Марціновіч: Чаго не разумеюць кандыдаты і выбаршчыкі
29.07.2020
Budzma.by, фота: Еўрарадыё

Марціновіч: Чаго не разумеюць кандыдаты і выбаршчыкі

Віктар Марціновіч — пра тое, чаму гарадская культура ў нашай краіне рана ці позна пераможа.

Усім, хто ўдзельнічае ў падзеях халоднага лета 2020-га ў Беларусі, усім, хто выходзіць на пікеты, стаіць у «счэпках», хто «вінціць» і каго «вінцяць», бракуе адчування нябачных воку перадумоваў, якія праграмуюць успрыняцце падзей і самі падзеі.

Бо вельмі павярхоўна было б думаць, што народ узняўся, бо «стаміўся» (быццам той стомы не назапасілася да 2015-га года), ці што «ўмяшалася Масква», што, як і з ЕС, не зразумее і драбіны з апісанага ніжэй.

Калі вы хочаце спрычыніцца да сістэмы, што была выбудаваная і ўстойліва трывала апошнія 26 гадоў, пажывіце хаця б тыдзень у «глыбіннай Беларусі» — чароўным і змрочным краі, што месціцца на стыку Магілёўшчыны і Гомельшчыны.

Усе нашыя коснаязыкія міністры, усе «палацы», у тым ліку лядовыя — яны выраслі адсюль, з пылу раздзяўбаных палявых дарог. Людзі, што жывуць тут, могуць падацца злыднямі, бо не прызвычаіліся паказваць сваю дабрыню камусьці за межамі ўласнай сям’і.

Яны ўвесь час цяжка, ад світанку да прыцемкаў, працуюць у полі. Яны моцна п’юць, што там — нідзе ў свеце мужыкі не п’юць так страшна, як тут. Гэтыя людзі яшчэ не скончылі змаганне з прыродай, якое ў Еўропе скончылася 150 гадоў таму: іх драўляныя хаты парахнеюць, іх платы трухлеюць і валяцца кожныя два гады. Заімшэлы шыфер з іх дахаў увесь час зносіць вецер, а падчас залеваў ці ўраганаў цэлыя вёскі тыднямі могуць заставацца без святла.

Тут абсалютна нармальна ўспрымаецца сітуацыя, калі найбліжэйшая царква знаходзіцца за 30 кіламетраў, найбліжэйшая крама — за 20, праз лес. Яны жывуць натуральнай гаспадаркай, ядуць толькі той хлеб, які пякуць самі (калі наогул пякуць, іначай хлеб замяняюць блінкі ці зацірка).

Тут няма звычайнай для нас маралі, бо мараль спачатку вызначалася царквой ці касцёлам, потым, калі з цэркваў «камуністыя» ссеклі цыбуліны, — кодэксам будаўніка камунізму і кулакамі «прэдседацеля». Цяпер тут няма ні саўгасаў, ні камуністаў, толькі цёмная, душная праца. Толькі карова ў хляве і буракі на гародчыку.

Гэтыя людзі зусім іншыя.

Напрыклад, яны ставяцца да хатніх жывёлаў не так, як мы, гарадскія. Сабака тут патрэбны, каб брахаць на тых, хто намагаецца скрасці сякеру, кот — каб лавіць мышэй. Калі са страшэннай галадухі кот пачынае душыць курэй, дарослыя аддаюць загад вясковым хлапчукам забіць такога ката камянюкамі, і гэта нармальна.

 

Тут няма спагады ці знаёмай нам «любові»: мужык тут патрэбны, каб рабіць жылавываротную працу (як казала мая бабуля, навошта ў горадзе мужык?), баба — каб дбаць пра гаспадарку, і яе праца цяжэйшая за мужчынскую, бо ў мужыкоў хаця б стае часу і сілаў прыкладацца да «горкай», у жанчыны з «разлячэнняў» — толькі кросны і тканнё ваўняных шкарпэтак.

Яны не ведаюць, што такое мода, бо дзесяцігоддзямі носяць адно і тое ж. Яны яшчэ не цалкам засвоілі «тэлевізыр», бо праграм тут дзве і, чым глядзець на шоу Малахава, тутэйшыя хутчэй пачэшуць языкамі пра тое, што Піліп круціць з Гануляй, а Пеўніха таго і не ведае.

Калі я бачу пэўныя развароты гэтай выбарчай кампаніі — самыя брудныя развароты — напрыклад, тое відэа з Цапкалам і жанчынамі, я разумею, што «сельскія» спрабуюць уразіць «гарадскіх» тым, пра што гарадскія дакладна балбатаць не будуць. У горадзе свае ўражанні пра заганы, пра раскошу і стыль.

