
Шушкевіч: У Беларусі усталёўваецца капіталізм, але не хацелася б, каб гэта быў шлях Лацінскай Амерыкі
Пра наступствы неадукаванасці палітыкаў, разлад у апазіцыі і тое, што нас чакае, першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч распавёў падчас канферэнцыі Reshape 2017 платформы «Ідэя».
Станіслаў Шушкевіч
Пра неадукаванасць палітыкаў і яе вынікі
— На пачатку 1990-х гадоў стартавыя ўмовы Беларусі былі лепшымі за ўмовы Польшчы, Літвы і некаторых іншых краін. А сёння сярэднестатыстычны заробак у Польшчы ў тры с паловай разы вышэйшы за беларускі.
Немагчыма, каб заробак у не занадта больш адукаванай і не больш добра арганізаванай Латвіі быў ў тры разы вышэйшы, чым у Беларусі, а ў самой Беларусі праца касіра, які скончыў тэхнікум, і выкладчыка універсітэта, які напісаў дысертацыю, ацэньвалася б аднолькава.
Бачна, што Беларусь выбрала эканамічна няправільны накірунак, які гарантуе толькі захоўванне існуючай ўлады.
У палітычных і дзяржаўных справах няма простых рашэнняў. Таму і кіраваць краінай павінны высокаадукаваныя людзі. У Беларусі з гэтым праблемы – бо ў многіх прэтэнзіі вялікія, а адукаванасць мізерная. Зараз робіцца не тое, што трэба рабіць у сітуацыі, у якой апынулася краіна. І прычына таму – агульная палітычная неадукаванасць, якая засталася, бо мы прыйшлі з таго краю, дзе паліталагічнай адукацыі не было.
Для развіцця дзяржавы яе палітыка павінна заўсёды карэктавацца. Гэтага не адбываецца ў Беларусі. Больш за тое, у краіне поўнасцю зліквідавана мясцовае самакіраванне. Сістэма, у якой больш высокі орган заўсёды выпраўляе рашэнні ніжэйшага, без раздзялення функцый, не можа быць эфектыўнай.
Бачна, што ў Беларусі пачынае усталёўвацца капіталізм, гэта больш прагрэсіўны лад, чым казарменны камунізм, але не хацелася б, каб гэты капіталізм пайшоў шляхам Лацінскай Амерыкі.
Пра разлад у апазіцыі
– Я не лез са скуры, каб Беларусь была парламенцкай рэспублікай. Ёсць каласальная колькасць прыкладаў, калі высокаадукаваныя рашучыя кіраўнікі дзяржаў маглі паскорыць працэс прагрэсіўнага рэфармавання краіны. У Беларусі ж з-за таго, што яна прэзідэнцкая рэспубліка, працэс прагрэсіўнага рэфармавання тармазіцца.
І супраціву гэтаму няма, акрамя лозунгаў, што «мы выйдзем і будзем пратэставаць». Мы пратэсавалі. Што далей?
У апазіцыі няма аб’яднання, як няма і дарожнай карты дзеянняў. У беларускай апазіцыі таксама няма дэмакратычнага выхавання. Перад тым, як што-небудзь рабіць і раіць, трэба навучыцца падпарадкоўвацца. Вядомыя лозунгі кажуць, што рухавік дэмакратыі – гэта кампрамісы. Інакш развіваць дэмакратыю не атрымліваецца. У нашай жа краіне дзеля Беларусі людзі ў апазіцыі не робяць ніякіх саступак.
Галоўная праблема ў тым, што мы не здольныя аб’яднацца, каб вырашаць тыя пытанні, якія стаяць перад Беларуссю.
Пра ўласныя дасягненні
– Сваімі асабістымі вялікімі дасягненнямі я лічу Белавежскае пагадненне і вывад з тэрыторыі краіны ядзернай зброі.
Праз пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў упершыню з 1794 года Расія подпісам Барыса Ельцына, а пасля ратыфікацыяй Думы, прызнала незалежнасць Беларусі.
Больш за тое, падзел Савецкага саюза, насуперак чаканням некаторых палітычных дзеячоў сусвету, удалося правесці без грамадзянскай вайны.
Але найвялікшае дасягненне ў 1990-х гадах – гэта вывад ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі. Бо яе наяўнасць на тэрыторыі краіны пагражала знішчэннем беарускай нацыі і нават Еўропы. Няўжо ж мы б выкарысталі яе, каб абараніцца ад магчымых агрэсараў?
Пра еўрапейскую дзяржаву для ўсіх
– Змены ў Беларусі адбудуцца, цяжка сказаць, колькі гэта патрабуе часу, але яны непазбежныя. Я б не хацеў толькі, каб яны былі рэвалюцыйнымі, бо мы ўжо нацярпеліся ад рэвалюцый. Трэба шукаць іншыя падыходы.
Гэта не простае пытанне, якое звязана з той жа адукацыяй. У краіне ёсць тыя, хто адстойвае тое, што мы – еўрапейцы, і тыя, хто адстойвае ідэю «рускага свету». Я праціўнік «рускага свету», бо лічу, што Расія не заслугоўвае таго, каб нешта дыктаваць Беларусі, ідэалагічна і філасофскі яна не тая краіна, з якой можна браць прыклад.
Наша задача – развіваць еўрапейскую дзяржаву для ўсіх. Тое ж, якой мае быць гэтая дзяржава, вырашаецца дэмакратычным прынцыпам – выбарамі.
І тут узнікае такое пытанне: беларусаў хваляць, што яны заўсёды выжывалі пры любых умовах, але трэба адрозніваць выжыванне ад пакорлівасці. У прынцыповых палітычных пытаннях пакорлівасці не можа быць, павінны быць кампраміс, узаемадзеянне паміж тымі структурамі, якія хочуць змены палітычнага ладу на больш дэмакратычны.