«Менавіта сёньня байкот можа быць, як ні дзіўна, самай кансалідуючай стратэгіяй»
07.05.2020

«Менавіта сёньня байкот можа быць, як ні дзіўна, самай кансалідуючай стратэгіяй»

Чаго варта чакаць ад сёлетніх прэзыдэнцкіх выбараў?

Гэтае пытанне абмеркавалі ў «Праскім акцэнце» заснавальнік Цэнтру новых ідэяў, аналітык брытанскага Chatham House Рыгор Астапеня і палітычны аналітык Арцём Шрайбман.

Да выбарчага дэдлайну засталося менш за 4 месяцы. Лукашэнка заявіў, што выбары абавязкова пройдуць, ніхто іх пераносіць не зьбіраецца.

Апытаньні SАТІО і Вардамацкага тым часам канстатуюць глыбокую занепакоенасьць беларусаў наконт іх цяперашняга становішча — з прычыны як эпідэміі, так і стану эканомікі. Як гэта можа адбіцца на выбарчай кампаніі?

«Калі сытуацыя будзе сапраўды гуманітарнай катастрофай, то Лукашэнка проста ўвядзе надзвычайнае становішча»

Шмат што будзе залежаць ад таго, як будзе працякаць пандэмія ў Беларусі, лічыць Арцём Шрайбман.

—Калі яна пойдзе па аптымістычным сцэнары, калі мы перажываем цяпер пік і далей пандэмія пойдзе на спад, то ў жніўні можна будзе праводзіць традыцыйную кампанію з хаджэньнем па кватэрах, зборам подпісаў, галасаваньнем на ўчастках, — гаворыць аналітык. — У аптымістычным сцэнары нават людзі з уладнага апарату і яго базавага электарату, якія цяпер адвярнуліся ад яго, падумаюць — у прынцыпе справіліся, перажылі. Так, ён лішняга нагаварыў, ён ужо ня той, але сытуацыя складаная, эканоміка абрынаецца, а паколькі мы за стабільнасьць, то на пераправе коней не мяняюць. Гэта не стварае нейкіх перавагаў для апазыцыі, для альтэрнатывы. Бо ў апазыцыі мы бачым традыцыйныя звады. Праект праймэрыз, які напачатку здавалася нечым, што выбіваецца са шматгадовага шэрагу ганьбы, вярнуўся ў звыклую каляіну ганьбы.

У выбарчым працэсе Арцём Шрайбман ня бачыць ніякіх відавочных мінаў для ўлады.

—Іншая справа, што калі эпідэмія будзе разьвівацца па горшым сцэнары, калі абрынецца сыстэма аховы здароўя, то мяркую, што ўладзе будзе складана мабілізаваць сваю вэртыкаль на паслухмянае выкананьне камандаў, —зазначае аналітык. — Калі ў людзей, якія сядзяць у выбарчых камісіях, будуць родныя, якія памерлі, будуць сваякі, якіх не прынялі ў шпіталі, бо месцаў не было, — пры такім апакаліптычным, «італьянскім» сцэнары я магу ўявіць сабе, што мэханізм выбараў дае збой на розных узроўнях. Але чым далей, тым менш імаверным мне здаецца, што мы ідзём да такога сцэнару.

Але калі сытуацыя будзе сапраўды гуманітарнай катастрофай, то Лукашэнка проста ўвядзе надзвычайнае становішча, маўляў, сытуацыя выйшла з-пад кантролю. А надзвычайная сытуацыя прадугледжвае скасаваньне выбараў.

В Польше сообщили об отмене президентских выборов 10 мая

«Калі б я цяпер удзельнічаў у гэтай кампаніі, я б хутчэй пайшоў на байкот»

— Сёньня байкот меў бы пэўныя шанцы на посьпех, — лічыць Антон Раднянкоў, падкрэсліваючы, што ўсё жыццё быў праціўнікам байкоту. — Сёньня існуе недавер да сыстэмы. І гэта выразная расколіна, якая ёсьць і ў грамадзтве, і ўнутры ўладнай сыстэмы. У нейкім сэнсе ў людзей адбываецца разьвітаньне з Аляксандрам Лукашэнкам.

Разуменьне гэтага будзе вастрэйшае, калі сытуацыя з пандэміяй пойдзе па апакаліптычным сцэнары. Але мяркую, што яно будзе, хоць і больш павольнае, і ў выпадку аптымістычнага сцэнару. І самае важнае — што цяпер Аляксандар Лукашэнка мае найгоршую магчымасьць выйграць выбары за ўсе апошнія гады. Электаральна ён цяпер самы слабы за ўсю гісторыю яго кіраваньня. Зразумела, што каб перамагчы яго праз 4 месяцы, патрэбны неверагодны кактэйль з мужнасьці і ўдачы. Адзінае, што апазыцыя можа зрабіць, — гэта давесьці да грамадзтва і часткі ўлады думку, што з Лукашэнкам прыйшоў час разьвітвацца.

Але тут шмат залежыць ад выканаўцаў. Калі мы бачым тое, што адбываецца ў апазыцыі — так не выглядаюць людзі, якія робяцца прэзыдэнтамі.

«Гэта сапраўды сурʼёзны выклік для ўлады, для яе легітымнасьці»

Арцём Шрайбман згодны з думкай, што рэйтынг Лукашэнкі цяпер мінімальны, і то з прычыны як стану эканомікі, гэтак і ягонага стаўленьня да людзей. І згодны з тым, што менавіта сёньня байкот можа быць, як тое ні дзіўна, самай кансалідуючай стратэгіяй.

—Ён можа быць для апазыцыі і ўратавальнай стратэгіяй — каб не дэманстраваць сваю відавочную слабасьць — рэсурсавую, фінансавую, кадравую, — падкрэслівае эксперт. — Калі раней байкот быў доляй маргіналаў нават унутры апазыцыі, сёньня такое адчуваньне, што да кампаніі дойдзе толькі «Гавары праўду» з усёй апазыцыйнай «тусоўкі». Так, у байкоту ёсьць патэнцыял, асабліва сярод апазыцыйнага электарату. Але далей у мяне пытаньне — як канвэртаваць гэта ў палітычныя зьмены?

Так што я ня ўпэўнены, што Лукашэнка да канца сваёй палітычнай карʼеры здолее перажыць той рэйтынгавы ўдар, які ён перажывае цяпер. Але гэта аўтаматычна не вядзе да палітычных пераменаў. Больш за тое — гэта можа прывесьці да бруталізацыі рэжыму. Стане зразумела, што абапірацца на шчырую падтрымку ён больш ня можа. А будзе вымушаны спадзявацца ў пэўным сэнсе на штых.

Я прадбачу ў Беларусі гады сацыяльнай дэпрэсіі. Ня тое што раней мы былі ў эўфарыі, але мне здаецца, што ўсё будзе больш змрочна пры любым сцэнары разьвіцьця пандэміі.

Возможны ли полноценные выборы в условиях пандемии?

Последнее в рубрике