Як МАЗ становіцца ўкраінскім
04.04.2018
Ігар Тышкевіч, Украінскі інстытут будучага, спецыяльна для Thinktanks.by

Як МАЗ становіцца ўкраінскім

У 2017 годзе ў гандлі паміж Беларусьсю ды Ўкраінай адбыліся зьмены, якія, пры далейшым разьвіцьці, могуць істотна паўплываць на характар супрацоўніцтва дзьвюх краінаў.

Нафтапрадукты, як і раней забясьпечваюць большую частку таваразвароту, але адначасова з тым ёсьць першыя вынікі, якія дазваляюць казаць пра паступовую трансфармацыю ў бок прамысловай каапэрацыі ды супольных праектаў, што наўпрост могуць паўплываць на палітычныя кантакты Менску ды Кіева. Комплексны аналіз будзе занадта аб'ёмным для аднаго тэксту, таму вырашыў зрабіць невялікую нізку артыкулаў: пачаць з асобных накірункаў і пасьля выйсьці на абагульненьні ды палітычныя працэсы, якія можа спрычыніць сёньняшняе эканамічнае супрацоўніцтва дзьвюх краінаў. Пачну з найбольш цікавай зьявы - тэхнікі Мінскага аўтамабільнага заводу.

МАЗ, КАМАЗ, КРАЗ ды іншыя

Прадукцыя беларускага аўтапраму, нягледзячы на доўгую гісторыю прысутнасьці у Ўкраіне ніколі не займала дамінуючых пазыцый. Таму ёсьць некалькі прычынаў.

Суседняя краіна мае ўласныя магутнасьці па выпуску грузавых аўтамабіляў ды пасажырскага транспарту.

Беларуская прадукцыя паводле сваіх характарыстык не магла на роўных канкураваць з прапановамі міжнародных кампаній -- мела перавагу па коштах, але прайгравала па характарыстыках.

У нізкім коштавым сегменце адчувалася моцная канкурэнцыя з расійскімі і (з 2010 году) кітайскімі ды індыйскімі аўтамабілямі.

Буйныя дзяржаўныя замовы досыць часта мелі адмысловыя ўмовы - перавага ў тэндэрах аддавалася прадукцыі ўкраінскага аўтапраму.

Адпаведна, украінскі рынак для МАЗу быў вечна «перспектыўным» -- больш-менш істотнага рыўка зрабіць не атрымлівалася.

У 2012-14 гадах адбываюцца адразу некалькі працэсаў, якія часткова могуць патлумачыць пасьпяховы выхад МАЗу на ўкраінскі рынак.

У гэты час, дзякуючы няўдаламу кіраваньню, Львоўскі аўтазавод, які вырабляў аўтобусы і тралейбусы ЛАЗ фактычна спыніў вытворчасьць. Праблемы на прадпрыемстве пачаліся крыху раней - пасьля продажу заводу расейскім інвэстарам Алегу і Ігару Чуркіным. Завод сыходзіць з некалькіх рынкаў, не выконвае ўмовы паставак тэхнікі на Еўра-2012, вядзецца скарачэньне пэрсаналу. У 2013 годзе абсталяваньне са Львова было вывезена ў Днепрадзяржынск на мясцовы аўтобусны завод. Але нават і там вытворчасьць аўтобусаў ЛАЗ была спыненая. Сёньня ЛАЗу фактычна не існуе, прадпрыемства ў Днепрадзяржынску, станам на 2017 год сканцэнтравалася на вытворчасьці глушнікоў да ВАЗу ды паслугах аўтасэрвіса. Частка ўкраінскіх аналітыкаў ды бізнэсмэнаў публічна заяўлялі пра наяўнасьць прыкметаў мэтанакіраванага давядзеньня да банкруцтва ды зьнішчэньня ЛАЗу расейскімі ўласьнікамі.

Завод КРАЗ, які свайго часу быў адным з найбольш магутных прадпрыемстваў, ужо ў да 2010 году зьнізіў аб'ёмы выпуску да 1000-1100 аўтамабіляў у год, выконваючы збольшага экспартныя кантракты. Пры гэтым на прадпрыемстве не вырашалі праблемы залежнасьці ад экспарту. Як вынік - праблемы, якія пачаліся ў 2014 годзе, пасьля разрыву сувязяў з пастаўшчыкамі з РФ.

