Мельянцоў: Перад пагрозай голаду беларус пойдзе не на плошчу, а пасадзіць утрая больш бульбы
13.04.2020
Юры Дракахруст, Радыё Свабода

Мельянцоў: Перад пагрозай голаду беларус пойдзе не на плошчу, а пасадзіць утрая больш бульбы

Палітоляг, каардынатар праграмы «Зьнешняя палітыка Беларусі» Рады па міжнародных адносінах «Менскі дыялёг» Дзяніс Мельянцоў — пра тое, як яна ўжо зьмяніла і яшчэ зьменіць Беларусь, сьвет і чалавека.

Узрасьце расчараваньне інтэграцыяй і глябалізацыяй

— Беларусь — адна зь нешматлікіх краінаў у сьвеце, якая не прыняла жорсткіх мераў супраць пандэміі: не зачыніла межы, не закрыла школы і ВНУ, кіраўнік дзяржавы кажа, што пандэмія — гэта «псыхоз», маўляў, на трактары ніякі каранавірус ня страшны, краіна адзіная ў Эўропе правяла футбольны чэмпіянат. Падобнай жа рыторыкай карыстаецца і прэзыдэнт Бразыліі Жаір Балсанару. З кіраўнікоў іншых больш менш вядомых краінаў — здаецца, ніхто. Як вы ацэньваеце імавернасьць таго, што Лукашэнка ўсё ж мае рацыю ў сваёй амаль ні на каго не падобнай палітыцы адносна пандэміі?

— Варта дадаць, што і такая краіна Эўразьвязу, як Швэцыя, таксама трымаецца падобнай стратэгіі — адсутнасьць жорсткіх абмежаваньняў для грамадзян і рэкамэндацыйны характар сацыяльнага дыстанцыянаваньня. То бок гэта не нейкая ўнікальная рыса асобных аўтарытарных кіраўнікоў. Абстрагуючыся ад часам эпатажнай рыторыкі беларускага прэзыдэнта, рацыя ў яго паводзінах адносна эпідэміі прысутнічае.

Беларуская эканоміка — адкрытага тыпу, наш прыбытак складаецца шмат у чым з экспарту таго, што мы вырабляем. І карантынныя меры на буйных прадпрыемствах проста прывядуць да каляпсу эканомікі. Перазапусьціць гэтыя прадпрыемствы будзе каштаваць надта дорага, калі ў прынцыпе магчыма. І ў той час, калі заможныя краіны могуць сабе дазволіць уводзіць якія заўгодна меры барацьбы з каранавірусам, Беларусь вымушаная спадзявацца выключна на сваю сыстэму мэдыцыны (далёка не такую кепскую, як многія думаюць) і дысцыплінаванасьць грамадзян. Адсюль і тыя абмежаваныя меры (а яны ўсё ж ёсьць) супрацьдзеяньня эпідэміі, якія мы зараз назіраем.

— Цяперашняя пандэмія на думку некаторых спараджае суровую дылему паміж выжываньнем людзей, уратаваньнем іх ад хваробы, і выжываньнем эканомікі, якая таксама ёсьць умова выжываньня людзей. Пра гэта гаворыць, прынамсі, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Ды і палітыкі — прыхільнікі карантыну і локдаўну — таксама гавораць. Ці ёсьць рашэньне гэтай праблемы ў агульным выглядзе, ад чаго залежыць яе рашэньне ў той ці іншай краіне?

— Гэта канечне ілжывая дылема — выратаваньне людзей або выратаваньне эканомікі. Абсалютна ня факт, што жорсткі карантын не прывядзе да мноства пабочных ахвяр (праз адсутнасьць неабходнай і своечасовай мэдычнай дапамогі, рост хатняга гвалту, забурэньні з-за недахопу прадуктаў харчаваньня і г.д.). Пра гэта ўжо многа пісалі і гаварылі. Зь іншага боку, у Беларусі, як і ў Швэцыі, людзей ратуюць і без карантыну. У існуючай праблемы ёсьць цэлы спэктар магчымых рашэньняў: пачынаючы ад мяккіх (частковыя абмежаваньні, дадатковыя рэсурсы для мэдычных устаноў і г.д.), і заканчваючы татальным карантынам і прыпыненьнем усёй сацыяльна-эканамічнай і палітычнай дзейнасьці. Ёсьць меры танныя, а ёсьць зусім нятанныя. Дык вось нятанныя меры мы проста не можам сабе дазволіць.

— Ці не мяняе разуменьне гуманнасьці гэтая дылема? Ці не мяняе разуменьне гуманнасьці пікавыя перагрузкі шпіталёў хворымі, недахоп неабходнага мэдычнага абсталяваньня — калі даводзіцца рабіць выбар — каго лячыць?

— Гуманнасьць — яна звычайна для мірнага сытага часу. У складаныя часы дамінуе лёгіка выжываньня. Нечым абавязкова трэба ахвяраваць, каб не страціць нешта больш значнае і каштоўнае. І выйграе ўрэшце не больш гуманны, а больш рацыянальны — той, хто выйдзе з пандэміі з меншымі стратамі ва ўсіх сэнсах. У гэтым сэнсе кіраўніцтву дзяржаў зараз не пазайздросьціш. Яны вымушаныя прымаць цяжкія рацыянальныя рашэньні, нават калі іх за тое вельмі моцна крытыкуюць.

— На ваш погляд, ці магчымыя ў Беларусі кардынальныя палітычныя зьмены, калі, насуперак перакананьні прэзыдэнта Лукашэнкі, эпідэмія ў краіне набудзе значныя маштабы?

