Хто жыве ў мінскіх хостэлах? (фота)
03.08.2012
Аліна РАДАЧЫНСКАЯ

Хто жыве ў мінскіх хостэлах? (фота)

Гісторыя ў беларускіх хостэлаў вельмі кароткая. Самаму «старому» — мінскаму — у жніўні споўніцца год. Можна сказаць, што ён пераехаў у сталіцу з Віцебска — менавіта там распачаўся хостэл-рух. Хто ж жыве ў мінскіх хостэлах, адкуль прыязджаюць прыхільнікі бюджэтнага турызму «з разынкай» і што яны заўважаюць у Беларусі?

Хостэл Jazz :

«Складана было ўявіць, хто ўвогуле прыедзе»

Карэспандэнт «Заўтра тваёй краіны» з'явілася ў хостэле як раз у момант, калі высяляўся госць з Азербайджану. Па-ангельску гаспадар інструктаваў, колькі возьме часу дабрацца да аэрапорту, што трэба пакінуць гадзіну часу ў запасе. Малады хлопец, на выгляд не больш за 25 год, прасіў патлумачыць таксоўцу, што неабходна яшчэ заехаць у краму, дзе яму не хапіла грошай расплаціцца...

Jazz як раз і ёсць першы беларускі хостэл, адкрыты ў Віцебску ў кастрычніку 2010 году.

«Маці адразу сказала: сын, набрудзяць, разнясуць, п’яныя кампаніі, навошта табе гэта трэба?» — кажа Уладзімір Рамановіч. Ён разам з жонкай гаспадарыць у хостэле. Найгоршага не здарылася, але змяніць месцапалажэнне прымусілі адсутнасць досведу, малая турыстычная наведвальнасць Віцебску ды нязвыкласць падобных паслугаў для беларусаў.

У Мінску хостэл месціцца ў асабняку, дастаткова аддалена ад цэнтру, што нетыпова для хостэлаў у свеце. Але для нашай сталіцы гэта норма, што звязана са складанасцямі арэнды памяшкання.

Уладзімір знаходзіць плюсы і ў такім палажэнні: «Фармат гасцявога дома добры тым, што можна арганізоўваць барбекю, можна пафарбаваць цікава сцены і зрабіць з гэтага нешта большае, чым проста прытулак на ноч. Бо хостэл — гэта яшчэ і атмасфера».

Беларусы тут селяцца не часта, гэта звычайна спартовыя федэрацыі, дзіцяча-юнацкія школы. Спачатку, прызнаецца Уладзімір, было страшнавата рызыкнуць і засяліць такіх кліентаў — але практыка паказала, што дом не разнясуць.

Найбольш едуць расейцы, якіх прыцягваюць чыстыя вуліцы, нізкія кошты ды бяспека. Неяк зрабілі заўвагу, чаму ніхто не размаўляе па-беларуску. Хтосьці прыязджае да родных, але не хоча іх напруджваць, таму ночаць у хостэле.

«Замежікаў не так шмат, як хацелася б, не параўнаць з Прагай ці Варшавай, але краіна робіцца цікавай. І прыязджаюць з Непала, Аўстраліі, Бразіліі, Венесуэлы, Нігерыі, хтосьці прыязджае падвучыць рускую мову, пазнаёміцца з культурай Беларусі, хтосьці завітвае на пару дзён, бо паўсюль быў, а ў Беларусі не быў», — гаворыць Уладзімір .

З рэзкім адставаннем на другім месцы украінцы, потым палякі, якія прыязджаюць спантанна, на 2-3 дні. Ну і Еўропа, студэнты. Апошнім часам актыўна сталі наведваць Мінск галандцы.

«Мне падаецца, калі б у Беларусі былі больш развітыя грамадскія арганізацыі, кліентаў у хостэлаў бы паболела», - пралічвае перспектывы Уладзімір.

Што да атмасферы, то тут і буккросінг, і більярд, і невялічкі сад.

З верасня плануюць запусціць вечарыны краінаў — кожны, хто пажадае, зможа распавесці пра месца, адкуль прыехаў, арганізаваўшы тэматычную імпрэзу. У жніўні тут чакаюць прыезду паляка, які будзе весці моўныя курсы.

Італьянец Ферары прыехаў у Беларусь па жонку. Яму 45-50 год, вельмі камунікабельны, але пры гэтым крыху сарамлівы, ветлівы. Спачатку яму не спадабалася, бо ён не зразумеў, чаму ў бары дзяўчына «развяла» на 15 долараў і перастала звяртаць на яго ўвагу.

