Пал Тамаш: У Беларусі свой шлях, таму бязглузда прапаноўваць ёй сцэнары Польшчы альбо Чэхіі
21.06.2013
Адар’я ГУШТЫН

Пал Тамаш: У Беларусі свой шлях, таму бязглузда прапаноўваць ёй сцэнары Польшчы альбо Чэхіі

Пазітыўныя і негатыўныя фактары, што ўплываюць на развіццё Украіны, Малдовы і Беларусі, а таксама перспектывы Усходняга партнёрства для нашай краіны — пра гэта адзін з вядучых еўрапейскіх спецыялістаў па праблемах сацыяльна-палітычных трансфрамацый на постсавецкай прасторы Пал Тамаш.

Выступаючы ў Мінску з адкрытай лекцыяй, арганізаванай у межах "Еўрапейскага кафэ", прафесар сацыялогіі венгерскага універсітэта Корвінус вылучыў стос негатыўных і пазітыўных фактараў, якія трэба мець на ўвазе, плануючы рэформы, у тым ліку ў рамках «Еўрапейскага дыялогу на тэму мадэрнізацыі Беларусі».

— Раней лічылася: калі ў краіне хаця б штосьці паляпшаецца, гэта паступовы прагрэс, так і павінна быць. Аднак потым прыйшоў час імклівага прарыву на Тайвані , у Сінгапуры. І стала зразумелым , што часам прагрэс можа быць хваляпадобным, нават пасля шматгадовага застою, — адзначыў Пал Тамаш.

Што дае Беларусі перспектывы?

Калі звярнуцца да перспектываў Беларусі, Украіны, Малдовы (БУМ) — а менавіта ў гэтым звязку еўрапейскія сацыёлагі найчасцей разглядаюць нашу краіну, пазітыўным момантам навуковец лічыць высокую адукаванасць насельніцтва.

— Нягледзячы на крытыку сучаснай сістэмы адукацыі, людзі не проста мараць мець дыплом аб заканчэнні ВНУ, але і гатовыя выдаткаваць на гэта грошы, — адзначыў Пал Тамаш.

Сярод іншых станоўчых фактараў сацыёлаг назваў каркас сацыяльных інстытутаў і праграм, што захаваліся з савецкіх часоў:

— Чалавек ведае , што ён можа разлічваць на медыцынскае абслугоўванне , бясплатную сярэднюю адукацыю. Зразумела, у гэтых інстытутах шмат праблем , але тое, што яны існуюць, у будчым спрашчае механізм мадэрнізацыі — прынамсі, ёсць што выпраўляць , не трэба ствараць бальніцы і школы нанова .

Яшчэ адным істотным фактарам для перамен у краіне з’яўляецца стварэнне рэальных кантактаў з дыяспарай у Еўропе і Маскве. Украіна і Малдова ў гэтым сэнсе больш паспяховыя за Беларусь .

— Можна ўшчуваць стыпендыятаў , якія не вярнуліся пасля вучобы дадому , але гэта «залаты запас» нацыі . Як толькі будуць створаныя спрыяльныя ўмовы, яны вернуцца на радзіму і будуць моцным інструментам для ажыццяўлення рэформаў. Пакуль жа яны з’яўляюцца мастом паміж краінамі БУМ і вялікім светам — Еўропай , ЗША, Расіяй, — лічыць Пал Тамаш .

Беларусы не ведаюць, што такое рэзкія перамены

Што датычна негатыўных фактараў, то перш за ўсё эксперт звяртае ўвагу на праблему карупцыі, якая пераўтварылася у стыль жыцця. А таксама імперскі сіндром , што характэрны для краінаў , якія доўгі час знаходзіліся пад уплывам вялікіх дзяржаваў і цяпер не ахвотна ідуць на інтэграцыю, баючыся страціць сваю незалежнасць.

У параўнанні з Украінай і Малдовай, на думку эксперта, у Беларусі нашмат у меншай ступені прысутнічае фактар нацыяналізму. Акрамя таго, беларусы пазбаўленыя ілюзій, што іх чакаюць у Еўразвязе.

Спецыфіка нашай краіны палягае ў тым , што рэформы расцягнутыя на дзесяцігоддзі .

— Беларусы не ведаюць, што такое рэзкія перамены. Няма вопыту шокавай мадэрнізацыі, калі тысячы людзей на некалькі гадоў застаюцца без працы. І хаця, на першы погляд, гэта падаецца станоўчым момантам, пазней гэта адыграе злы жарт, — лічыць Пал Тамаш. — У Беларусі вельмі шмат праціўнікаў резкіх рэформаў, гэта падмацоўваецца ўяўнай стабільнасцю. Людзі насамрэч не галадаюць, неяк занятыя на працы. Але менавіта з-за гэтага і немагчыма ўявіць резкую змену рэжыму — не ў палітычным сэнсе, а як звычайную рэч . Час паказаў, што ў Беларусі якасна іншае грамадства, таму тут нельга выкарыстоўваць чэскія альбо польскія сцэнары пераменаў.

Усходняе партнёрства перліна , якую кідаюць у смецце

Адказваючы на пытанне, як будуць развівацца стасункі паміж Беларуссю і Еўразвязам, Пал Тамаш крытычна паставіўся да праграмы Усходняга парнёрства.

— Усходняе партнёрства — гэта перліна , якую кідаюць у смецце. Першапачаткова гэтая супольнасць стваралася, каб замацаваць пазіцыі Польшчы ва Усходнім партнёрстве і заспакоіць Украіну, якая хацела далучыцца да Еўразвязу . На той момант ключавым пытаннем было — пашырацца ЕЗ альбо ўмацоўвацца знутры. Канцэптуальна быў абраны другі варыянт, таму саюз развіваецца пакуль па гэтым сцэнары. Магчыма, праз 10-15 лет прыхільнікі пашырэння будуць мець большую вагу і тады пытанні аб далучэнні новых краінаў будуць больш актуальнымі , — зазначыў эксперт .