Мара любога жыхара гэтай цёмнай (але, паверце мне, прыгожай!) Беларусі — выбрацца з вёскі і пабудаваць сабе велізарны каменны дом. А лепей палац. Раскошны. З золатам і крышталём. А яшчэ лепей — шмат палацаў, усюды.

Яны не будуць набываць у той палац Шагала, бо не бачаць сэнсу.

Сістэма разумее важнасць таго, каб менавіта гэты глухі край працягваў заставацца той сапраўднай «глыбіннай Беларуссю», якая вызначае прыняцце рашэнняў. Бо жыхару Глускага раёна можна патлумачыць, хто такі «дармаед», а для жыхара горада «дармаед» — гэта беспрацоўны, якому дзяржава мусіць знайсці работу, а пакуль той работы няма — даць дапамогу, каб ён не спруцянеў з галадухі.

Каб захаваць сакральны палітычны цэнтр там, у гэтых вёсках, улада апошнія 26 гадоў «адраджала сяло», «газіфікавала Палессе» і прызначала ў кабінеты выключна тых, хто можа трымаць справаздачу пра надоі, але звар’яцее, спрабуючы зразумець, што такое «інтэрнэт-трафік» («трафікі», ага).

Але паступова і непазбежна Беларусь усе гэтыя гады рабілася гарадской. Чалавек з вёскі Малмыгі (якой ужо даўно няма) хутчэй збяжыць у Вілейку і будзе працаваць там хаця б прыбіральшчыкам у гіпермаркеце, чым застанецца сярод аеру і спарахнелых лаваў з прыклеенымі да іх бабулямі.

Цяпер там, у гэтым чароўным месцы, якое 26 гадоў было сакральным цэнтрам Беларусі, поўны атас.

Дарогі рассыпаліся, яны пакрытыя непраходнымі ямінамі. Крамы — нават тыя нешматлікія, да якіх даводзілася клыпаць 20 кэмэ — закрыліся. І цяпер да вяскоўцаў два разы на тыдзень прыязджае аўталаўка.

Усе тыя Шыталі, Манькавы Пеці і Пеўніхі ці то памерлі, ці то выбраліся ў Мінск, дзе жывуць на Каменнай Горцы ці чакаюць, калі здасца чарговая будоўля сербаў.

Яны зрабіліся гараджанамі.

Больш за тое — у тых з іх, хто з’ехаў яшчэ ў 1990-я, выгадаваліся дзеткі-гараджане.

Якім новая мадэльная лінейка BMW і раф з соевым малаком цікавейшыя за ўзровень надояў калгаса «Радзіма».

Дагэтуль любы выступ на вуліцах адбываўся па прынцыпе «пагналі нашы гарадскіх». Румяныя хлопцы з дручкамі, усё яшчэ не знаёмыя з тым, што такое YouTube, навальвалі франтам у кароткіх штоніках. І франты разумелі, што яны меншасць, што «цэнтар» і «сэрца» — там, на глыбіні.

Цяпер горад пачынае заяўляць пра сябе.

Бо горад жа ўзнік у выніку самаарганізацыі, замены шоблы талакой.

У горада свае законы.

І як ты ні імкніся пад іх падстройвацца, як ні набывай «маднявага сабачку» замест надзейнага добрага Рэкса, які здольны адкусіць нагу за скрадзеную сякеру, ты будзеш другасным.

Горад любіць нуар, стылёвых падонкаў у белых кашулях, з вузкімі гальштукамі і металам у позірку.

Напружанне, якое трымціць цяпер у паветры, прадвызначаецца не палітыкай. І нават не «класавай барацьбой». Гэтае напружанне — змаганне вёскі/хутара і мікрараёна.

Гораду — горадава.

Калі скончыцца ўсё як заўсёды, калі «гарадскія» зноўку атрымаюць па шчах, самых актыўных перасаджаюць, а астатнія з’едуць, мы зноўку акажамся ў той самай заімшэлай хаце, з ровам каровы і бабулінымі начоўкамі пад ганкам: голаў гудзе з пахмяла, а трэба ісці збіраць камяні на полі.

І калі спрабаваць адшукаць у тым нешта добрае, дык урбанізацыя, ведаеце, — яна бы запрэжаны конь. Стаўшы на разору, назад ён не пойдзе, яго можна весці толькі наперад.

Горад рана ці позна возьме сваё.

Адзначу, што пішу гэта без усякай з’едлівасці, бо, імкнучыся да свабоды і марачы пра павагу да правоў, люблю і беларускую вёску.

Яе мы страцілі назаўсёды.

Последнее в рубрике