Настаўнікі патрабуюць адмяніць сфальсіфікаваныя вынікі галасавання і спыніць гвалт
13.08.2020
Фота: Дзмітрый Брушко, TUT.BY

Настаўнікі патрабуюць адмяніць сфальсіфікаваныя вынікі галасавання і спыніць гвалт

Беларускія настаўнікі звярнуліся да ўлады, міліцыі і АМАПу. Адкрыты зварот падпісалі ўжо 450 чалавек, і подпісы працягваюць паступаць.

«Мы, беларускія настаўнікі дзяржаўных і прыватных устаноў адукацыі, рашуча патрабуем ад уладаў спыніць злачынны гвалт супраць беларускага народа, які выказвае сваю нязгоду з фальсіфікацыяй выбараў і татальнымі рэпрэсіямі, — адзначаецца ў звароце. — Ратуючы прафесійную годнасць настаўніцкай супольнасці, паасобныя члены якой аказаліся ўблытанымі ў працэс маштабных фальсіфікацый падчас выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, мы заяўляем: беларускае настаўніцтва асуджае шматлікія парушэнні выбарчага заканадаўства, на якія ішлі члены выбарчых камісій і якія зафіксаваныя назіральнікамі. Мы патрабуем адмены сфальсіфікаваных вынікаў галасавання, агалошаных ЦВК, і прыняцця мер, якія забяспечаць выбарцам права на поўную і праўдзівую інфармацыю пра сапраўдны выбар беларускага народа.

Мы заклікаем уладу спыніць гвалт адносна грамадзян нашай краіны, якія выходзяць на вуліцы, рэалізуючы сваё канстытуцыйнае права на мірны пратэст.

Мы патрабуем спыніць арышты і збіццё, выкарыстанне спецсродкаў супраць мірных людзей, неадкладна вызваліць тысячы арыштаваных.

Мы звяртаемся да арміі, міліцыі, АМАПу: спыніцеся! Вы цяпер парушаеце не толькі закон, вы парушаеце асноўныя чалавечыя правы, вы ідзяце на злачынства не толькі супраць канкрэтных людзей, а супраць чалавецтва, супраць сумлення і маралі.

Мы вучылі вас усіх: і тых, хто зараз страляе ў мірных людзей, і тых, хто стаіць пад кулямі. Мы аднолькава любілі вас, і тых, і іншых. Нам балюча бачыць, што адных мы навучылі быць смелымі, сумленнымі, адчайнымі ў барацьбе за свае правы – а другіх адправілі ў свет без належнай прышчэпкі супраць злачынных загадаў.

Мы заклікаем усіх, хто чыніць гвалт супраць уласнага народа: спыніцеся і вярніце людзям права на іх голас. Не станавіцеся на бок зла. Не прыносьце сваё сумленне, свой гонар, сваю годнасць у ахвяру злачынным загадам. Будзьце людзьмі і будзьце з людзьмі!»

 

Последнее в рубрике