20.05.2014
Аляксандр Арсёнаў, IT.TUT.BY

Гарадскія легенды, хронікі супраціву і эка-шпацыр: тры студэнты распрацавалі мабільны гід па Мінску

Маладая суполка мабільных распрацоўшчыкаў прадставіла падчас чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску мабільны гід GoMinsk пад Android i iOS. Ад аналагаў праграма адрозніваецца некамерцыйнасцю і наяўнасцю вялікай колькасці турыстычных маршрутаў.

GoMinsk даступная на трох мовах: беларускай, англійскай і рускай. Спампаваць яе можна для Android i iOS. Найперш карыстальніку прапануецца спампаваць базу аб’ектаў і маршрутаў для далейшага афлайн-доступу.

Праграму GoMinsk стваральнікі Flaxtreme называюць: «Гідам для тых, хто хоча пазнаёміцца з розным Мінскам». Гід змяшчае мапу ды спіс турыстычных кропак і аб’ектаў харчавання (клубы, бары, рэстарацыі, кавярні з адрасамі і тэлефонамі), наяўнасць Wi-Fi у кавярнях і гатэлях, адрасы сувенірных крамаў, мапу метро.

Унікальным складнікам гіда з’яўляюцца тэматычныя шпацыры па горадзе — не спасылкі на замову платных экскурсій, а інфармацыя для самастойных пешых паходаў. Тут карыстальніку прапануюцца духоўны і эка-шпацыр, моўны і мастацкі, маршрут па месцах, з якімі звязаныя гарадскія паданні альбо gay-friendly-маршрут.

«Нам захацелася распрацаваць сучасную ветлівую да карыстальніка праграму - моладзевую і стылёвую», — распавяла IT.TUT.BY Ганна Лакціёнава, адна са стваральнікаў праграмы. Аўтары GoMinsk знаёмыя і з іншымі мабільнымі гарадскімі гідамі, але лічаць, што здольныя зрабіць нешта яшчэ больш цікавае: «Да таго ж, вельмі мала гідаў па-англійску і зусім няма па-беларуску, а GoMinsk увогуле трохмоўны».

Большасць апісанняў да гарадскіх аб’ектаў у GoMinsk знойдзеная на абшарах Байнэта (пра гэта сведчаць і спасылкі на крыніцу інфармацыі ў канцы даведак), але стваральнікі з часам плануюць напоўніць праграму аўтарскімі тэкстамі. Тым больш, што некаторыя маршруты таксама маюць аўтараў: «Нешта знайшлі самі, знаёмыя прапанавалі і іншыя тэмы. Калі прыйшлі ў Таварыства беларускай мовы з прапановай аб «моўным шпацыры», ахвотна дапамог сам Алег Трусаў, старшыня ТБМ», — прыгадвае Ганна, але прызнаецца, што наперадзе яшчэ шмат працы. «Зрабілі тое, на што хапіла рэсурсаў». Бо пачыналі распрацоўваць праграму толькі 2 чалавекі, а цэлая каманда стваральнікаў збіралася паступова.

Аўтары хацелі выпусціць праграму яшчэ да пачатку чэмпіянату, але трохі не паспелі. «Праблема ў тым, што не зусім распрацавалі план. Было проста вялікае наіўнае дзіцячае жаданне зрабіць нешта прыгожае», — як кажа Ганна, GoMinsk усё яшчэ знаходзіцца ў стадыі бэта-тэставання. Але чэмпіянат будзе добрым стрэс-тэстам.

У планах распрацоўшчыкаў версія для Windows Phone і, магчыма, вэб-версія для настольных камп’ютараў. Плануюцца і новыя аўтарскія артыкулы, фота, цікавыя месцы і маршруты. Прымаецца і кантэнт ад карыстальнікаў - калі маеце прапановы, высылайце іх на gominsk2014@gmail.com. Па тым жа адрасе прымаюцца скаргі на памылкі і недапрацоўкі ў праграме.

«Важна, што мы стварылі праграмную і серверную платформу. На аснове GoMinsk можна стварыць гіды і для іншых гарадоў, ды хоць GoBelarus», — кажа праграміст Аляксандр Каральчук. На запушчаным сайце openbelarus.by, што таксама з’яўляецца партнёрам і для GoMinsk, прадстаўлены і іншыя цікавыя маршруты - і збіраюцца новыя.

Як сцвярджае праграміст, да GoMinsk лёгка падлучыць і сервісы накшталт курсу валют, выкліку таксі ці раскладу грамадскага транспарту, любыя аб’екты і катэгорыі. «Гатовыя выслухаць прапановы ад іншых распрацоўшчыкаў, хай далучаюцца», — кажа Аляксандр.

Для ўдзельнікаў Flaxtreme праграмаванне — не асноўны занятак, усе яны яшчэ студэнты. Над праграмным забеспячэннем GoMinsk працавалі толькі тры чалавекі. Акрамя гіду ў іх партфоліа жывыя шпалеры з гербам «Пагоня» і мабільны рэпетытар. Рэклама ў праграме не з’явіцца, як абяцаюць распрацоўшчыкі. Тым не меней яны зацікаўлены ў спонсарстве бараў і кавярняў, што будзе «літасным» метадам падтрымкі праграмы.

Супрацоўнічаць з гарадскімі ўладамі аўтары гіда пакуль не думалі: «Здаецца, некаторыя шпацыры могуць быць не надта добра ўспрынятыя», — кажа Ганна. «Але мы адкрытыя для любых цікавых прапаноў і ідэй!»

Акрамя віртуальных экскурсій, аўтары прапануюць асабіста правесці ў якасці прэзентацыі GoMinsk і жывыя экскурсіі па трох маршрутах.

Последнее в рубрике