Індэкс аўтазака. Калі беларус мог сплаціць найбольш штрафаў за мітынгі?

Індэкс аўтазака. Калі беларус мог сплаціць найбольш штрафаў за мітынгі?

Беларускія апазыцыянэры нярэдка заяўляюць, што суды за мітынгі ідуць як «канвэер»: прысуды нібыта гатовыя яшчэ да разгляду справы. Частае пакараньне паводле артыкулу 23.34 КаАП РБ для тых, каго назвалі арганізатарам, — штраф 50 базавых велічыняў.

Але жорсткасьць гэтага пакараньня мянялася залежна ад эканамічнай сытуацыі: улады пераглядалі базавую велічыню, а гэтая велічыня мела розную «вагу» адносна заробкаў у краіне.

1

Так, за першыя 11 месяцаў 2019 году (зьвестак за сьнежань яшчэ няма) сярэдні налічаны заробак у Беларусі склаў 1077,5 рубля, а базавая велічыня пры гэтым складала 25,5 рубля. Гэта значыць, што сярэдні заробак склалаў 85% «стандартнага» штрафу арганізатару мітынгу, а за год на сярэдні заробак можна зладзіць толькі 10 мітынгаў, калі ні на што больш не выдаткоўваць грошы.

Самы «заможны» год для арганізатараў мітынгаў за апошні час — 2011-ы, калі сярэдні налічаны заробак за год складаў 109% «стандартнага» штрафу, а за цэлы год на сярэдні заробак можна было зладзіць 13 мітынгаў. А за два гады да таго, у 2009-м, заробак складаў 56% ад штрафу — менш за 7 мітынгаў на год.

Зь цягам часу ў Беларусі сталі прысуджаць менш арыштаў і больш штрафаў — а некаторым выпісвалі больш за 10 штрафаў цягам году. Але і арышт не бясплатны для «парушальніка»: кожны дзень аплочваецца так, што выгадней было б жыць у гостэле і харчавацца фастфудам.

Зрэшты, каб быць аштрафаваным або арыштаваным за «парушэньне парадку арганізацыі масавага мерапрыемства», неканечне ладзіць мітынг. Напрыклад, у 2017 годзе арганізатаркай «Маршу недармаедаў» назвалі журналістку Свабоды, якая выконвала рэдакцыйнае заданьне, асьвятляючы пратэсты.

Звычайна ў Беларусі трэба загадзя атрымліваць дазвол уладаў на акцыі пратэсту. Выключэньне — некалькі месцаў далёка ад цэнтраў гарадоў, у якіх акцыі можна ладзіць паводле «паведамляльнага» прынцыпу (і гэта не бясплатна). Але і ў такіх месцах могуць адмовіцца дапускаць акцыю, спаслаўшыся на рамонт або імпрэзы «канкурэнтаў».

Последнее в рубрике