Не стала Ніла Гілевіча
30.03.2016

Не стала Ніла Гілевіча

Апошняга Народнага паэта Беларусі.

Ніл Гілевіч. Фота: Радыё Свабода

«Жывіцелем пустыні» называла яго Ларыса Геніюш, напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку паэт Міхась Скобла:

—Жывіць пустыню — праца велічэзная, яна пад сілу толькі волатам-рэкам і волатам-паэтам. З усіх бакоў наступаюць пяскі, а трэба зьберагчы і памножыць аазісы. Ніл Гілевіч свае аазісы зьбярог і памножыў. Усё зробленае ім падвынікаваў Збор твораў у 23 тамах, які аўтар сам склаў і сам выдаў - за сваю пенсію. І факт гэты таксама застанецца ў найноўшай гісторыі Беларусі - сьведчаннем вытрываласьці беларускай літаратуры і беларускіх паэтаў. А ўсяго тыдзень таму Ніл Сымонавіч паказваў мне яшчэ некалькі падрыхтаваных да друку тэчак - як дадатак да свайго 23-кніжжа... Вечны супакой вялікаму Працаўніку, Паэту і Грамадзяніну.

Нілу Гілевічу было 84 гады. Раніцай яго даставілі ў бальніцу, куды, па словах сына, ехаць не хацеў, бо добра ведаў, што адтуль ужо не вернецца, паведамляе “Народня Воля". Апошнія гады ён мужна змагаўся з цяжкай хваробай.

***

Ніл Гілевіч нарадзіўся 30 верасня 1931 года ў вёсцы Слабада Лагойскага раёна Мінскай вобласці. Скончыў Мінскае педагагічнае вучылішча імя Н. К. Крупскай (1951), а таксама філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1956). Кандыдат філалагічных навук, прафасар. У 1958—1963 гадах працаваў літаратурным кансультантам газеты «Звязда». З 1960 года працаваў на кафедры беларускай літаратуры БДУ. У 1980—1989 — першы сакратар праўлення Саюзу Пісьменнікаў БССР. З 1989 — старшыня рэспубліканскага Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Галоўны рэдактар газеты-бюлетэня ТБМ «Наша слова». З чэрвеня 1990 — старшыня пастаяннай Камісіі Вярхоўнага Савету БССР па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнае спадчыны. Дэпутат Вярхоўнага Савету БССР (1985—1990). У 1990 годзе быў абраны народным дэпутатам БССР. Сябра Прэзыдыуму Вярхоўнага Савету БССР.

Першыя вершы былі надрукаваны ў 1946 годзе. Выдаў зборнікі паэзіі «Песня ў дарогу» (1957), «Прадвесне ідзе па зямлі» (1959), «Неспакой» (1961), «Бальшак» (1965), «Перазовы» (1967), «Лісце трыпутніку» (1968), «А дзе ж тая крынічанька» (1972), «Запаветнае» (1975), «Актавы» (1976), «Святлынь» (1984), раман у вершах «Родныя дзеці» (1985), «Як дрэва карэньнем» (1986), «Повязь» (1987), «Жыта, сосны й валуны» (1990), «Талісман» (1994), «На высокім алтары» (1994), «Вечны матыў» (1994), «…І плямы на табе няма» (2003), «На флейце самоты» (2004).

Ніл Сымонавіч Гілевіч – адзін з заснавальнікаў ЗБС “Бацькаўшчына”, адзін з арганізатараў Першага з’езда беларусаў свету, на якім быў абраны ў першую Вялікую Раду і быў у ёй шмат гадоў.

Последнее в рубрике