Улады спалохаліся папулярнасці «Пагоні»?
12.11.2015
Генадзь Косараў

Улады спалохаліся папулярнасці «Пагоні»?

Ідыёлагі распачалі «крыжовы» паход супраць нацыяльных сімвалаў беларусаў. \r\n

Фото: Вадим Замировский, TUT.by

Праўладныя навукоўцы выказалі сваё зняважлівае стаўленне да герба «Пагоня» і бел-чырвона-белага сцяга.

—Сімволіка, звязаная з БНР, калабарантамі і перыядам пачатку 1990-х — гэта сімволіка няўдачнікаў. Тых, хто не змог пераканаць беларускі народ і даказаць сваю здольнасць у дзяржаўным кіраванні. Гэта сімвалы лузераў. – заявіў падчас круглага стала ў Акадэміі кіравання навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі НАН Аляксей Дзермант.

Чаму ідыёлагі зневажаюць нацыянальныя сімвалы?

— Гэта звязана з тым, што нацыянальная сімволіка вельмі пашырылася сярод моладзі, — лічыць старшыня Таварыства беларускае мовы (ТБМ) Алег Трусаў. — Такой папулярнасці ў герба «Пагоня» не было нават тады, калі ён быў дзяржаўным.

Кандыдат гістарычных навук адзначае, што ўлады вельмі непакоіць гэтая сітуацыя.

— Новая хваля вельмі шырокая. Пад гістарычнай сімволікай цяперашнюю ўладу могуць адправіць на пенсію, — гаворыць гісторык.

Ён нагадвае, што існуючыя дзяржаўныя сімвалы зроблены з парушэннем законаў геральдыкі, а рэферэндум, на якім яны былі зацверджаны, прайшоў незаконна.

—На гербе, калі за яго галасавалі на рэферэндуме, не было чырвонай зоркі. Яе падмалявалі потым, — гаворыць эксперт.

Паводле ягоных словаў, калі рабілі дзяржаўны сцяг, то пераблыталі арнамент.

—Гэты арнамент — знак смерці, а не жыцця. Вельмі смешна і недарэчна. Нават калі б яны бусла ўзялі ці зубра, было б лепш. Бо зараз гэтая сістэма прыходзіць у заняпад, — падкрэслівае старшыня ТБМ.

Экс-дэпутат парламента лічыць, што зараз у Адміністрацыі прэзідэнта прыкладна палова чыноўнікаў-прыхільнікі рэформаў, вяртання сімволікі, беларускай мовы.

Ёсць унутры ўлады, на думку эксперта, таксама партыя, якая хоча інкарпарацыі Беларусі ў Расею.

— Хто пераможа – цяжка сказаць, гэта роўныя сілы. Лукашэнка сам не ведае, што рабіць, да якой партыі прымкнуць. Бо і ў адной кепска, і ў другой небяспечна, — адзначае Алег Трусаў.

Последнее в рубрике