«Могуць узьнікнуць праблемы з валютнымі плацяжамі». Як адаб’юцца санкцыі на банках
29.06.2021
Фото: bel.biz

«Могуць узьнікнуць праблемы з валютнымі плацяжамі». Як адаб’юцца санкцыі на банках

Эўразьвяз увёў санкцыі супраць трох беларускіх банкаў. Глядзім, чым гэта пагражае банкаўскай сфэры.

У сьпіс сэктаральных санкцый ЭЗ, сярод іншага, трапілі тры беларускія банкі: «Беларусбанк», «Белінвэстбанк», «Белаграпрамбанк». Для гэтых банкаў абмяжоўваецца праца зь іх «дочкамі», забараняецца выдаваць ім крэдыты ці набываць іх каштоўныя паперы на тэрмін больш як 90 дзён.

— Асноўнае абмежаваньне — гэта крэдытаваньне і набыцьцё аблігацый гэтых банкаў. Іншых абмежаваньняў — на забарону плацяжоў, на забарону карэспандэнцкіх адносінаў — няма. Тым больш няма гаворкі аб адключэньні ад SWIFT, — адзначыў у каментары Радыё Свабода фінансавы аналітык афіцыйнага партнэра офісу «Альпары» ў Менску Вадзім Іосуб.

Таксама Эўрапейскі інвэстыцыйны банк ня можа крэдытаваць дзяржаўныя праекты ў Беларусі. Тое самае тычыцца і краін-сябраў ЭЗ, якія мусяць прыняць абмежаваньні для ўдзелу Беларусі ў праграмах іх банкаў.

Ва ўсім сьвеце цяпер пры адпраўцы плацяжоў правяраецца іх законнасьць. Пры наяўнасьці санкцый замежныя банкі могуць перастрахавацца.

— Напрыклад, банкі могуць не прапускаць плацяжы ў нейкіх выпадках, якія і не прадугледжаныя санкцыямі. Могуць узьнікнуць праблемы пры правядзеньні валютных плацяжоў у кліентаў гэтых банкаў. Гэта не прадугледжана санкцыямі, але гэта можа адбыцца празь перастрахоўку банкаў-карэспандэнтаў. Яны могуць проста не разабрацца, сустрэць назву банка ў сьпісе і спыніць плацёж, запатрабаваць дадатковыя дакумэнты, — прыводзіць прыклад Вадзім Іосуб.

Такі разбор можа цягнуцца да паўгода.

Некаторыя замежныя банкі могуць убачыць рызыкі ў пазначэньні плацяжу «Беларусь» і могуць пачаць патрабаваць дадатковыя дакумэнты, нават калі банк-атрымальнік не адносіцца да ліку тых трох, што трапілі пад абмежаваньні.

— Гэта можа сапсаваць жыцьцё пры любых апэрацыях дзяржаўных банкаў і можа нават закрануць іншыя беларускія банкі, — кажа Вадзім Іосуб.

Пры гэтым ён адзначае, што са жніўня мінулага году ЭЗ і так ня надта крэдытаваў беларускія банкі.

Последнее в рубрике