Аднак, казаць пра вызваленьне рынку не даводзілася - у той жа час пачалася буйнавузлавая зборка кітайскіх ды індыйскіх грузавікоў (у першую чаргу малатанажных) на заводах ЗАЗ ды карпарацыі «Богдан». Апошні вытворца, апроч грузавога транспарту, прыступіў да вытворчасьці гарадзкіх аўтобусаў ды тралейбусаў.

Прычыны росту і ацэнка рэальных аб'ёмаў

2017 год Мінскі аўтазавод можа сьмела запісаць сабе ў актыў - паводле статыстыкі продажаў аўтамабіляў з грузапад'ёмнасьцю болей за 3,5 тоны, беларускі вытворца год здолеў дасягнуць долі ў 19,8% рынку. У абсалютных лічбах, паводле статыстыкі «Украўтапрам» першую рэгістрацыю прайшлі 757 аўтамабіляў. Гэта 6,5% ад ўсіх прададзеных грузавікоў, уключна з малатанажнымі машынамі расейскага ГАЗ, кітайскіх ды індыйскіх заводаў. На рынку пасажырскіх перавозак таксама ёсьць свае дасягненьні - МАЗ атрымаў 9% ад колькасьці ўсіх прададзеных у 2017 годзе аўтобусаў ды мікрааўтобусаў. Калі ж браць пра гарадзкі пасажырскі транспарт (перавозка 60 пасажыраў і болей), то доля менскага аўтазаводу будзе каля 20-25% ад агульнай колькасьці продажаў.

Але прыведзеныя лічбы -- толькі частка агульнае карціны -- прысутнасьць МАЗ на ўкраінскім рынку значна большая.

Пэрспэктывы

Украінскі рынак неўзабаве можа стаць адным з базавых для МАЗу, прычым гаворка тут ідзе пра шырокі асартымент тэхнікі:

Буйныя украінскія гарады пачынаюць праграму аднаўленьня камунальнага транспарту. Пакупка новых аўтобусаў, у значнай меры, фінансуецца за кошт ЕБРР, зь якім у мінскага аўтазаводу даўнія адносіны. У сярэдзіне 2018 году будзе закрытая здзелка на пастаўку 100 аўтобусаў для Кіева. Але на гэтым патрэбы ўкраінскай сталіцы не будуць задаволеныя - можна чакаць новых тэндэраў. Дамовы таксама рыхтуюцца з Жытомірам, Дняпром, Харкавым. Гэта некалькі соцень машын на працягу бліжэйшых года - двух.

СП «МАЗ-БОГДАН» працягвае пастаўкі ўкраінскім сілавікам. На 2018 год толькі войска плянуе закупіць больш за 1000 новых грузавых аўтамабіляў. Патрэбы аднаўленьня парку яшчэ большыя - паводле дадзеных Мінабароны, узровень застарэласьці аўтатэхнікі станам на канец 2017 году складае каля 82%. Гэта азначае, што буйныя вайсковыя кантракты будуць заключацца прынамсі бліжэйшыя 5-10 год. Далей - чарговае аднаўленьне аўтапарку і пастаўкі камплектуючых.

Рухавікі. Асноўнай прэтэнзіяй да вайсковых грузавікоў МАЗ былі рухавікі, вытворчасьці Яраслаўскага маторнага заводу. Але ўлетку МАЗ перадаў на выпрабаваньні машыны з кітайскім рухавіком WeichalPower. У той жа час у беларускіх СМІ прайшла інфармацыя пра пляны МАЗу стварэньня СП с партнэрам з КНР. Такім чынам Менскі аўтазавод ня толькі вырашае праблемы з расейскімі камплектуючымі для сабе, але і адкрывае ёмісты ўкраінскі рынак, забясьпечваючы сабе канкурэнтную перавагу.

Камплекты для зборкі. Пачатак супрацоўніцтва з КРАЗам, СП з "Богдан" дае падставы гаварыць пра магчымую больш шырокую кааперацыю з украінскім аўтапрамам. "Богдан-Моторз" вырабляе у тым ліку пасажырскі транспарт - ёсьць магчымасьць лакалізацыі беларускіх аўтобусаў ці нарошчваньне долі беларускіх камплектуючых (якая і так ёсьць) у "багданаўскіх" машынах.

Цалкам тэкст чытайце тут

Последнее в рубрике