«Я яму параіў ісці ў нацыянальную бібліятэку, касцёл, царкву ці музей. І на наступны ж дзень ён распавядаў мне, як ён пазнаёміўся з машыністам трамвая, які ведае італьянскую. Кажа: «Ты ведаеш, мяне тут запрасілі скокнуць з парашутам, з аэраплана, так!». У выніку ён палюбіў нашых людзей» , — узгадвае гаспадар хостэлу.

З'ехаў італьянец ужо крыху беларусам, ва ўсялікім разе мог сказаць «дзякуй» і «калі ласка», ды яшчэ колькі словаў па-тутэйшаму. Але так і не здолеў зразумець, чаму станцыі метро абвяшчаюць па-беларуску, а ўсё астатняе — па-руску.

У планах хостэлу – пасяліць у сябе наведвальнікаў чэмпіяната свету па хакею. Браніраваць месцы можна ўжо зараз.

Хостэл Viva -Мінск:

«Тэлефануюць нам: мы тут знайшлі вашага аўсталійца ці японца, давайце дапаможам давезці»

Гэты бюджэтны прытулак знаходзіцца бліжэй за астатнія, недалёк ад чыгуначнага вакзалу, на месцы, дзе была цырульня, аб чым можна здагадацца па таблічцы на ўваходзе.

Гасцям адразу ж прапануюць зняць вулічны абутак — усё як дома.

Сяргей Чарняк разам з жонкай былі сузаснавальнікамі хостэла Jazz , але ў траўні гэтага году адкрылі ўласны.

Cяргей кажа, што хостэлы маюць сфармаваную аўдыторыю — гэта моладзь, людзі ад 20 да 40: «Бываюць, канешне выключэнні – нядаўна ў нас гасцілі пенсіянеры. Я першы раз сутыкнуўся з тым, што вандруюць не пенсіянеры з Англіі ці Нямеччыны, а расейцы, якія проста вырашылі аб'ехаць усю Беларусь».

Большая частка прыязджае з Расіі, потым па колькасці ідуць краіны Еўропы, Амерыка, Аўстралія, Японія, нават з Венесуэлы (было ўжо чацьвёра) і Аргенціны.

Ёсць проста вандроўнікі, якім неабходна затраціць мінімальны бюджэт. Да прыкладу, японцы. Калі трымаеш хостэл, даведваешся шмат новага, прызнаецца Сяргей: «Японцы вандруюць пасля універсітэту, перад тым, як пайсці працаваць, бо праца для іх рэальна катарга! Альбо калі яны змяняюць месца працы: ён упарта працаваў на адным месцы па 12 гадзін 6 дзён на тыдзень, ён стаміўся за 10 год, назапасіў пэўную суму грошаў, збіраецца і едзе вандраваць па свеце. На год. І аб'язджае ўвесь свет. Таму японцы вандруюць з мінімальным бюджэтам».

Таксама ёсць людзі, якія прыязджаюць па справах, абіраючы хостэл, як найбольш танны варыянт. Гэта, да прыкладу, прадпрымальнікі, якія лічаць свае грошы. Ёсць камандзіраваныя: «У папярэднім хостэле быў досвед, калі ў перадкалядны час сетка «Гиппо» да нас на цэлы месяц засялілі сваіх прадаўцоў».

Прыязджаюць турыстычныя групы: альбо турфірмы фармуюць групу, альбо людзі самастояна збіраюцца. Так жылі школьнікі з Расіі, якія проста вырашылі паглядзець Мінск.

Часта турысты задаюць пытанне: «А гэта ў вас такая мова, падобная да рускай, ці гэта руская мова?» Даводзіцца тлумачыць. Персанал хостэлу запытваюцца пра жыццё ў краіне, пра ўзровень даходаў, ці цяжка жыць: «Інфармацыю, якая паступае да іх аб дыктатуры ды іншым, людзі намагаюцца правяраць: «А вось калі я зараз назаву прозвішча прэзідэнта, за мной прыедзе КДБ ці не?» — пераказвае Сяргей.

Як паказвае досвед, еўрапейцы вельмі кантактныя, хлебам не кармі — дай паразмаўляць, а мінчукі — рэдка ведаюць англійскую. Але здараліся і такія выпадкі, калі маладзёны, пабачыўшы разгубленага замежніка ў горадзе, падыходзілі і прапаноўвалі яму дапамогу: «Тэлефануюць нам: мы тут знайшлі вашага аўсталійца ці японца, давайце дапаможам давезці».

