Экспэрт: Пасьля выбараў магчымыя маленькія крокі ў бок лібэралізацыі
06.08.2008
Генадзь КОСАРАЎ

Экспэрт: Пасьля выбараў магчымыя маленькія крокі ў бок лібэралізацыі

Зараз уся ўвага палітычна актыўнага грамадзтва засяроджаная на кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. А што будзе пасьля таго, як чарговая палітычная кампанія скончыцца? На гэтае пытаньне адказваюць экспэрты “Заўтра тваёй краіны”.

-- Нейкія маленькія крокі ў бок лібэралізацыі палітычнае прасторы адбудуцца, таму што галоўным чыньнікам гэтага зьяўляецца імкненьне беларускіх уладаў працягваць дыялёг з Захадам, - лічыць палітоляг Валеры Карбалевіч. – Пад уціскам Захада ўжо адбываюцца такія мікраскапічныя крокі, я маю на ўвазе зімовае вызваленьне палітычных зьняволеных і тое, што колькасьць прадстаўнікоў апазыцыі ў акруговых камісіях павялічылася, як павялічылася колькасьць зарэгістраваных ініцыятыўных груп і адначасна зьменшылася колькасьць адмоваў у рэгістрацыі параўнальна зь мінулымі разамі. Ёсьць спадзяваньне, што і ў Палату прадстаўнікоў трапіць хоць нейкая колькасьць апазыцыянэраў, хоць трапяць яны туды ня ў выніку волевыяўленьня народу, а ў выніку “добрай волі” уладаў, але і гэта ўжо нейкія крокі наперад. Я спадзяюся, што крокаў наперад будзе больш, чым крокаў назад.

Апроч таго, па словах Валерыя Карбалевіча, гэтым разам, хутчэй за ўсё, ня будзе адназначнага катэгарычнага рашэньня міжнародных структураў аб дэмакратычнасьці альбо недэмакратычнасьці парлямэнцкіх выбараў.

-- Такога чорна-белага варыянту ня будзе, будзе “з адноаго боку…., з другога боку….”, - адзначае аналітык. – Тут ня будуць прынцыповымі фармулёўкі міжнародных назіральнікаў, тут будзе больш прынцыповай пазыцыя Эўрапейскага Зьвязу, ці гатовы ЭЗ на нейкія маленькія крокі беларускіх уладаў у бок лібэралізацыі пайсьці ў адказ на таксама невялікія крокі і жэсты ў адрас беларускіх уладаў. Больш важным тут зьяўляецца нейкае палітычнае рашэньне краінаў Эўразьвязу. Гэта больш важна, чым рашэньне назіральнікаў, і хаця гэтыя рэчы зьвязаныя, але ня так жорстка.

-- Сытуацыя ў Беларусі пасьля выбараў, хутчэй за ўсё, ніяк ня зьменіцца, - мяркуе віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай Фэдэрацыі Правоў Чалавека Алесь Бяляцкі. – Сама выбарчая кампанія, як яна ідзе, і вынікі гэтай кампаніі ня змогуць сур’ёзным чынам паўплываць на зьмены сытуацыі ў Беларусі, хаця мы, назіральнікі, пастараемся максымальна давесьці сытуацыю да людзей. Прынамсі, працэнт грамадзянаў, якія ня вераць вынікам гэтых выбараў, улічваючы тое, што адбываецца (а мы ўжо цяпер маем дзясяткі прыкладаў парушэньня заканадаўства, магутнейшага выкарыстаньня адміністратыўнае сыстэмы), то давер да гэтых выбараў ня будзе высокім.

-- Улада будзе працягваць трымаць сытуацыю пад кантролем, і нейкага заўважнага прарыву апазыцыі ў парламэнт яна не дапусьціць, - упэўнены публіцыст Аляксандр Класкоўскі. – З іншага боку, калі нават нейкая выспа апазыцыйнасьці, хаця б мініфракцыя ў парлямэнце зьявіцца, гэта ўжо будзе нейкая новая сытуацыя ўва ўнутрыпалітычным жыцьці, нейкі пляцдарм для далейшых дзеяньняў, і адначасна на гэтай глебе можа завязацца нейкі кантакт з Захадам. Зразумела, што калі нават гэта адбудзецца, то не таму, што беларускія ўлады раптам загарэліся лібэральнымі ідэямі, гэта змушаюць абставіны, ды прыкладу, расейскі ўціск.

Разам з тым, лічыць Аляксандр Класкоўскі, усё адно, хай сабе і змушана, улада мусіць манэўраваць ды ісьці на мінімальныя саступкі. “Вось так па прынцыпе “кропля камень точыць” могуць адбывацца нейкія зьмены ў бок дэмакратызацыі ў Беларусі”, - адзначае экспэрт “Заўтра тваёй краіны”.

 

Последнее в рубрике