$, ?, £, Br… Чаму не выкарыстоўваецца сімвал беларускага рубля?
25.09.2017
Ілья Параскевіч, Наша ніва

$, ?, £, Br… Чаму не выкарыстоўваецца сімвал беларускага рубля?

У сучасным свеце для любой валюты мець уласны сімвал — гэта прэстыжна.

Сімвалы сваіх грошай маюць і ў рознай ступені выкарыстоўваюць і нашы суседзі: Украіна, Казахстан. Для расійскага рубля графічны знак быў зацверджаны ў 2013 годзе і стаў настолькі папулярным, што сёння прысутнічае паўсюль: ад цэннікаў у крамах да рэкламных білбордаў.

У 2005 годзе свой сімвал з’явіўся і ў беларускага рубля — Br. Ён быў выбраны з дасланых на конкурс варыянтаў і зацверджаны кіраўніком краіны.

Пераможцы конкурсу нават атрымалі ўзнагароду ў памеры 1 275 000 рублёў (каля 600 даляраў па курсе на той час).

Тады ж адпаведнай пастановай Нацыянальны банк рэкамендаваў банкам, нябанкаўскім крэдытна-фінансавым арганізацыям, іншым юрыдычным асобам выкарыстоўваць гэты графічны знак у якасці ўказання на афіцыйную грашовую адзінку — беларускі рубель (як перад, так і пасля наміналу беларускага рубля) пры вытворчасці, размяшчэнні і распаўсюджванні рэкламы на рынках тавараў, работ і паслуг, інфармацыйных, даведачных матэрыялаў, а таксама ў іншых мэтах.

І вось, з тых пор мінула ўжо дванаццаць год, а сімвал рубля так і не ўвайшоў у наша паўсядзённае жыццё. Яго не выкарыстоўваюць ні ў крамах, ні ў рэкламе, ні нават у саміх банках. Чаму ж так адбылося?

У Нацбанку кажуць пра свайго роду трэнд у гэтай сферы, не звязаны з запатрабаванасцю.

«Распазнавальныя графічныя сімвалы гістарычна замацаваліся за асноўнымі сусветнымі валютамі — далярам, фунтам і енай. Пры ўводзе ў абарачэнне еўра таксама быў створаны спецыяльны знак, які адразу атрымаў шырокае распаўсюджванне. Стварэнне сімвалаў «маладых» нацыянальных валют стала своеасаблівай модай на постсавецкай прасторы, аднак у большасці выпадкаў гэтыя ініцыятывы не былі падтрыманыя насельніцтвам і бізнэс-супольнасцю», — паведамілі «НН» у прэс-службе Нацбанка.

Між тым, удалым можна прызнаць эксперымент з укараненнем сімвала расійскага рубля, зацверджанага Банкам Расіі ў 2013 годзе. У Рэспубліцы Казахстан сімвал тэнге быў выбраны ў 2007 годзе, але амаль не выкарыстоўваецца. Таксама не атрымаў распаўсюджвання і графічны знак украінскай грыўні, конкурс на выбар якога быў праведзены ў 2003 годзе, і часцей за ўсё выкарыстоўваецца традыцыйнае скарачэнне «грн».

Варта адзначыць, што пасля дэнамінацыі ў 2016 годзе даволі папулярным стала выкарыстанне міжнароднага кода беларускага рубля — BYN. У пераходны перыяд, калі ў абароце былі адначасова і старыя, і новыя купюры, гэты код сталі выкарыстоўваць, каб адзначыць, што цана ўказаная менавіта ў дэмінаваных рублях, бо недэмінаваныя мелі іншае міжнароднае абазначэнне — BYR. Але такі код маюць усе сусветныя валюты: USD, EUR, PLN, RUB, AUD і г.д. Яго выкарыстоўваюць банкі для правядзення міжнародных валютных аперацый.

Сімвалы ж грашовых адзінак, або знакі, прызначаныя, у першую чаргу, для хуткага ўводу з клавіятуры іх назваў і павышэння пазнавальнасці нацыянальнай валюты ў свеце.

Можа, надышоў час прыняць адпаведныя захады для забеспчэння выкарыстання сімвала беларускага рубля ў паўсядзённым жыцці? Нацбанк такі пункт гледжання не падзяляе.

«У сувязі з рэкамендацыйным характарам выкарыстання графічнага знака Br Нацыянальны банк не лічыць мэтазгодным прыняцце адміністрацыйных, а тым больш заканадаўчых мер па яго абавязковым укараненні. Таму далейшае выкарыстанне і (або) невыкарыстанне суб'ектамі гаспадарання і фізічнымі асобамі зацверджанай выявы графічнага знака беларускага рубля носіць добраахвотны характар», — кажуць ў прэс-службе.

Последнее в рубрике