Эксперт: Беларусам трэба ўвесь час паказваць свету, што вы — разумны і здольны народ
27.06.2013
Адар’я ГУШТЫН

Эксперт: Беларусам трэба ўвесь час паказваць свету, што вы — разумны і здольны народ

Чым беларусы падобныя да еўрапейцаў і што трэба зрабіць, каб турысты з ЕС сталі ахвотней наведваць у нашу краіну — пра гэта аўстрыйскі журналіст і эксперт па сацыяльных медыях Джозэф Гафл.

 

Фота са старонкі Джозэфа Гафла ў Facebook

Спадар Гафл у сёмы раз прыязджае ў Беларусь. Па ягоных словах, з кожным разам ён адкрывае нешта новае пра краіну, але, як і многія замежнікі, упэўнена заяўляе: галоўны скарб Беларусі – гэта яе жыхары – таленавітыя, добразычлівыя і разумныя.

— Па ўсіх здольнасцях беларусы такія самыя, як і жыхары Еўрасаюза. Вы не павінны даваць сябе прыніжаць, трэба ўвесь час паказваць свету, што вы — разумны і здольны народ, — лічыць аўстрыйскі журналіст .

У дзельнікам сустрэчы — у асноўным гэта былі беларускія студэнты — ён прапанаваў вызначыць, чым беларусы падобныя да еўрапейцаў, а чым пакуль яшчэ адрозніваюцца. Высветлілася, што меркаванні эксперта і аўдыторыі шмат у чым супадаюць.

Найбольш галасоў сярод фактараў падабенства набралі пазіцыі «Любоў да прыроды» і «Крызіс сямейных стасункаў». Спрэчкі ўзніклі вакол таго, ці можна беларусаў лічыць талерантнымі людзьмі. З аднаго боку, у нашай краіне вельмі мала міжэтнічных канфліктаў, беларусы цярпіма ставяцца да іншых культур. Разам з тым, адрознае меркаванне вельмі крытычна ўспрымаецца ў грамадстве, кансерватары даволі часта асуджаюць людзей, якія думаюц ь інакш.

Сярод адрозненняў найбольш галасоў сабралі пазіцыі «У ЕС больш высокі ўзровень жыцця», а таксама «Еўрапейцы больш уплываюць на сваё жыццё, чым беларусы».

Што датычыцца адрозненняў у культуры, то Джозэф Гафл назваў гэта фактарамі, якімі беларусам варта ганарыцца:

— Турыст, які прыязджае ў новую краіну, хоча закахацца ў яе, яму патрэбныя гэтыя адрозненні, цікавосткі. Людзі праязджаюць тысячы кіламетраў не для таго, каб убачыць тую самую карціну, што ў сябе на Радзіме.

Вену і Мінск раздзяляюць 1 200 км. Па словах аўстрыйскага журналіста, гэта не вельмі вялікая адлегласць для еўрапейскага турыста.

— Мы пераадольваем значна большыя адлегласці, каб адправіцца на адпачынак. Аднак адлегласць ментальная і эмацыйная паміж Беларуссю і Еўрасаюзам па-ранейшаму агромістая. Беларусь цікавая еўрапейцам, але вось гэтыя імаверныя адлегласці трэба скасоўваць , — лічыць Джозэф Гафл .

Сярод праблемаў, з якімі сутыка ю цца замежны я турыст ы, госць з Аўстрыі назваў візавы рэжым і наяўнасць мяжы паміж нашай краінай і ЕС.

— Я быў вельмі ўражаны, калі патрапіў упершыню ў Беларусь. Першае, што ў мяне спыталі, — дзе ваш пашпарт. Мяжа ў Брэсце нагадала мне далёкія гады Чэхаславакіі, калі таксама трэба было прайсці кардон, каб патрапіць да суседзяў, — адзначае Джозэф.

Ён таксама прыгадвае выпадак, калі запрасіў беларускіх музыкантаў да сябе на Радзіму, а яны проста разгубіліся, шукаючы, дзе знаходзіцца мяжа з Аўстрыяй.

— Яны праехалі Польшчу, Германію, пад’ехалі да Аўстрыі і, не пабачыўшы памежнага перахода, вярнуліся ў пачатак аўтабана. Немцы ім там патлумачылі, што ніякай мяжы даўно няма, можна свабодна праязджаць. Гэты выпадак сведчыць, што межы знаходзяцца ў галовах людзей. Сучасны чалавек ніколі б не прыдумваў мяжу, — лічыць журналіст.

Джозэф шмат фатаграфуе, падарожнічаючы па свеце. Ягоныя фотаздымкі пра Беларусь былі прэзентаваныя ў Вене і мелі вялікі поспех у тамтэйшых гледачоў.

 

Фота са старонкі Джозэфа Гафла ў Facebook

— Беларусам трэба часцей фатаграфаваць сваю краіну. І прэзентаваць яе свету праз інтэрнэт. Важна паказаць, якой вы бачыце сваю Радзіму , — кажа ён. Дарэчы, неўзабаве фотавыстава спадара Гафла пра тое, якой ён убачыў нашу краіну, можа быць прэзентавана ў Мінску.

 

Фота са старонкі Джозэфа Гафла ў Facebook

+ Пять способов продать иностранцам белорусские агроусадьбы

Последнее в рубрике