— Не ўпэўнены, што Лукашэнка перакананы ў адсутнасьці эпідэміі ці ў тым, што яна моцна не закране Беларусь. Разьлік на іншае — зьнізіць градус напалу і панікі ў грамадзтве. І другое — як мага расьцягнуць колькасьць захварэўшых у часе, каб мэдыцына магла даць рады эпідэміі.

Безумоўна прэзыдэнт вядзе вельмі небясьпечную гульню. Фактычна, у адрозьненьні ад таго ж Пуціна, ён бярэ на сябе ўсю адказнасьць за рашэньні ў сёньняшняй сытуацыі. І ў выпадку, калі эпідэмія набудзе катастрафічныя маштабы, менавіта прэзыдэнт у вачах беларусаў будзе несьці пэрсанальную адказнасьць за сьмерці людзей.

Іншая справа — ці адаб’ецца гэта на рэальнай палітыцы? Зусім не абавязкова. Ужо зараз зразумела, што нягледзячы на адсутнасьць карантынных мераў у самой краіне, нам не пазьбегнуць глябальнага эканамічнага крызісу, і як сьледзтва — спаду ў беларускай эканоміцы. А як паказвае нам гісторыя і нашай краіны, і прыклады палітычных трансфармацыяў у іншых частках сьвету, эканамічныя крызісы зусім не абавязкова прыводзяць да зьменаў у палітычнай сыстэме. У выпадку эканамічных праблем людзі часьцей засяроджваюцца на пошуку індывідуальных стратэгіяў выжываньня, чым на палітычных пратэстах. Груба кажучы, калі рэальна паўстане праблема голаду, сярэдні беларус пойдзе не на плошчу, а ў поле — і пасадзіць у тры разы больш бульбы, чым звычайна.

— Ужо зараз эканамічныя экспэрты фіксуюць падзеньне ўсясьветнай эканомікі, і прагназуецца далейшае падзеньне — спрэчкі толькі пра тое, наколькі глыбокім ён будзе. Хто з гэтага віру выйдзе пераможцам ці хаця б хто прайграе менш за іншых — ЗША, Кітай, ЭЗ, Расея?

— Мы пакуль ня бачым дакладнай пэрспэктывы сканчэньня эпідэміі, таму рабіць нейкія прагнозы проста бессэнсоўна. Адзінае, што пакуль відавочна, гэта тое, што Кітай ужо справіўся з асноўнай хваляй захворваньня і паступова выходзіць на штатнае функцыянаваньне. І танная нафта вельмі спрыяе гэтаму працэсу.

— І ці чакаеце вы ў выніку крызісу вялікай, усясьветнай вайны?

— З чаго б гэта? І Захад, і Расея, і Кітай выйдуць з эпідэміі настолькі аслабленымі, што ім будзе не да вайны. Калі новая ўсясьветная вайна некалі і адбудзецца, то яна наўрад ці стане наступствам менавіта гэтага крызісу.

— Як пандэмія ўжо мяняе і яшчэ памяняе сьвет у сэнсе інтэлектуальнай моды? Якія ідэалёгіі, вераваньні набудуць большую папулярнасьць, як сьвет сам сабе будзе тлумачыць, што зь ім адбываецца?

— Гэтая эпідэмія паскарае тыя працэсы, якія і так ужо ішлі. Напрыклад большая дыгіталізацыя — дыстанцыйныя сродкі і плятформы для камунікацыі, бескантактныя спосабы кіраваньня, большы кантроль за грамадзянамі і таму падобнае. Узрасьце расчараваньне інтэграцыяй і глябалізацыяй. Эпідэмія з усёй выразнасьцю паказала актуальнасьць тэорыі палітычнага рэалізму ў міжнародных адносінах — як у выпадку Эўразьвязу, гэтак і ў іншых частках сьвету, мы назіралі, як дзяржавы вяртаюць сабе сувэрэнітэт і ў крытычных сытуацыях аддаюць перавагу аднаасобным дзеяньням, а не кіруюцца блёкавай салідарнасьцю і кансэнсусам. Натуральна, не варта чакаць распаду існуючых саюзаў і поўнага згортваньня глябалізацыі. Але энтузіязму відавочна паменее. Як і прыўкраснадушнага ідэалізму.

— Пандэмія спараджае ў сьвеце і прыклады салідарнасьці, узаемадапамогі, ахвярнасьці і прыклады эгаізму, прама лягерным законе — памры ты сёньня, а я — заўтра. А чаго больш? І чаго будзе больш далей?

— Як я ўжо адзначаў, першая рэакцыя нацыянальных урадаў была закрыцца і максымальна выкарыстаць існуючыя магчымасьці на сваю карысьць. Гэта нармальная здаровая рэакцыя на небясьпеку — рост падазронасьці да любых «чужакоў» і адначасова падвышэньне ўнутрыгрупавой салідарнасьці. Таму тут ахвярнасьць і эгаізм — гэта не супрацьлеглыя рэчы, яны проста разьмеркаваныя па-рознаму. Ці будуць гэтыя фактары нарастаць, або ісьці на спад, адпаведна, залежыць ад таго, наколькі зацягнецца гэтая эпідэмічная сытуацыя, наколькі балючыя будуць яе наступствы, наколькі функцыянальнымі будуць каналы камунікацыі паміж грамадзтвамі і ўнутры краінаў паміж рознымі сацыяльнымі і палітычнымі групамі.

Бабарико: Может, выходом из этой пандемии станет всплеск рождаемости?

Последнее в рубрике