Светлая памяць Ганне Вольскай
24.03.2016

Светлая памяць Ганне Вольскай

23 сакавіка ад анкалагічнай хваробы пайшла з жыцця Ганна Вольская – прадусарка, жонка Лявона Вольскага.

Ганна Вольская. Фота з сайта Generation.by

Ганна нарадзілася 11 чэрвеня 1975 года. Скончыла Інстытут культуры. У 1995-1996 гадах працавала ў рэкламным аддзеле легендарнага «Радыё 101.2», дзе і пазнаёмілася з будучым мужам. У шлюбе у іх нарадзілася дачка Адэля, якой сёння споўнілася 18 гадоў.

Ганна пэўны час была дырэктарам гурту N.R.M., з’яўлялася нязменнай прадусаркай музычнага праекта «Крамбамбуля» і сольных альбомаў Лявона Вольскага, выступала суаўтаркай шматлікіх іншых праектаў.

Як распавяла «Нашай Ніве» блізкая сяброўка сям'і Вольскіх Вольга Бабак, у Ганны выявілі рак малочнай залозы:

«Ганна казала, што не хоча ляжаць у лякарні і паміраць».

Вольга не ведае, калі дакладна ў Ганны выявілі рак, але кажа, што хвароба прагрэсавала ў яе як мінімум год, аднак яна не прайшла ніводнага курса хіміятэрапіі. А на момант трапляння ў лякарню гэта было ўжо бессэнсоўна. У чацвер яна трапіла ў лякарню па хуткай дапамозе.

«Лявон зразумеў, што ёй вельмі кепска і самастойна ён не дапаможа. Хутка завезлі яе ў гастраэнтаралагічнае аддзяленне другой клінічнай бальніцы Мінска. Там яна праляжала да нядзелі, але пагаршэнне ішло імкліва, даследаванні паказалі, што рак паразіў абсалютна ўсе органы, аж да костак. Ёй падтрымлівалі жыццёвыя функцыі, а ў нядзелю бацькі забралі яе дахаты, каб яна не мучылася ў бальнічных сценах».

Развітанне з Ганнай Вольскай адбудзецца ў чацвер 24 сакавіка з 11:00 да 13:00 ў Свята-Елісавецінскім манастыры (вул. Выгоцкага, 6, мікрараён Навінкі, Мінск). Ганна Вольская будзе пахаваная на могілках у Заслаўі.

Generation.by смуткуе разам з сям’ёй Ганны, блізкімі і сябрамі. Светлая памяць Ганне Вольскай. Узгадваем наша вялікае інтэрв'ю 2008 году.

Фотаальбом памяці Ганны Вольскай тут

Последнее в рубрике