А зараз у Viva-Мінск завітаў італьянец, які ўжо каля 20 год займаецца сальсай, і тут штовечар ходзіць на дыскатэку. «Зацягнуў з сабой японца, той быў проста ў захапленні!» — не хавае гонару за пастаяльцаў Сяргей.

Арт-хостэл Traveler :

«Такое адчуванне, што замежника ў на мяжы інструктуюць: усе кажуць пра чыстыя вуліцы»

Домік прыхаваўся ў соснах Чыжоўкі, так што пра экалагічнасць жытла можна не турбавацца.

На двары — валейбольная пляцоўка і груша. У доме — карціны беларускіх мастакоў, на ўваходзе таксама прапануюць змяніць вулічны абутак.

Пакуль мы размаўляем з Ксеніяй Курусь, саўладальніцай хостэлу Traveler, пара палякаў гатуе сабе абед, а Ксенія дзеліцца «фішкай» — сняданкі гасцям робяць і падаюць самі гаспадары. І гэта цэніцца!

Traveler таксама малады — адкрыўся 12 траўня 2012 года. Актыўна прыцягвае да сябе кліентаў рознымі культурніцкімі імпрэзамі.

Геаграфія наведвальнікаў – Грузія, Бельгія, Польшча, Літва, Латвія, Мексіка, Швецарыя, Расія, Украіна. У асноўным – турысты, але здараецца, што спыняюцца і камандзіраваныя, удзельнікі буйных мерапрыемстваў, спартовыя каманды, аднойчы нават жылі сведкі Іеговы.

Мінск здзіўляе гасцей коштамі і прыбранасцю. «Такое адчуванне, што іх на мяжы інструктуюць: усе кажуць пра чыстыя вуліцы», — смяюцца гаспадары.

Нават за два месяцы працы шмат хто ўжо вяртаўся і прывозіў з сабой сяброў.

Былі галандцы па праграме абмену: беларускія дзеткі з чарнобыльскай зоны ездзяць туды, а галандскія — сюды. Быў італьянец, які паступаў вучыцца ў Менск.

Здараецца, хостэлу дараць сувеніры — ад кніг да магніцікаў. Аднак і вялікую колькасць рэчаў пакідаюць выпадкова, так у Traveler ужо цэлая калекцыя куртак.

Асобна для добрых словаў гаспадары завялі кнігу водгукаў.

Размаўляем пра людзей, Ксенія не можа адразу вызначыцца, хто ж уразіў больш за ўсё: «Шмат цікавых людзей, ты з імі размаўляеш і думаеш – уваў! Крута! Хостэл для мяне як пасіўная вандроўка: незвычайныя людзі увесь час прыязджаюць да цябе і прывозяць цікавыя гісторыі».

Гаспадарам запомнілася кампанія, якая прывезла з сабою трох лабрадораў, двое з якіх былі чэмпіёнамі Латвіі і Літвы, і двух кокер-спаніэляў. Не ў кожны гатэль, дарэчы, такую кампанію пагадзіліся б пасяліць.

Гаспадары Арт-хостэлу Traveler

Прыязджала каманда танцораў, сярод якой была жанчына, якая выпадкова даведалася, што яе сын працуе ў ФСБ і дзялілася сваім такім адкрыццём і досведам быць маці фсбэшніка.

« Я і не ведала , што ёсць такі від спорту як хакей на траве ў залі , а тут раз — і да нас прыехала каманда з Літвы на спадобрніцтвы», — дадае Ксенія спіс рэчаў, пра якія можна нечакана даведацца , калі ты валодаеш хостэлам . А зусім нядаўна здзівілі сербы, якія прыязджалі заўзець на футбольным матчы у Віцебску.

Яшчэ адна катэгорыя наведнікаў — байкеры з Масквы:

«У аднаго быў байк за 30 штук («Эўра!» - шэптам дадае намеснік дырэктара Яўген Карней) – вялізная чырвоная машына. І мне нават давялося на ім пакатацца! Праўда, злёт у Лагойску, на які ён прыязджаў, яму не спадабаўся».

Мескіканец Франсіска жыў дастаткова доўга, граў па вечарох на гітары, вучыў танчыць, а прыязджаў, бо сустракаецца з беларускай.

Яўген Карней, які далучыўся да размовы напрыканцы, падвынікаваў: «Мне падаецца, што людзі, якія едуць у хостэл, яны ведаюць, што гэта такое і паводзяць сябе адпаведна».

А ў карэспандэнта «Заўтра тваёй краіны» складася ўражанне, што мінскія хостэлы трымаюць выключна добрыя людзі.

Последнее в рубрике