Экспэрты: Кім і Парсюкевіч хутка маюць быць вызваленыя
19.08.2008
Генадзь КОСАРАЎ

Экспэрты: Кім і Парсюкевіч хутка маюць быць вызваленыя

Нечаканае вызваленьне зь віцебскай калёніі асуджанага на пяць з паловаю гадоў пазбаўленьня волі экс-кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна выклікала шырокі рэзананс як у Беларусі, гэтак і па-за яе межамі. Вітаючы такі крок беларускага кіраўніцтва, вядучыя эўрапейскія і амэрыканскія паліыткі заклікаюць беларускія ўлады закрыць зьвязаную з існаваньнем у Беларусі палітвязьняў старонку сучаснае гісторыі. Ці будуць у хуткім часе вызываленыя яшчэ два палітычныя зьняволеныя Андрэй Кім і Сяргей Парсюкевіч.

— Я не выключаю, што ў часе выбарчай кампаніі, каб крыху “падсалодзіць пілюлю”, выпусьцяць і Кіма, і Парсюкевіча, — мяркуе кіраўнік юрыдычнае камісіі Беларускага Хэльсінскага камітэту Гары Паганяйла. — Гэта вельмі рэальна, тым больш што ні першы, ні другі істотнае ролі ў палітыцы не адыгрываюць.

На думку былога судзьдзі, беларуская ўлада зьведала ў гэтым пытаньні моцны ўціск як з боку Захаду, гэтак і з боку Расеі ды ўнутранай апазыцыі, асабліва што да асобы Казуліна.

— Сёньня гэта вельмі сур’ёзная, вядомая і адметная фігура ў беларускай апазыцыі, — лічыць Гары Паганяйла. — А што тычыцца такога маладога праваабаронцы, як Андрэй Кім, і прадпрымальніка Сяргея Парсюкевіча, то і тут, я думаю, праблема вырашаецца, і іх ня будуць там трымаць доўга. Яны будуць адпушчаныя ў бліжэйшы час, хутчэй за ўсё ўмоўна-датэрмітнова.

— Гэта вельмі імаверна, таму што наўрад ці беларускае кіраўніцтва захоча паўтараць тую сытуацыю, якая была пры канцы зімы, калі заставалася зрабіць менавіта апошні крок, але ўсё сарвалася з вызваленьнем Казуліна, калі ўжо ўсе астатнія на той момант палітвязьні былі вызваленыя, — адзначае аналітык Аляксандр Класкоўскі. — З-за гэтага тады разыграліся даволі драматычныя падзеі, цэлая дыпляматычная вайна з Вашынгтонам, і пад адхон пайшоў увесь працэс, які беларускае кіраўніцтва (варта аддаць яму належнае) адбудоўвала даволі доўга і мусіла наступаць на горла ўласнай песьні. Магчыма, усе забыліся, але ўвосень тут быў “разгул дэмакратыі” — маршы ў цэнтры Менску без амону і так далей.

Цяпер, на думку экспэрта “Заўтра тваёй краіны”, улада захоча ўсё давесці да лягічнага канца.

— За што ж тады змагаліся, за што рабілі такія вялікія саступкі? — пытаецца Аляксандр Класкосўкі. — Так што, я думаю, вызваленьне найбліжэйшым часам і Андрэя Кіма, і Сяргея Парсюкевіча вельмі-вельмі верагодна.

Последнее в рубрике