасьня, перанесена на 18 і 19 кастрычніка.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведамілі ў касах тэатра. Квіткі на спэктаклі сапраўдныя. Заўтра ў тэатры плянуецца публічная здача спэктакля.

Тым часам адкрыцьцё тэатральнага сэзону пераносіцца на 11 верасьня. Пра гэта паведаміў 6 верасьня на прэс-канфэрэнцыі ў Менску генэральны дырэктар тэатра Ўладзімер Грыдзюшка, паведамляе БелаПАН.

«Чарговае блюзьнерства пад эгідай Міністэрства культуры»

Паводле Грыдзюшкі, перанос зьвязаны з адкрытым лістом групы праваслаўных грамадзян на імя кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта, Генпракурора, чальцоў сьвяшчэннага сыноду Беларускага экзархата і Маскоўскага патрыярхату Рускай праваслаўнай царквы.

Тэкст ліста апублікаваны на сайце odigitria.by.

Спэктакль «Саламея» назвалі ў лісьце «чарговым блюзьнерствам пад эгідай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь». Аўтары ліста сьцьвярджаюць, што пастаноўка гэтай опэры зьяўляецца «блюзьнерствам», «багахульствам». «зьдзекам над памяцьцю Хрысьціцеля Іаана, дзёрзкай антыхрысьціянскай, антыцаркоўнай (антыклерыкальнай) дзеяй».

Паводле ліста, спэктакль абражае рэлігійныя пачуцьці вернікаў і зьяўляецца крымінальным злачынствам. Маўляў, прэмʼера і далейшы паказ опэры «павінны быць неадкладна забароненыя», бо «Саламея» — гэта «дзёрзкі выклік хрысьціянам Беларусі і пагроза духоўнай бясьпецы дзяржавы».

Аўтары ліста просяць генпракурора распачаць адносна галоўнага рэжысэра тэатра Міхаіла Панджавідзэ крымінальную справу па 130-м артыкуле (Наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на ўзбуджэньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці або розьні, на прыніжэньне нацыянальнага гонару і годнасьці).

Кіраўнік БПЦ ухваліў пастаноўку

Пастаноўку «Салямэі» ўхваліла Рэспубліканская экспэртная камісія па прадухіленьні парнаграфіі, гвалту і жорсткасьці, а таксама мастацкая рада Міністэрства культуры па музычным мастацтве.

У чэрвені рэжысэр-пастаноўшчык опэры «Салямэя» Міхаіл Панджавідзэ расказаў «Советской Белоруссии», што прасіў дазволу на пастаноўку ў кіраўніка Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліта Паўла. Той нібыта даў згоду.

У анонсе опэры на сайце тэатра, які цяпер выдалены (копія ў кэшы), Міхаіл Панджавідзэ сказаў, што «некаторы флёр скандальнасьці суправаджаў гэты твор, пачынаючы яшчэ з літаратурнай першакрыніцы — аднайменнай драмы Оскара Уайльда».

«І ўжо ў далейшым, пры працы над опэрай, у цэлага шэрагу „творцаў“ узьнікала жаданьне спэкуляваць на эпатажных аспэктах, якія, як паказвае практыка, знайсьці можна ў любым матэрыяле, а ў „Салямэі“ — тым больш. Што і адбываецца. Я глыбока перакананы, што гэты твор незаслужана карыстаецца падобнай славай. Гаворка тут ідзе не пра мярзотныя якасьці, уласьцівыя чалавеку. Зусім наадварот — пра сілу духу, дзякуючы якой чалавек, вызнаючы хрысьціянскія догмы маралі, можа застацца чалавекам. Гэтая гісторыя актуальная і надзённая як ніколі».

Последнее в рубрике