Працаголік, рыначнік, падабаецца Захаду: сем фактаў пра новага міністра фінансаў Максіма Ермаловіча
03.09.2018

Працаголік, рыначнік, падабаецца Захаду: сем фактаў пра новага міністра фінансаў Максіма Ермаловіча

У апошні дзень лета Лукашэнка прызначыў новага міністра фінансаў — 41-гадовага Максіма Ермаловіча. \r\n

Гэта не новы чалавек — дагэтуль Ермаловіч працаваў у тым самым ведамстве намеснікам Уладзіміра Амарына. Што яшчэ вядома пра гэтага чыноўніка?

«Наша Ніва» сабрала некалькі фактаў.

Не рэтраград

Максім Ермаловіч — гэта сталы госць недзяржаўных эканамічных форумаў. Ён адкрыты да кантактаў, умее слухаць іншых і адстойваць сваю пазіцыю.

«З Ермаловічам мы не раз бывалі ў камандзіроўках, ён зрабіў добрае ўражанне — вельмі разумны, сапраўдны прафесіянал. Яго адназначна не назваць рэтраградам, я вельмі рада ягонаму прызначэнню.

Сярод асноўных яго заслуг я б адзначыла размяшчэнне каштоўных папер — еўрабондаў», — кажа Наталля Нікандрава, якая перасякалася з Ермаловічам падчас працы ў Нацыянальным агенцтве па інвестыцыях і прыватызацыі.

Працаголік

Летась на Кастрычніцкім эканамічным форуме ён уразіў людзей тым, што пасля заканчэння мерапрыемства — напачатку 22-й гадзіны, — паехаў не дадому, а на работу з прычыны, што «яшчэ не ўсё дароблена».

Рыначнік, адаптаваны да беларускіх рэалій

Такімі словамі будучы міністр адказваў на пытанне «Нашай Нівы» аб рэформах у кулуарах аднаго з форумаў:

«Пакуль у эканоміцы вялікая доля неканкурэнтных ва ўмовах рынку людзей, ні пра якія імклівыя рынкавыя пераўтварэнні гаворкі ісці не можа. Але самі яны непазбежныя, пытанне толькі ў хуткасці. Так, у 90-ыя можна было ламаць, але як ламаць сёння? Рэформы ўпіраюцца ў нізкую кваліфікацыю кадраў, якія ў выпадку «ломкі» апынуцца на вуліцы, пойдуць на дно і пацягнуць нас за сабой», — казаў Ермаловіч.

Пазнавальны на Захадзе

Ермаловіч стала ўваходзіў бадай што ва ўсе перамоўныя групы па міжнародных лініях. У прыватнасці, ён быў адным з перамоўшчыкаў з МВФ. І хаця грошай Беларусь пакуль што не атрымала, дарожная карта выконваецца спраўна.

«Заслуга і Ермаловіча, і іншых людзей, і каманды Нацбанка-Мінфіна-Мінэканомікі ў тым, што ў Беларусі дасягнута макраэканамічная стабільнасць, якой у нас ніколі дагэтуль не было. І я рады прызначэнню Ермаловіча: гэта прафесіянал, які ведае, што за праблемы стаяць перад намі, ведае таксама, як іх вырашаць і з кім. Яшчэ нават быўшы начальнікам аддзела ён зрабіў сабе рэпутацыю прафесіянала. Міжнародныя фінансавыя арганізацыі, дарэчы, заўжды адзначалі ўзровень нашых чыноўнікаў у параўнанні нават з краінамі-суседкамі, кшталту Украіны і Расіі. І прызначэнне Ермаловіча гэта, у тым ліку, і такі сігнал заходнікам, што мы працягваем працаваць у вызначаным кірунку», — кажа эканаміст Аляксандр Чубрык.

Ён таксама адзначыў, што з 2011 года Беларусі ўдалося амаль на 10% скараціць долю выдаткаў бюджэту адносна ВУП, што з'яўляецца недасягальнай мэтай, напрыклад, для грэкаў.

Жыве не ў Драздах

Жыве новы міністр у Сухараве.

Зайздросны жаніх

Максім Ермаловіч не жанаты.

Ён прызнае, што мае залішнюю вагу — з ёй спрабуе змагацца праз заняткі спортам, у прыватнасці, вялікім тэнісам.

Вядзе інстаграм

У міністра ёсць інстаграм, куды ён рэдка, але ўсё ж загружае фота са сваіх паездак ці камандзіровак.

***

Максім Ермаловіч нарадзіўся 26 чэрвеня 1977 года ў Лепелі. Скончыў Полацкі дзяржаўны універсітэт і Акадэмію кіравання. У 1999 годзе працаваў дзяржаўным падатковым інспектарам інспекцыі №2 Дзяржаўнага падатковага камiтэта па Фрунзенскім раёне Мінска. Ад ліпеня 1999 году па 2002 год займаў розныя пасады ў Дзяржаўным падатковым камітэце Беларусі (цяпер Міністэрства па падатках і зборах). У 2002 годзе перайшоў працаваць у Міністэрства фінансаў Беларусі. Займаў пасады кансультанта ўпраўлення аналізу і планавання даходаў бюджэту, намесніка начальніка ўпраўлення — начальніка аддзела планавання і ўліку даходаў бюджэту галоўнага ўпраўлення падатковай палітыкі і даходаў бюджэту, начальніка галоўнага ўпраўлення бюджэтнай палітыкі. У 2011-2014 гадах — намеснік міністра фінансаў Беларусі. З 2014 года і да цяперашняга часу працаваў першым намеснікам міністра фінансаў.

Последнее в рубрике